Выбрать главу

У атрадзе былі ўжо дзеці. І я адказваў за іх… А гэта — паверце — самая цяжкая адказнасць. Шчыра скажу, мне зусім не хацелася пабольшваць гэтую сваю адказнасць за дзяцей. Хоць я падумаў, што мы, партызаны, як і салдаты, афіцэры на фронце, у адказе за ўсіх дзяцей. Ці будзе мне лягчэй, калі гэтыя юнакі, якія рвуцца ў бой, загінуць недарэчна, нічога не паспеўшы зрабіць? Прайшло столькі гадоў, а я дагэтуль помню, што адчуў, перажыў за тыя хвіліны, пакуль жанчына, не зводзячы вачэй, чакала адказу. Помню, як доўга я маўчаў. Даўжэй, чым гэта можна ў размове з чалавекам з вока на вока. Але была ноч, на падлозе спалі партызаны. Мы размаўлялі шэптам, як змоўшчыкі ці закаханыя. А таму маўчаць можна было даўжэй, чым у звычайнай размове. Да таго ж, быў я стомлены і прастуджаны, не выспаўся, галава гудзела, як чыгун. Перад вачамі стаялі яе хлопцы, якіх бачыў год назад — памагалі маці палоць лён, той, які стапталі танкі. Нешта выбралі бабы — хто паспеў.

Марына разумела, што мне нялёгка рашыць. Яна не прыспешвала, не прасіла больш. Сядзела, узлакоціўшыся на стол, і глядзела ў вочы… На пасмах валасоў яе, па брывах блішчэлі расінкі адталага снегу. Можа здалося ёй, што я хачу адмовіцца ад яе хлопцаў. Цяжка ўздыхнула і сказала:

«Усё роўна не ўтрымаць мне іх. Пойдуць вас шукаць. А дзе знойдуць? Да каго трапяць?»

«Ну што ж, Марына, давай тваіх сыноў. Адно абяцаю: зрабіць іх добрымі партызанамі».

Яна не ўзрадавалася. Якая там радасць! Не падзякавала. А неяк адразу ссутулілася, нацягнула хустку на лоб і ад гэтага пастарэла. Маўчала. Можа не так доўга, як я, перад тым як даць згоду. Але помню — нейкі час маўчала, як бы не ведаючы, што сказаць яшчэ. Паднімаючыся, сказала проста: «Дык пачакайце тут. Прышлю іх».

О не, жанчына, так не робіцца! А калі хто з нядобрых людзей бачыў нас? Данясе ўладам? І ў тую ж ноч сышлі з дому твае сыны. Цяпер мы ў адказе за тваіх сыноў і за цябе. Я сказаў ёй пра гэта. Параіў: няхай яна пусціць чутку, што пасылае хлопцаў да якога-небудзь сваяка ў далёкім сяле ці ў горадзе. Ёсць хто-небудзь такі? Ёсць. У Гомелі. І мужава сястра жыве пад Рагачовам. А праз тыдзень-два мы прышлём сувязнога, які прывядзе хлопцаў у атрад.

Падзякавала. Але — адчуў я — не паверыла. Падумала: гэтак хітра хачу адчапіцца ад яе. Можа не вельмі засмуцілася. Можа жыла яшчэ ў мацярынскім сэрцы надзея ўгаварыць сыноў застацца дома. Даволі, што бацька ваюе.

Сувязной, якую мы паслалі ў Казюры да Марыны, я даў наказ: пастарацца ўгаварыць малодшага застацца з маці. Няхай падрасце. Сувязная — старшыня сельсавета, жанчына вопытная, сама вырасціла дзяцей — бадзёра запэўніла:

«Можаш не турбавацца, камандзір. У мяне ўсё будзе чын-чынам».

Але нічога ў яе не атрымалася. У атрад прыйшлі двое — Валодзя і Пеця.

«Чарцянё, а не дзіцянё, — сказала Рошчыха пра малодшага, пра Пецю. — Яму хоць кол на галаве чашы».

Старэйшы, Валодзя, быў хлопец рослы, але ціхі, па-даросламу паважлівы і па-даросламу разумна асцярожны, хоць і смелы. Брат яго, Пеця, з выгляду зусім дзіця, больш дванаццаці гадоў яму ніхто не даваў. І па характары — вяртун, непаседа, свавольны насмешнік, нястрымны і нястомны на выдумкі і па-дзіцячаму неразважліва рызыкоўны — лез пад кожную кулю. Адным словам, клопату ён нам рабіў нямала. Камісар, начштаба, партызаны не раз патрабавалі: адаслаць яго назад да маці. Але я ведаў: нельга, хлопец пачне ваяваць адзін і… загіне. Ды і камандзіры адтавалі, даравалі яму ўсё, калі Пеця вяртаўся з разведкі. Лепшага разведчыка мы, бадай, не мелі. Па росту — дзіця, хлапчанё гаротнае, жабрачок бяздомны, а па хітрасці — прафесійны агент разведкі.

Пеця падаў заяву ў камсамол. Яго не прынялі, дамовіліся даць адчуць, што дысцыпліна ёсць дысцыпліна. Ён заплакаў ад крыўды, кляўся перад усімі, што больш ніколі не будзе выкідваць ніякіх «каленцаў», і ў той жа вечар камандзіру ўзвода, які першы выступіў супраць яго, укінуў у кацялок з супам жабу. Калі, як — ніхто не бачыў, ніхто не мог даказаць. Камузвода сам наліваў сабе суп. Яму трохі не вывернула ўсё нутро, тры дні есці нічога не мог. Камандзіры абураліся: Пецева работа.

Паклікаў Пецю.

«Зноў ты за свае штукі!»

«Ды што вы, таварыш камандзір, я першы павячэраў і ўжо мыў кацялок, калі яны прыйшлі, камузвода і ўрач».

«Так ты дагаворышся, што гэта зрабіў урач».

Вочы адразу закруціліся, як калёсікі.

«А што? Урач нам расказваў, што ў нейкага народу — забыўся ў якога — жаба — самая смачная ежа. Лепш за курыцу. Яны смажаць жаб і лапкі абсмоктваюць», — прыцмокнуў і слінку каўтнуў, здавалася, гатовы сам тут жа абсмактаць жабіныя лапкі. Начштаба наш, Будыка, чалавек гідлівы, пагнаў хлопца з зямлянкі: «Пайшоў прэч! І не паказвайся мне на вочы!»