Выбрать главу

Але ў кожным сяле, дзе можна было дастаць чоўны ці бярвенне, атрад сустракалі паліцаі. Адкуль іх столькі ўзялося! Яны не лезлі ў бой, але ўзнімалі трывогу. Ясна: давалі сігнал, дзе мы. Па гэтых сігналах за намі ішлі — убачылі хлопцы з групы прыкрыцця — па тым, лугавым, і лясным партызанскім беразе, карткі. Рабілася ўсё, каб не даць атраду пераправіцца, каб навязаць бой на бязлесным беразе сярод белага дня. А дзень наступаў. Там, над нашым лесам, такім блізкім і прывабным, святлела неба. Але да лесу, да нашых балот, дзе і ў жніўні даймалі камары, зрабілася далёка. Перапраўляцца нельга. Неразумна. Навошта ставіць людзей пад кулі? Лезці на ворага ў лоб — не партызанская тактыка. Мяне не так ужо палохала, што мы застанёмся яшчэ на дзень тут, у палявым раёне, і мусім зрабіць доўгі і цяжкі марш, каб увесці ворага ў зман, заблытаць сляды.

Але… Паверце, я чалавек без забабонаў. Са школьных год не верыў ні ў якія дзівосы. Аднак, здаецца, менавіта з таго часу, з тае ночы я пачаў верыць у адно: у прадчуванне. У роспачы крычыць маці ў той жа дзень, можа ў тую секунду, калі за сотні і тысячы кіламетраў гіне сын. Відаць, калі-небудзь вучоныя адкрыюць нейкія біятокі, растлумачаць і такую з’яву. А можа ўсё гэта прасцей? Такое прадчуванне рэдка бывае ў маладых, у якіх не так многа клопатаў. Часцей — у тых, хто нясе найбольшы цяжар адказнасці за людзей. Можа гэта як кульмінацыя ці выбух іх бясконцай трывогі, хваляванняў, што доўга смокчуць сэрца і накапліваюцца ў ім, як атрута, як узрыўчатка.

Пра лагер я думаў увесь час. Вельмі магчыма, што і трывога жыла, схаваная ці заглушаная іншымі думкамі, турботамі. А тут раптам ударыла ў самае сэрца, я вам скажу, проста-такі фізічным болем. І цяпер я помню, адчуваю яго, гэты боль. Як толькі стала ясна, што пераправіцца не ўдасца, што трэба адводзіць атрад ад Дняпра, у абход фашысцкіх заслонаў, як тут жа і ёкнула: лагер! Наш лагер! Хто мог запэўніць, што немцы не ведаюць, дзе ён? Ці не таму так упарта перагароджваюць нам дарогу дадому, што рыхтуюць напад на лагер? Наўрад ці яны спадзяюцца разбіць нас тут, у адкрытым баі. Не вельмі мы пойдзем на такі бой. Шукай ветра ў полі. А вось абяскровіць, знішчыць базу, запасы… У лагеры невялікая ахова, раненыя, жанчыны, дзеці… Не, дзяцей у той час было нямнога, сямейныя атрады з’явіліся пазней, пасля вялікай карнай экспедыцыі, калі немцы папалілі сёлы. Але і тады ўжо ў нас жыла маленькая дзяўчынка… Віта, ёй было ўсяго восем месяцаў. Яна нарадзілася ў атрадзе ў снежні сорак першага, у нашу першую партызанскую зіму. Суровую зіму…

Іван Васільевіч, расказваючы, увесь час глядзеў у залу — вузкі і доўгі пакой, заліты яркім святлом лямп, з чарцяжамі электрасхем на сценах.

Не, чарцяжы ён угледзеў упачатку, між іншым. А праз усю гутарку бачыў толькі адно: вочы гэтых прыгожых хлопцаў з акуратнымі прычоскамі, чорнымі, бялявымі, каштанавымі, у ладна падагнанай флоцкай амуніцыі… Яны шчыльна сядзелі за чорнымі столікамі, за якімі вывучалі адмысловую тэхніку па гэтых чарцяжах, і на крэслах уздоўж сцен (за столікамі месц не хапала).

Некаторыя сядзелі ў акулярах, і вочы іх нельга было разгледзець. Іван Васільевіч здзівіўся: ніколі не бачыў у арміі столькі людзей у акулярах. Нават у вайну.

Слухачы напачатку глядзелі на яго па-рознаму: адны са шчырай цікавасцю ў вачах, другія — з іранічным прыжмурам: маўляў, паглядзімо, чым ты нас здзівіш! Трэція — з абыякавасцю: усё мы ўжо чулі. Частка са стомленасцю, якая адбівалася па-рознаму: ат, усё адно, хоць адпачну! Ці наадварот: не разводзь толькі баланду надоўга, хапае з нас дакладаў без твайго.

Антанюк разумеў іх. Ва ўсякім разе, пасля размовы з сынам здавалася, што ён разумее гэтых хлопцаў значна лепш, чым іх універсітэцкіх равеснікаў — Надзіных сяброў. І павагі да матросаў адчуваў больш. Любові. Бацькоўскай. Падумаў, што гэта не зусім справядліва да тых, хто бяссоннымі начамі грызе квантавыя тэорыі — як Лада. Супакоіў сябе, што сэрцу не загадаеш, каго любіць больш, каго — менш. Нарэшце, усё мяняецца ў залежнасці ад часу, абставін, настрою. Можа здарыцца, праз тыдзень ці месяц такое ж замілаванне — відаць, старэчае ўжо пачуццё — з’явіцца да некага іншага. Да Лады — напэўна. Лада — пастаянная часціна яго любові.

Ва ўсякім разе адчуванне таго, што ён здагадваецца, пра што думаюць гэтыя хлопцы, памагло яму, кажучы мовай лектараў, «наладзіць кантакт з аўдыторыяй».