Выбрать главу

— Усё будзе ў свой час.

Іван Васільевіч зразумеў, што сігналізацыя тут — на ўзроўні часу, што сігнал пра яго з’яўленне даўно ўжо пайшоў, куды трэба.

— Няўжо я падобны на дзеда?

— Сынок, бяру сваё слова назад, — і ўсё гэта з прытворнай сур’ёзнасцю. Хаця б усміхнуўся, разбойнік.

— Балбатун ты, брат, а не марак.

— О-о! А гэта ўжо абраза асобы вартавога.

Недзе ўгары, быццам з хмары, хутка спускаліся людзі: сыпалася з-пад ног каменне, але ляцела не сюды, а некуды ўбок, падала ў мяккае, як у траву.

Вынырнулі з кустоў двое — матрос і лейтэнант, зусім маладзенькі, здавалася, маладзейшы нават за сваіх падначаленых. Але затое куды больш сур’ёзны. Адразу сурова запатрабаваў:

— Дакументы!

Іван Васільевіч падміргнуў вартавому, які затрымаў яго.

— Можна залезці ў кішэню?

Лейтэнант асек:

— Разгаворчыкі!

— Ух ты! — сказаў Іван Васільевіч, падаючы пашпарт.

Лейтэнант пачырванеў — ці то ад гневу, што з ім так непаважна размаўляюць, ці ад сораму, што ён гэтак закамандаваў незнаёмаму цывільнаму чалавеку.

— Антанюк, — прачытаў уголас прозвішча.

— Недзе тут служыць мой сын, і я хачу пабачыць яго.

— Вася Антанюк? — твар вясёлага вартавога расплыўся ад добрай усмешкі.

Іван Васільевіч зразумеў: Вася — яго сябра. Пашкадаваў, што не сказаў хлопцу пра гэта адразу. Размова іх да прыходу начальніка каравула магла б пайсці зусім інакш, і ён, магчыма, даведаўся б пра сына больш, чым ад яго самога, ад камандзіраў. Хоць што, уласна кажучы, трэба даведацца?

Лейтэнант кінуў вартавому:

— Разгаворчыкі, Павельеў! Сачыце за сектарам! — і спытаў у Антанюка ўжо з іроніяй: — Сын напісаў вам, што яго можна шукаць такім чынам?

— Лейтэнант, не будзем гуляць у звышпільнасць.

— Грамадзянін! Я нясу службу!

— Я паважаю вашу службу! Але, між іншым, хачу сказаць: пасля таго, як вы пазнаёміліся з маім дакументам і ведаеце мэту майго прыезду, я мог бы перастаць быць для вас грамадзянінам. Каб вам было лягчэй, магу засведчыць другім дакументам, што маю званне палкоўніка. Вось так, таварыш лейтэнант! Ёсць цудоўнае слова — таварыш, якое збліжае, родніць людзей…

Лейтэнант разгубіўся, ён зусім не быў сухаром і педантам, але ён сапраўды нёс службу; ад гэтага і ад маладосці яго вынікала ўся звышсур’ёзнасць.

— Калі вы… таварыш, палкоўнік, то ведаеце, што ёсць месцы, дзе забаронена… А калі вам трэба ўбачыць сына, то таксама павінны ведаць…

— Чатыры месяцы назад тут адпачывалі мая дачка і жонка. Дачка хадзіла па гэтай сцежцы, каб сустрэцца з братам. Тут гулялі тысячы людзей.

Усе трое таямніча ўхмыльнуліся: маўляў, хоць ты і палкоўнік, але наіўны і не ўяўляеш, што за чатыры месяцы шмат што магло змяніцца.

Убачыўшы іх ухмылкі, Іван Васільевіч сам адчуў сябе наіўным дзіваком, не старым чалавекам, які пражыў жыццё, а хлапчуком, якога двое сутак вялі не развага, не розум, а эмоцыі, неасэнсаванае жаданне.

— Што ж мне — спускацца назад?

— Ідзіце за мной, — сказаў лейтэнант, схаваўшы пашпарт у кішэню кіцеля.

Іншай сустрэчы Іван Васільевіч і не чакаў, шукаючы сына гэткім чынам, а таму стараўся настроіць сябе на гумарыстычны лад: чым больш прыгод — тым цікавей. Але тое, што пануры лейтэнант, які ні разу не ўсміхнуўся, не вярнуў пашпарт, вядзе за сабой, а ззаду гэтак жа маўкліва ідзе аўтаматчык, — не магло не закрануць. Падумалася, што ніколі і нідзе за ўсё жыццё яго гэтак не вялі і ён так паслухмяна не ішоў па чужой камандзе.

Хацеў падумаць з гумарам, але абагульненне было занадта сур’ёзнае, каб з яго смяяцца. Як бы ён паводзіў сябе, каб вялі не свае, а ворагі? Дзіўна, партызанам ніколі не прыходзіла ў галаву падрыхтавацца — як уцячы, калі цябе схапілі і вядуць двое ці трое. Выпрацоўвалі мноства ўсялякіх тактычных прыёмаў дзейнасці атрада, брыгады, падрыўнікоў, разведчыкаў, тактыку штаба і нават яго, камандзіра, у розных сітуацыях, на любы выпадак, а вось пра такое не думалі. Праўда, у атрадзе Будыка вучыў разведчыкаў прыёмам японскай барацьбы. Ды ён, Антанюк, глядзеў на гэта скептычна, ён прызнаваў адзіны дзейсны прыём нападу і абароны — кулю і гранату.

Такі ўспамін і развага прыглушылі нядобрае пачуццё, якое варушылася пад гумарыстычным стаўленнем да ўсяе сітуацыі з яго затрыманнем.

Прывялі да варот з прахадной будкай. Пагаварыўшы па тэлефоне, лейтэнант вярнуўся і, трохі збянтэжаны, аддаў пашпарт. Сказаў:

— Чакайце.

Каго чакаць, чаго — не растлумачыў. Не развітаўся. Пайшоў і аўтаматчык. Быццам цяпер нікому не было ніякай справы да затрыманага, на яго ўсе адразу забыліся. Толькі ў акенца прахадной выглядваў дзяжурны, але не выходзіў. І тады Івана Васільевіча апанавала абурэнне. Цяпер ужо было не да жартачкаў, не да гумару.