Выбрать главу

Некалі Іван Васільевіч абурыўся, калі сын сказаў вось так — «продкі». А яна, Лада, праз тыдзень можа, паўтарыла, безумоўна, знарок гэтае слова, і з яе вуснаў яно прагучала, як жарт.

Успомніў гэта і яшчэ вастрэй адчуў смутак па сыне. Лада ўдачніца. Ёй усё ўдаецца. Не, няпраўда. Пры чым тут удача ці няўдача! Лада — талент, памножаны на недзявочую працавітасць. За гэта ён любіць дачку і ўсё даруе, нават «продкаў» і ўсё іншае.

— Пазнаць тайны біятокаў — да гэтага мы яшчэ павінны дайсці. Але я баюся, што людзі не вельмі ўзрадуюцца, калі нехта навучыцца лавіць кожны іхні імпульс. Табе, бацька, было б прыемна, каб нехта недзе сядзеў і чытаў твае думкі? Усё, пра што ты сёння думаў, што ўспамінаў, аб чым марыў.

Іван Васільевіч на міг сумеўся, успомніўшы, пра што думаў, што ўспамінаў, пакуль гуляў па гарадскіх вуліцах, памаладзелых ад снегу. Лада нібы здагадвалася пра яго ўспаміны. Уявіў, як бы ўсё, напэўна, ускладнілася, каб сапраўды нехта ўмеў настроіцца, напрыклад, на яго «хвалю», запеленгаваць у любым месцы — у лесе, у ложку, у самалёце і «весці»— дзень, два, тыдзень, запісваць усё, што прыходзіць яму ў галаву. А можа, наадварот, усё спрасцілася б? Людзі лепш разумелі б адзін аднаго, уведаўшы і зразумеўшы, больш верылі б, менш падазравалі б у тайных намерах.

Выказаў дачцэ гэтае, апошняе, меркаванне.

Яна на міг задумалася. Але тут жа скрывілася.

— Ты — ідэаліст, тата. Табе хочацца ўсе адкрыцці навукі павярнуць на ўдасканальванне чалавека…

— І грамадства.

— …Тым больш гэта ідэалістычна. Попел Хірасімы не зблізіў людзей, а раздзяліў іх яшчэ больш на варожыя лагеры. Вось табе вялікае адкрыццё!

— Няпраўда, Лада! — энергічна запярэчыла маці.— Попел Хірасімы зблізіў людзей. Усіх добрых людзей.

— Чуеш голас маці! — падтрымаў Іван Васільевіч.

— Я недзе чытала, што ў маці — голас сэрца, а не розуму. Баюся, што, калі ў мяне загаворыць сэрца, я плюну на расшчапленне атама і паверу ў трываласць свету. Першае слова майго дзіцяці будзе мець для мяне больш глыбокі сэнс, чым любая формула квантавай механікі. А пакуль што наадварот: я веру толькі ў формулы. Але не веру, што ад пазнання метаду разліку складаных атамаў я стану лепшая.

— Усё гэта, дачка, словы з модных кніжак. Поза. Мы з мамай добра ведаем, што ты не такая. І мне хочацца, каб ты гэтак жа сур’ёзна, як законы фізікі, вывучала і другія законы — жыцця, барацьбы… Попел Хірасімы раздзяліў не людзей — ён яшчэ больш раздзяліў класы, якія ніколі не маглі і не могуць прымірыцца…

— Вось бачыш — розніца толькі ў словах! А ты сам пацвярджаеш мае думкі: значыцца, усе роўна варожасць, якая заўсёды канчаецца трагедыяй. Даказаў яшчэ Шэкспір.

— Але ёсць не толькі попел Хірасімы. Ёсць Дубна, куды ты ездзіла. І ёсць Брацкая ГЭС. І Асуанская плаціна… Гэта яднае людзей. Людзі ўсё больш разумеюць, што будучыня чалавецтва ў гэтым — у Дубне, у Асуане.

— Чалавецтва, яно, тата, што атам: часціцы яго — класы, нацыі, дзяржавы, партыі — нясуць зарады. А яшчэ са школы я ведала, што ўзаемадзеянне зараджанай часціцы з атамным ядром, якое прыводзіць да ператварэння гэтага ядра ў новае ядро, называецца ядзернай рэакцыяй. Выбух — новае ядро. І новыя зараджаныя часціцы. Заварожанае кола. Нішто не можа існаваць без зараду. Дзе ж перспектыва спакою?

Іван Васільевіч здзівіўся. Здаралася, што і раней яны спрачаліся, і Лада з юнацкай палымянасцю старалася збіць бацьку складанымі матэматычнымі формуламі і катэгорыямі, якіх ён не мог ведаць. Але рэдка калі з законаў фізічных яна рабіла вось такія высновы сацыяльныя.

— Дзе ты гэта вычытала?

— Тата, ты кепска думаеш пра мяне.

— Не лічы, што робіш адкрыццё. Да нас з табой, даўно ўжо, ды і ў наш час нямала ёсць такіх, што пераносяць законы фізікі, біялогіі на грамадства. Пачытай у Леніна. Вялікімі вучонымі сталі тыя, хто адкрыў законы фізікі, і тыя, хто адкрыў законы развіцця грамадства. Але не тыя, хто хацеў механічна перанесці…

Лада засмяялася.

— А ты непахісны, дарагі татуля, у сваіх пераконаннях. Часам я зайздрошчу тваёй цвёрдасці. Мне хочацца, каб і ў маёй кібернетычнай машыне быў такі ж парадак. А то ў мяне часта блытаюцца плюсы і мінусы… А ты ўяўляеш, як можа змяніцца канчатковы вынік, калі зблытаць знакі?

Маці не любіла такіх залішне вучоных разважанняў. Сказала з папрокам:

— Ты блытаеш не адны знакі. Не заблыталіся ў людзях.

Лада зразумела — засмяялася.

— Не хвалюйся, мама. У мяне матэматычны разлік.

— Я паеду сёння да Васіля. Што яму перадаць? — спытаў Іван Васільевіч ў дачкі, зразумеўшы, што спрэчка перапынена.