Выбрать главу

Пеця разумеў, што жабу яму не даруюць, хоць віна і не даказана. На другі дзень ён папрасіўся ў разведку — «пажабраваць» у гарадку: славакаў, з якімі нашы хлопцы пачыналі наладжваць сувязь, нечакана змяніла нямецкая ахоўная каманда. Колькі іх, як узброены — нам належала ведаць. Я згадзіўся адпусціць Пецю.

Начштаба бурчаў:

«Выгароджваеш ты гэтага прайдзісвета. Разведаць ён разведае, а пасля зноў будзе іграць на нервах, кідаць у кацялкі брыдоту. Дарослага партызана я судзіў бы за такія штукі».

«Засушыш жыццё. Зачарсцвеем без жартаў, інжынер».

Хадзіў Пеця ў разведку кожны раз у новай ролі. Акцёр быў. Талент! Нават жабракі яго не падобныя былі адзін на аднаго. Той раз ён з’явіўся, каб перад адыходам паказацца, у ролі маленькага паралітыка. У лахманах. Адна рука вісіць нежывая. Нагу цягне. Гаворыць злосна, а што — разабраць нельга.

Нават начштаба, настроены супраць хлопца, уразіўся. Пеця наступаў на яго, тузаўся ўсім целам, страшна махаў «нежывой» рукой і злосна лапатаў. Будыка адступіў, як бы баючыся, што «паралітык» дакранецца да яго, перадасць сваю хваробу. Начштаба збялеў. Сказаў мне:

«Нельга так, камандзір. Яны застрэляць яго з-за свайго „арыйскага гуманізму“: маўляў, навошта такому жыць? Такая ігра для набожных жанчын, а не для фашыстаў».

Я згадзіўся. Прыйшлося Пецю пераўвасабляцца ў другую ролю.

З разведкі ён ніколі не вяртаўся з пустымі рукамі. Я маю на ўвазе не толькі тое, што называецца па-вайсковаму разведачныя. Гэта ён рабіў як бы між іншым і, здавалася, часам не заўсёды разумеў, што для атрада звесткі пра ворага — самае каштоўнае. Ён яшчэ заўсёды стараўся прынесці рэчавы доказ таго, дзе быў, што бачыў. Ці проста тое, што патрэбна было атраду. Неяк улетку стала ў нас туга з соллю. Пеця прынёс кайстру солі. Ледзь прывалок. Але найбольш нас здзівіла, калі з адной са сваіх разведвылазак Пеця прынёс тры нямецкія мундзіры з усімі дакументамі, два аўтаматы, пісталет. Захацелася фашыстам пакупацца: лета, спякота, палезлі яны ў рэчку, а Пеця згроб усё і — у кусты.

Мяне трывожылі такія прыгоды малога разведчыка. Я не даваў Марыне ніякіх абяцанняў, акрамя таго, што зраблю сыноў партызанамі. Але я ўвесь час адчуваў сваю адказнасць перад ёй. Стараўся трымаць братоў Казюраў бліжэй да сябе: Валодзю — сувязным пры штабе, Пецю казаў, што ён разведчык пры камандзіру атрада, для асобых заданняў. Я хітрыў: у разведку стараўся пасылаць хлопца з кім-небудзь з дарослых партызан, з бацькоў, якія аберагалі б яго, стрымлівалі ад непатрэбнай рызыкі.

Але атрымалася так, што я сам мусіў паслаць дзяцей Марыны на смерць…

У жніўні сорак другога мы зрабілі нядоўгі рэйд за Дняпро. Мелі мэту — сарваць акупантам хлебанарыхтоўкі, пусціць чырвонага пеўня на іх склады. Дзе ўдасца — забраць збожжа і схаваць на зіму. Атрад рос. За паўгода вырас трохі не ў тры разы. Людзей трэба карміць.

З’яўленне партызан у бязлесным раёне, дзе акупанты і паліцаі адчувалі сябе гаспадарамі, нагнала на іх страх і паніку. Першыя дні мы палілі склады, раздавалі нарабаваны фашыстамі хлеб тым, хто яго сеяў,— сялянам, адаслалі абоз у лес, не сустракаючы сур’ёзнага супраціўлення. Без баёў. Дзе-нідзе паліцаі, уцякаючы, пальнуць — і ўсё. Але праз тыдзень немцы кінулі на нас батальён СС. Механізаваны. Карнікаў, якія выхваляліся, што ачысцілі ад партызан не адзін раён. Уступаць з імі ў бой мы не маглі — сілы няроўныя, ды і пазіцыі не тыя, што ў лесе. У такіх выпадках галоўнае — адарвацца ад ворага. Каб падмануць карнікаў, невялікая група партызан інсцэніравала ўначы прарыў на захад, у палескія лясы, па дарозе ўчыніла дзёрзкі налёт на даволі буйны паліцэйскі гарнізон. Здалося, што фашысты клюнулі на гэта. Дзесяткі машын, два танкі кінуліся даганяць нашых разведчыкаў. Атрад рушыў у другі бок. Але ворагі не дурныя, яны ведалі, адкуль мы прыйшлі і куды можам адыходзіць. На пераправе, нашай, партызанскай, чакалі ў засадзе паліцаі. Мы, канечне, маглі разбіць іх. Але наўрад ці памагло б гэта нам пераправіцца з ходу. Кожны разумеў, што чоўны нашы і плыт захоплены, што на тым, лугавым, беразе таксама ворагі. Прытым, калі тут — паліцэйскі зброд, слаба навучаны і дрэнна ўзброены, то там напэўна карнікі, з аўтаматамі і мінамётамі. Не выяўляючы сваіх сіл, свайго агню, я кінуў атрад уніз па рацэ. Не ішлі — беглі. Уцякалі ад ворага. Для партызан гэта не ганебнае слова — уцячы. Мэта: пакуль не развіднее, пераправіцца любымі сродкамі. Нам нямнога трэба. Паўдзесятка рыбацкіх чоўна ў для кулямётаў, для тых, хто не ўмее плаваць, для раненых. Фурманкамі можна ахвяраваць, хоць і шкада. Большасць людзей і коні пераплывуць самі. Лета было спякотнае, і Дняпро абмялеў.