— Сашка? Хлопец — душа. Лесавод. Па вушы ўлюбёны ў лес. У яго бацька ляснічы. І ён паступаў у лесаакадэмію ў Ленінградзе. Зрэзаўся. Забрылі.
Івана Васільевіча непрыемна кальнула гэтае «забрылі». Было б балюча даведацца, што сын глядзіць на службу як на пакаранне за універсітэцкія грахі. Пасля размовы пра Ладу, пра маці ён асцярожна спытаў:
— Ну, як табе служыцца?
— «Як табе служыцца, з кім табе дружыцца?» — весела прадэкламаваў сын і гэтак жа весела адказаў: — Добра, бацька. Спачатку былоцяжка. А цяпер — нішто, нават падабаецца. Не трэба многа думаць. Усё робіш па камандзе…
— Не утрыруй, калі ласка. Ты не бяздумны аўтамат.
— На сваім баявым месцы я думаю. Каля такіх прыбораў нельга не думаць. Я магу адкрыць табе сакрэт, таварыш палкоўнік запасу. Калі ведаеш, што дзякуючы тваёй рабоце ў штабе флоту і супрацьпаветранай абароны кожную хвіліну і кожную гадзіну ведаюць, што робіцца ў небе, куды які прадмет ляціць і з якой хуткасцю, дзе, у якім квадраце чарада авечак узняла залішне высокі слуп пылу, дык, я табе скажу, такое адчуваеш!.. І гордасць. І радасць. І ўпэўненасць, што ніякі гад не плюхне нечакана на галаву тату і маме якой-небудзь цацачкі, як у сорак першым. Няхай паспрабуе. Нам паказвалі, чым мы можам адказаць. Праўда, у мяне каля тых «пушачак» захалодала ўсяродку. Я не хацеў бы націснуць тыя кнопкі. Але людзям, якія выдумалі і нашы прыборы і ўсё іншае, я гатоў пакланіцца ў ногі. Можаш уявіць — твой сын, бяздарны матэматык, не ў прыклад сваёй геніяльнай сястры, тут палюбіў тэхніку! Праўда. Я нават думаў: а ці не зрабіць сваёй прафесіяй работу з гэтымі прыборамі?!
Сынава прызнанне ўзрадавала бацьку. Казаў Васіль, безумоўна, шчыра і сур’ёзна, хоць трохі і блазнаваў, трохі бравіраваў. Толькі апошняга бацька не зразумеў — наконт прафесіі. Спытаў.
— Наш камандзір агітуе мяне пайсці ў інжынернае вучылішча.
Такі сынаў намер павінен быў узрадаваць — вунь як змяніўся яго погляд! Але Іван Васільевіч раптам адчуў, што недзе ў душы яму не вельмі хочацца, каб сын заставаўся пажыццёва ў арміі. Хацелася, каб ён хутчэй вярнуўся дадому. Упікнуў сябе. «Раскісаеш пад старасць. Пад крылом хочаш трымаць. Няхай ляціць у свет». Сказаў:
— Што ж… нядрэнная перспектыва.
— Але каб у арміі ўсе былі, як наш камандзір. Каб не было дурняў…
Бацька весела засмяяўся.
— Чаго захацеў! Не помню, хто з вялікіх сказаў: без дурняў было б сумна.
— Гэта праўда — з імі весела. Так весела… — згадзіўся Васіль без усмешкі, з суровай панурасцю.
Іван Васільевіч глянуў сыну ў твар.
— Цябе пакрыўдзіў хто?
— Не. Ніхто. Але ёсць у нас адзін салдафон. Увесь час баюся, што сарвуся калі-небудзь… А ён — шышка…
— Я прашу цябе, Вася. Не ад сябе. Ад мамы. Я разумею: здаралася, сам даваў дурням па зубах. Але ў мяне было другое становішча. Ты — салдат.
Васіль, запаволіўшы нават крок і збіўшыся з нагі, гэтак жа пранікліва паглядзеў на бацьку, зазірнуў у вочы. Хвіліну цягнулася нямая размова, якую абодва добра разумелі. Нарэшце Васіль шырока ўсміхнуўся.
— Не бойся. Не сарвуся. Навучаны ўжо.
Дождж перастаў імжыць. Зрэдку капала. Воблакі паднімаліся вышэй. Ці можа так здавалася таму, што ўсё ніжэй і ніжэй спускаліся яны. Калі прыйшлі ў пасёлак, Васіль прапанаваў:
— Хадзем пагуляем каля мора.
Хвалі бухалі з ранейшай сілай, толькі як бы радзей, з большым размахам.
Яны выйшлі па вузкім завулку на бераг. Мора ўдарыла ў твар салёнымі пырскамі і пахам водарасцяў. Адгэтуль, зблізку, белыя грэбні валаў не здаваліся такімі пагрозліва-фантастычнымі, мора не пагражала вадзяной гарой абрушыцца на зямлю. Усё было звычайнае.
Але Антанюк убачыў, як загарэліся сынавы вочы, раздзьмуліся ноздры, як ён схіліўся над абрывам: вось-вось кінецца на самую высокую хвалю. Марская стыхія прываражыла сухапутнага марака.
— Мора з’ела пляж, — сказаў Васіль з захапленнем перад магутнасцю стыхіі і як бы з радасцю засмяяўся. — Не будзе дзе «дзікунам» вылежвацца. Колькі іх тут наязджае ўлетку! Гультаі!
— Ты сурова асуджаеш людзей, якія выкарыстоўваюць сваё права на адпачынак. Хіба твая маці, Лада гультаі?
Васіль трохі збянтэжыўся.
— Некаторыя тут усё лета сядзяць.
— Ты ўсё ведаеш…
— Саўгас — нашы шэфы. А дармаеды гэтыя жывуць у саўгасцаў. Праўда, тутэйшыя таксама навучыліся абіраць іх.
— А заадно і тых, хто прыехаў адпачыць на сумленна запрацаваную капейку.
— Вядома ж, не разбіраюцца, з каго злупіць больш, з каго менш. Лаві момант!
Такія сынавы разважанні не падабаліся: адных ён асуджае агулам, другіх гэтак жа агульна апраўдвае, упэўнены, што ён — за людзей працоўных, якім можна дараваць такі невялікі грэх — абіранне курортнікаў. Відаць, добрыя шэфы гэтыя саўгаснікі, калі так уплываюць. Спрачацца цяжка, не ведаючы гэтых людзей, іх псіхалогіі. Ён, Антанюк, ніколі не жыў у такім курортным месцы. Сын, між іншым, сказаў пра гэта, нібы прачытаў думкі: