— Чаму так знянацку?
— Так захацелася. Гэта цяжка растлумачыць — і бацькоўскі гнеў, і бацькоўскі смутак. Некалі ты зразумееш.
— Я разумею, — Лада сур’ёзна задумалася, але тут жа засмяялася. — Перадай, што я маю яшчэ аднаго жаніха. Няхай павіншуе. — Убачыла, што бацька здзівіўся, растлумачыла: — Табе маці не расказвала? Да мяне найсур’ёзнейшым чынам заляцаецца Фелікс Будыка. Во як выраслі мае акцыі! Да кандыдатаў. Учора запрасіў у тэатр. А я спытала, якія месцы, пайшла і купіла яшчэ адзін білет, узяла месца побач — на маё шчасце, яно было… І запрасіла Жазефа, малійца. О, як яны глядзелі адзін на аднаго! Памерці можна. У негра, калі гасла святло, бялкі блішчалі. Страшна рабілася. Думаю, дасць зараз Феліксу пад дыхавіцу. Во быў бы спектакль! Чорны студэнт пабіў белага кандыдата. Сенсацыя!
Іван Васільевіч не надта весела ўсміхнуўся.
— Не жартуй з агнём, Лада.
— О! Але ж трэба ведаць, хто з іх гарыць, а хто тлее. Парай мне выйсці за Будыку. Вясёленькае жыццё я наладзіла б свякрусе!
— Мілана Феліксаўна — недурная жанчына. Яна ўмее жыць з людзьмі.
— О, тата! Ці ты гэта? Можа, праўда, ты хочаш пасватаць мяне за Будыку? Засядзелася ў дзеўках? Прызнайся, цябе хвалюе гэта? У класічных раманах — кожнага бацьку хвалявала. Графа Растова, князя Шчарбацкага…
Дачка такі развесяліла Івана Васільевіча.
— Я дрэнны бацька, відаць, бо ніколі не думаў ні пра тваё, ні пра Маіна замужжа.
— Дзякуй богу. Хоць у адным бацькоўская псіхалогія за сто год прагрэсіравала.
Звычайна Лада перапыняла размову з бацькамі нечакана — трэба вучыць. Дзесяць мінут на разрадку — і даволі, дысцыпліна ў яе жалезная. У той вечар яны гутарылі доўга, то сур’ёзна, то жартаўліва. Ніхто не перашкаджаў. Вольга Усцінаўна пабегла ў магазіны: трэба сабраць сыну гасцінец; мужаў напамінак, што тыдзень назад выслалі яму пасылку, не спыніў маці. Як можна ехаць без нічога!
Не, я ні ў чым не магу лічыць сябе вінаватым. Ні перад кім з вас. І ніхто з вас не мае права судзіць мяне! Гэта магла б зрабіць ваша маці. Перад ёй я маю віну, але — дзіўна — ніколі не адчуваў яе так, каб караць сябе. Тое, што я сказаў маладому маралісту, які хацеў спалохаць маёй тайнай, праўда: той Антанюк застаўся там, за мяжой, і ўсё засталося з ім. Не, лухта. Ніхто не хаваў аднаго Антанюка і не нараджаў другога. Якая мяжа? Калі і што дзяліла? Ніколі я не дваіўся, здаецца. Ды не, дваіўся ўсё-такі. Інакш пражыць нельга.
«Вы, бацькі, што папы… Вам страшна, каб мы не дадумаліся да адмаўлення таго, што вам здаецца святым…» Не, дачка. Мне не страшна. Тое, што для мяне святое, вы ніколі не адмовіце, бо яно было, ёсць і будзе святым для ўсіх. За гэта я не баюся. І будучыня ваша не хвалюе, бо ведаю, што жыццё ваша будзе лепшае, чым маё.
А што такое лепшае? Спакойненькае? Больш дабрабыту?
«А я не веру, што ад пазнання метаду разліку складаных атамаў стану лепшая…» Любіш ты, Лада, выпускаць калючкі. Ты пранікла ў будову матэрыі куды глыбей, чым я за ўсё сваё жыццё, за ўсё навучанне, і па логіцы ты павінна стаць лепшая. Удасканаленая мадэль. Але, на жаль, не заўсёды так бывае. Навука не адна. Навук многа. Ёсць яшчэ гіганцкі і складаны атам, які называецца чалавецтвам… Аднак я паўтараю твае словы.
Мы, бацькі, падобны на папоў не ў боязі сваёй, што дзеці дадумаюцца да адмаўлення чагосьці, а ў тым, што любім паўтараць тое, што вядома кожнаму малому, і выдаем старыя, як свет, ісціны за сваю бацькоўскую мудрасць…
Зноў супынка? Чаму на гэтым перагоне поезд спыняецца каля кожнага слупа?
А снег усё ідзе. Вунь у святле ліхтара кружаць якія матылі. Не рана? Нехта садзіцца. На такім паўстанку? Каб толькі не да мяне ў купэ. Эгаіст. Але ж поўна месц, вагон пусты. Міма. Дзякуй богу. Я павінен усё-такі разабрацца ў сваіх пачуццях. Чаму ўзнікла гэтае незразумелае адчуванне віны перад дзецьмі? Не толькі перад Васілём. Але і перад Ладай. Перад Вітай. Перад усімі дзецьмі. Якімі ўсімі? Не ўзнімайся, калі ласка да абстракцый. Ісціна заўсёды канкрэтная. Ладзе зайздросцяць. І я сам зайздрошчу такому таленту. І ганаруся. Хоць часам робіцца страшна за яе. Але сёння страху не было. Сёння грызе зусім іншае. Значыцца — Васіль. Можа ты даўно забыўся ўжо, як кінуў мне суровае абвінавачанне? А я помню, і мне баліць. Мая віна, што ты дрэнна ведаў, каму я служыў і як служыў. Я ніколі не ўмеў расказваць пра сябе, тым больш вам. Не ўмеў ці не меў часу? А можа баяўся? У самыя высокія, гераічныя моманты майго жыцця здараліся такія падзеі, сітуацыі, якія вы не здолееце правільна зразумець. І, аднак, я павінен быў расказваць больш. І не рэагаваць так хваравіта на любыя твае словы, помніць, што ў маладосці сам быў такі ж гарачы. Ды і не толькі ў маладосці. Напэўна, мне трэба было вось з такім спакоем і развагай разабрацца ў тваёй віне. Але ўсе мы з нервамі, у мяне яны добра такі падношаныя. А ты і да таго не раз біў па гэты сцёртых струнах. У малодшых класах прыносіў пяцёркі, а ў старэйшых тройкі. Званкі дырэктара, класнай, далікатныя просьбы прасачыць за сынам. Магло гэта мяне цешыць, радаваць так, як радавалі Ладзіны граматы і медалі?!