Яго тут жа падтрымаў наш брыгадны ўрач Вапняк. Мы ўжо ведалі: чуць што не так — доктар адразу ставіць ультыматум. Я не аднойчы пагражаў яму, што расстраляю за такія ультыматумы, але на яго гэта мала дзейнічала. Ён і тады пачаў з заявы, што калі такія раненыя — прачытаў прозвішчаў пятнаццаць — застануцца ў нашых умовах хоць на адзін дзень, ён складае з сябе абавязкі галоўнага ўрача. Можаце расстрэльваць яго, можаце вешаць — як больш даспадобы. За ім — Лагун, добранькі, далікатны. Нагадаў, што ў атрадзе жыве дзіця, якому ўсяго другі годзік — Віта! — і нічога, гадуецца, расце. Адным словам, нагадаў перад адлётам упаўнаважанаму, у якіх адносінах камандзір брыгады з маці гэтага дзіцяці. Капнуў. Ды мяне гэта мала кранула, бо тайны я не рабіў.
Будыка сказаў, што не можа згадзіцца, нібыта ўсе раненыя рвуцца ляцець. Давайце апытаем — добрая палавіна адмовіцца. Тыя трое адчулі: начштаба — мой саюзнік, і пачалі пераконваць яго.
Я маўчаў. Мабыць, не перабрадзілі яшчэ мае пачуцці, не выспела трывога. Мяне пераканалі. Я здаўся. Без бою. Толькі ўзяў з Каралькова абяцанне, што ён даможацца, каб выслалі спецыяльны самалёт за дзецьмі.
Быў урачысты абед. Пілі спірт. Гаварылі развітальныя тосты, сур’ёзныя і жартаўлівыя. На стол падавала Надзя. Пілі за яе здароўе. П’янаваты Будыка цалаваў ёй рукі. П’янаму Вальку заўсёды хацелася цалаваць Надзіны рукі і прызнавацца, што ён ажаніўся без кахання, але ніколі не здраджваў жонцы. Аднойчы я даў яму па мордзе за гэта — за напамінак, што ён лепшы за мяне, грэшнага.
Здаецца, усё было як мае быць. Усе былі задаволены. І я таксама. Праўда, асаблівай весялосцю не вызначаўся на тым абедзе, але і не сядзеў цёмнай хмарай. Тое трывожнае ранішняе пачуццё пэўна заснула, ап’янелае.
Пасля абеду Каралькоў і Будыка спалі — людзі раненыя. А я выйшаў на вуліцу заснежанай лясной вёсачкі. Паглядзеў на блізкі лес — наш, а з другога боку — на далёкі, што сінеў за палямі; за ім, тым лесам, — вораг. Трохі бліжэй да вёскі — пасадачнае поле. Там, у бярэзніку, замаскаваны самалёт, які так доўга чакалі. Калі прыляціць наступны? І зноў засмактала ў сэрцы трывога. А тут яшчэ і яны, дзетдомаўцы, трапілі на вочы. Колькі хлапчукоў разам з сялянскімі цягнулі з лесу на саначках сухое галлё.
Быў мой загад — памагчы сялянам нарыхтаваць і перавезці паліва. Чаму дзеці возяць на сабе? Моцна дасталося каменданту і камандзіру штабнога атрада.
Заглянуў у шпіталь. Пад паветкай легкараненым глушаць самагонку. Вапняк, хітруга, ведаў, калі можна пярэчыць, ставіць ультыматум, а калі трэба маўчаць. Стаяў навыцяжку, згаджаўся: «Слухаюся, таварыш камбрыг!»
Ускочыць хіба ў сядло — і ў дальні атрад? Няхай праводзяць самалёт без мяне. Зайшоў у хлеў, пастаяў каля свайго гнядога, пагладзіў яго, нецярплівага, гарачага. Конь ірваўся на прастор. Няхай бы ляцелі ледзяныя іскры з-пад капытоў! Надзя баіцца маіх паездак — у атрадах цяпер многа дзяўчат. О, жаночая душа! Ужо ты прысвоіла мяне і да ўсіх раўнуеш. А сама заліваешся чырванню, калі начштаба цалуе табе рукі. Пэўна, прыемна. Хацелася «завесці» сябе, узлавацца на ўсіх і сапраўды махнуць у лес, аднаму, — няхай шукаюць камбрыга! Не, нічога не кранала, нічога «не заводзіла». Усё адлятала рыкашэтам. Адно стаяла перад вачамі, сціскала сэрца: дзеці. Як іх прывезлі, застылых, спалоханых і ўзрадаваных, што яны сярод партызан, як Надзя карміла адразу траіх, самых малых, гадоў па пяць, а я памагаў ёй. І ранены Будыка памагаў. Скакаў на мыліцах перад малымі. Хацеў насмяшыць. Дзеці не смяяліся. Глядзелі сумна, са спачуваннем. Яны ўсё разумелі. Ведалі, што такое раны. І Надзя зноў заплакала ад гэтых іх позіркаў. Дзеці адталі толькі тады, калі перад імі з’явілася жывая лялька — маленькая Віта. З ёй яны гулялі, як дзеці. Але, Віта расце ў атрадзе. Аднак колькі страху перажываю я ў кожным баі! За яе адну. А колькі можна перажыць за ўсіх? Але нельга не згадзіцца з Каральковым, з Лагуном: раненыя ёсць раненыя, яны нашы байцы, нашы таварышы. Хіба я вораг сваім людзям?