Іван Васільевіч спыніўся, агледзеўся яшчэ раз. Злева, павернутыя глухім фасадам да сушы, адкуль на іх глядзяць людзі, турысты, — вульгарныя карпусы пансіяната — таго, дзе ім, жонцы і дачцэ, удалося з вялікай цяжкасцю атрымаць — не пакой! — балкон, над якім не капала. Якія чэзлыя дрэўцы вакол гэтых мокрых, як пакінутыя старыя караблі, будынін! Быццам лісце на гэтых дрэўцах бясконца аб’ядалі «дзікуны».
Троху правей — сад, адзінае, на чым хочацца затрымацца воку, асабліва на зялёных кіпарысах. І домікі пад імі — маленькія, белыя нават у такую дажджавую шэрасць, утульныя. Лада абуралася, што мастакі — ліха на іх! — не пускалі пансіёншчыкаў і «дзікуноў» у свой сад.
Моладзь помсціла ім: збіраліся на ўзбярэжжы і наладжвалі гадзін да двух-трох ночы такія канцэрты, што нават салдатам у гарах за многа кіламетраў не спалася. Пузатыя класікі прыходзілі слухаць гэтыя канцэрты, а назаўтра скардзіліся мясцовай міліцыі, што ім не даюць спаць і яны не могуць тварыць свае бессмяротныя шэдэўры.
Лада ўмела расказаць пра гэта з асаблівым гумарам. Яго, Антанюкоў, стары сябра — пісьменнік, які некалі адпачываў у гэтым доме, качаўся ад смеху, слухаючы Ладзін расказ. Можа дачцэ таму і падабалася, што яна атрымала тут зарад свежага гумару. Хаця, дзе сонца і мора, маладосць і песні,— там не можа не быць хораша і весела. Відаць, і ён, стары скептык, здолеў бы ацаніць першароднае хараство гэтага кутка, каб наваколле — горы і мора — было заліта, няхай і халодным, лістападаўскім сонцам. І каб былі людзі. А то — як відаць мокрая дарога і глінабітныя хаціны пасёлка — ніводнай жывой душы. Дзіва што! У такую пагоду добры гаспадар сабаку з хаты не гоніць.
Іван Васільевіч адчуў, што змарыўся. Гэта з ім рэдка здаралася нават і ў апошнія, пенсійныя, гады. Раптам захацелася зайсці ў адзін з тых белых дамоў у садзе, запаліць там печку, калі яна ёсць, і сядзець перад ёй, слухаць грукат мора і свіст ветру. Ён пасмяяўся з гэтага: сапраўды ўжо зусім пенсіянерскія жаданні!
Вунь і будыначак пошты. Іван Васільевіч адразу пазнаў яго. Здалёк. Наогул шмат што — на дзіва знаёмае, быццам ён быў тут многа год назад і пасля таго першага наведвання дзе-што не пазнае: змянілася, вырасла, забудавалася, але шмат што засталося знаёмым. Пра пошту таксама расказвала Лада. Яна любіла прыходзіць сюды чытаць аб’явы. Якіх тут не было аб’яў!
«Шукаю спадарожніка (лепш спадарожніцу) да Ленінграда на матацыкл. Пажадана, каб вага пасажыра разам з чамаданам не перавышала 70 кілаграмаў».
Антанюк зайшоў у будынак пошты. Пуста і холадна. Толькі пах незвычайны — не клеем, не паперай, а вяленым вінаградам. Ад паху такога зрабілася весялей, як ад сонца, ад маладога віна.
За лета тут прывыклі да незнаёмых людзей. Дзве работніцы не звярнулі на яго амаль ніякай увагі. Адна, старэйшая, забівала пасылкі, вельмі спрытна працуючы малатком, як добры майстра, быццам усё жыццё заганяла цвікі. Яна трымала цвічкі ў роце. І на прывітанне наведвальніка адказала лёгкім кіўком. Мабыць, гэта ад яе пасылак пахла вінаградам. Але чаму яна сама забівае? І не адну, не дзве.
Над дашчатым бар’ерам узвышаўся адмысловы стажок пышных, але абясколераных валасоў. Стажок нават не варухнуўся на яго прывітанне. Іван Васільевіч заглянуў за загародку і ўбачыў мілы і просты дзявочы тварык, схілены над страшэнна зачытанай кнігай. Такія дзяўчаткі, пачынаючыя модніцы, якія ведаюць сабе цану, любяць пакрасавацца перад кожным чалавекам, а таму бываюць прыветлівыя і словаахвотлівыя. Шматвопытны Антанюк рэдка памыляўся ў распазнаванні людзей. Вось чаму ён і звярнуўся да маладой красуні, аматаркі старых раманаў. Далікатна кашлянуў над стажком. Дзяўчына не зірнула нават.
— Прашу прабачыць. Вы не змаглі б сказаць, як мне прайсці да вайсковай часці…— ён назваў паштовы нумар, які пісаўся на канвертах.
Красуня глянула адным вокам і груба адказала:
— Мы — не бюро даведак.
— Я разумею. Але… я прыехаў наведаць сына… Ён служыць тут…
— То няхай бы ваш сын напісаў, як шукаць яго.
— Ён і напісаў, што трэба ехаць да вас…
— Зайдзіце ў пасялковы савет, — параіла старэйшая, перапыніўшы працу і праз бар’ер падазрона аглядаючы не самога Антанюка, а чамусьці яго ногі.
Івану Васільевічу зрабілася крыўдна. За дзяўчыну.
«Я разумею: ты, магчыма, не маеш права сказаць, як прайсці да часці, хоць сотні адпачываючых хадзілі туды. Лада расказвала, як нахабныя дзяўчаты троху не лезлі цераз агарожу… Але калі ты ўсведамляеш, што жывеш на марской граніцы, і ведаеш, што патрэбна пільнасць, то праяві хоць яе — зацікаўся мной, паглядзі ў твар. Няўжо ты так зачарсцвела на сваёй рабоце, што страціла ўсялякую цікавасць да людзей».