— Дарэмна ты, бацька, не ездзіў да мора. У цябе былі такія магчымасці.
— Я не люблю курортаў.
— Можна палюбіць мора.
— Я люблю поле і лес. Ты палюбіў мора?
— Палюбіў. Гэта здорава, я табе скажу. Нават у такую пагоду — цуда. Няўжо не разумееш? А ўлетку, калі сонца!.. Нам з гары відаць яно на дзесяткі міль. Іскрыцца ўсё. І бясконца мяняе фарбы. Якіх не бывае адценняў! Калі сонца ўсходзіць, калі заходзіць. Апоўдні. Стаіш на варце — глядзіш і не можаш налюбавацца. А каб ты з аквалангам спусціўся пад ваду. Казка! — ад захаплення ён гаварыў абрывіста, зусім як школьнік.
— Ты аквалангіст?
— Але. Разраднік.
— Гэта не рызыкоўна?
— Ты пражыў без рызыкі?
Іван Васільевіч зноў засмяяўся.
— Ты парыруеш, як добры фехтавальшчык. Я рызыкнуў апошні раз у пяцьдзесят пяць… Праўда, ведаў, што цяпер гэта не смяртэльна.
— Ты быў такі і тады, калі было смяртэльна?
— На вайне — заўсёды. У той мірны час — не заўсёды. Але не таму, што не хапала мужнасці. Некалі ты асудзіў мяне…
— Цяпер я не асуджаю. Нельга кінуцца ў мора з гары. Мне, напрыклад, хочацца набіць морду таму салдафону. Але што я дакажу? Мяне засудзяць… Цяпер я разумею цябе.
Івана Васільевіча расчулілі сынавы словы, але і насцярожылі: а ці не замнога сталай развагі і… пакорлівасці? Каму трэба, каб з хлопца вырас пакорлівы выканаўца чужых каманд? Безумоўна, армія ёсць армія. Але і армія мацнейшая тады, калі ў ёй не робаты, а людзі, валявыя, разумныя, вольныя, якія ўмеюць выдатна выконваць разумныя загады, але і ўмеюць сур’ёзна думаць не толькі аб тым, што ў іх кацялку і ранцы, але і аб самых высокіх матэрыях, аб самых шырокіх праблемах — ад тэхнікі падводнага плавання да касмічных палётаў, ад цэн на курортным рынку да раяніравання пасеваў кукурузы, ад схемы лакатара да падзей ва В’етнаме.
Яны ішлі міма белых домікаў, у якіх улетку жылі мастакі, міма алеі кіпарысаў.
Іван Васільевіч гаспадарлівым вокам азіраў пабудовы, дарожкі, тунэлі з вінаградных лоз, што некалі давалі прываблівы цень, а цяпер віселі на жалезных апорах, як падраная сетка, няўмела сплеценая, мокрая. Спытаў у сына:
— Ведаеш назвы тутэйшых садовых дрэў?
— Не.
— Дарэмна.
— Не ўсім жа быць аграномамі.
— Назвы дрэў павінен ведаць кожны культурны чалавек. Як бы ты сябе адчуваў, каб не ўмеў адрозніць дуба ад клёна?
— Прыраўняў!
Васіля не цікавіў сад, ён глядзеў на мора, жыў ім, ішоў каля самага абрыву, мабыць, знарок, каб пырскі білі ў твар. Аблізнуў мокрую далоню.
Магчыма, што сын знарок прывёў да гэтага абеліска. Шэрая нізкая пірамідка, пазелянелая медная дошчачка, надпіс на якой скупа і празаічна паведамляў, што тут пахавана пятнаццаць маракоў-дэсантнікаў, якія загінулі 31 снежня 1941 года ў час высадкі на бераг.
Васіль спыніўся каля абеліска з такім выглядам, нібы гэта галоўная і канчатковая мэта іх паходу.
Зноў пачаў сеяць дождж, і дробныя кропелькі яго здаваліся салёнымі, быццам марскія пырскі ўзляталі высока ў неба і сеяліся адтуль.
Карпусы пансіяната адгэтуль, з берага, не выглядалі так панура, як з шашы, яны глядзелі на мора мноствам акон. Але ні на балконах, ні на дарожках, нідзе ніводнай жывой душы, нібы месца гэтае даўно і назаўсёды пакінута людзьмі. Ад такой пустэчы мацней, чым дзе ў іншым месцы, агортвала пачуццё жалобы перад гэтым простым помнікам мужнасці, якіх тысячы на прасторы ад Волгі да Эльбы, ад Кубані да Дуная.
— Бацька, скажы ты мне, навошта загінулі гэтыя хлопцы?
Іван Васільевіч не зразумеў, здзівіўся і ўстрывожыўся: чаму раптам такое пытанне?
— Як навошта? На вайне загінулі мільёны.
— Дваццаць мільёнаў. Гэта я ведаю. Але навошта быў гэты дэсант?
— Я не ведаю, з якой канкрэтна мэтай і задачай высаджваліся тут. Разведка, захоп плацдарма, сувязь з партызанамі?.. Задачы былі розныя. Але нельга ставіць пытанне так, як ты: навошта загінулі, навошта дэсант? Ты — салдат, а не хлопчык-шкаляр. Так можна задаць тысячу навошта і чаму! А навошта я стварыў партызанскі атрад, брыгаду? Навошта да нас у тыл прыходзілі і прыляталі спецгрупы, радысты, агітатары, нават пісьменнікі, акцёры? І многія гінулі. Часам і недарэчна, выпадкова. Вайна ёсць вайна.
— Ты не зразумеў мяне. Я хачу спытаць: навошта ўвогуле спатрэбілася гэтая масавая высадка ў Крыму ў апошні дзень сорак першага года? Заперці на голы паўвостраў некалькі дывізій, чатыры арміі…