Выбрать главу

Вось у адзін з гэтых дзён ён і прыйшоў да нас. Яго прывялі ў штаб дазорныя. Стары прастуджаны чалавек, з хваравітым бляскам вачэй. Дамагаўся на ўсіх заставах і ў атрадах, каб яго даставілі да самага галоўнага партызанскага начальніка. Ён такі і спытаў, з ходу, адразу, як увайшоў у зямлянку і пасля святла з цяжкасцю разгледзеў сваімі запалёнымі вачамі мяне за сталом: «Вы галоўны?»

«Няхай буду я».

«Не, без жартаў. Хто вы? Мне трэба ведаць».

«А ці не здаецца вам, што ў такой сітуацыі мы першыя павінны спытаць — хто вы?»

Ён не адразу зразумеў.

«Мне трэба ведаць… Зразумейце. Жыццё дзяцей… Вы — бацькі… Савецкія людзі…» — стары горача выкрыкваў словы без лагічнай сувязі.

«Хто вы?»

«Я дырэктар дзіцячага дома. У Пятроўцы. Ведаеце Пятроўку?»

Яшчэ б не ведаць! У мястэчку гэтым — паліцэйскі гарнізон, на які ў нас даўно гарэлі зубы.

Чалавек адубелымі рукамі расшпільваў кажушок, каб дастаць з-за пазухі нейкія дакументы, і ніяк не мог расшпіліць. Цяпер ён зацікавіў мяне.

«Дык што вы хочаце?»

Ён памкнуўся: да стала і зашаптаў, роспачліва, надрыўна, але шэпт той быў — што крык на ўвесь свет:

«Ратуйце дзяцей! Ратуйце дзяцей! Яны забіраюць па чатыры, па пяць і не вяртаюць маіх дзяцей! Што яны робяць з імі? Таварышы дарагія! Таварыш камандзір!..»

Сухія, чырвоныя ад бяссоння вочы напоўніліся слязьмі. І такія ж слёзы я ўбачыў у Каралькова, які ляжаў побач на канапцы, — яго той дзень ліхаманіла ад раны ці ад прастуды.

Я маўчаў, панурыўшыся. Дырэктар звяртаўся да нашай гуманнасці, да вялікага абавязку перад дзецьмі. Прасіў. Патрабаваў. Ён баяўся, што мы адмовімся, і спяшаўся пераканаць, захлынаючыся словамі.

Я доўга маўчаў. Ведаю, многія з сённяшніх гуманістаў могуць спытаць: чаму? Чаму маўчаў? Хіба можна было вагацца? А хто з вас, цяпер, у мірным жыцці, можа адразу, не задумаўшыся, узяць на сябе адказнасць за сотню дзяцей? Я мусіў браць адказнасць за іх жыццё. Дзіцячы дом — усё-такі дзіцячы дом, няхай галодны, халодны, пад вартай. Але штодня там не страляюць. А брыгада — фронт. Хто цягне дзяцей на фронт, на пярэдні край, пад кулі?

Фашысты растапталі ўсе законы чалавечнасці. На фронце бралі ў палон. Нас, партызан, расстрэльвалі на месцы. Дзеці ў зоне бою, у лесе, лічыліся партызанамі, іх знішчалі. Гэта я добра ведаў. Але менавіта тады, у той міг, з такой сілай упершыню адчуў тое, што ўчора. Сціснула-зашчымела сэрца.

Выгаварыўся дырэктар. Змоўк. Глядзеў на мяне. Гэтак жа глядзеў Каралькоў. Чакаў. Як прадстаўнік цэнтра, ён мог падказаць, нават загадаць. Але пабыўшы тры месяцы сярод партызан, разумеў, што выпадак не той, дзе можна ўжыць сваю ўладу.

«Колькі дзяцей?» — спытаў я.

«Шэсцьдзесят сем. А было сто восем. Сто восем! Куды яны забіраюць маіх дзяцей? Навошта ім дзеці?»

«Вывесці ўначы можаце ў лес пад Пацісню?»

Дырэктар здзівіўся, што я так ведаю наваколле далёкай Пятроўкі. Загарэўся. Замахаў рукамі.

«Выведзем, таварыш камандзір. Выведзем. Мы ж у маёнтку. Праўда, ахова і каля нас стаіць. Але — свае… Якія свае! Бобікі, сучыя сыны! Але ў нас… у нас… рахманыя. Яны не стаяць, а спяць у доме. Мы іх напоім… І самагонам. І снатворным… Выведзем!»

«Хто выйдзе з дзецьмі?»

«Трое нас. Усяго трое. Я… Клаўдзія Міхайлаўна. Не… я вам скажу па сакрэту. Яна — Клара Майсееўна. Наша старэйшая выхавацелька. Мы маскіруем яе і дрыжым, што хто-небудзь выдасць… Усе ж тутэйшыя. Ведаюць… Але гэта такі чалавек! Такі чалавек! Маці ўсім дзецям. Людзі праклялі б таго, хто выдаў бы яе немцам. Яна і корміць і лечыць дзяцей. Ды і не толькі дзяцей. Яна зарабляе нам хлеб тым, што лечыць другіх, роды прымае. Калі рабавалі аптэку, мы сёе-тое ўзялі для свайго дома. Дзеці ёсць дзеці. Яны хварэюць… А нам трэба жыць. Тады мы думалі — нядоўга. Вось-вось вернуцца нашы. Але калі немцы пачалі забіраць дзяцей…»

«Дзесяць фурманак хопіць?»

Дырэктар задыхнуўся ад шчасця.

Калі дзяжурны павёў яго на кухню — накарміць, Каралькоў падняўся і працягнуў мне левую руку: правая, забінтаваная, вісела на павязцы. Да болю сціснуў маю руку.

«Іван Васільевіч! Слоў ніякіх не кажу. Не трэба словы! — але, узрушаны, не вытрымаў: — Адно скажу: якія людзі! Якія людзі! Не, ты задумайся, камбрыг, толькі над гэтым фактам. Ніхто не выдае старую выхавацельку, хоць ведаюць нямецкія загады. Нават паліцаі баяцца… Гневу людскога баяцца. Матак, жонак, якія ніколі не даруюць. Які факт! А? Які факт».

Мне ён здаваўся звычайным. За паўтара гады партызанства мы былі сведкамі сотні выпадкаў вось такой інтэрнацыянальнай еднасці савецкіх людзей.