Выбрать главу

Не ведаю, якім бокам вылезла салдату тое «шанцавала».

Марына такі не дачакалася. Маці ёсць маці. Пайшла ў райцэнтр. Можа да яе прыходу пазванілі з Гомеля. Ці можа ў гестапа былі свае разлікі. Невядома. Але ёй далі спатканне з сынам. Яе не арыштавалі. Нават шпік, здаецца, не сачыў за ёй: куды яна пойдзе, з кім сустрэнецца?

Гестапа згадзілася памяняць хлопца на немцаў, якіх мы захапілі. Нават зрабіла жэст: адпусцілі з турмы раненага партызана з атрада Каткова, ён прынёс пісьмо — дзе сустрэнуцца парламенцёры. Маўляў, двух на двух. Нас такая велікадушнасць насцярожыла. Начштаба Будыка адмовіўся ісці на перагаворы. Сказаў: «Не веру я фашыстам. І сам у пастку не палезу». Пайшоў камісар Вася Шугановіч. Нічога. Вярнуўся, дамовіўшыся пра час і месца абмену. Але Будыка казаў праўду: фашысты ёсць фашысты. Ні гонару, ні сумлення — нічога ў іх няма. Адна звярыная хітрасць.

Абмен павінен быў адбыцца ў чыстым полі паміж вёскай Рудняй і лесам. У вёсцы — немцы, у лесе — мы. Роўна ў дзевяць з лесу пад канвоем двух партызан выйдуць палонныя інтэндант і лесагандляр, з вёскі — Пеця пад канвоем аднаго немца.

Само сабой разумелася, што з двух бакоў на месца сустрэчы будуць нацэлены кулямёты і ўся іншая зброя — хто што мае. Вядома, у фашыстаў зброі больш. Мы гэта ўлічвалі. Мелі на ўвазе і тое, што гітлераўцы не ўтрымаюцца ад спакусы акружыць нас. І не памыліліся. Разведчыкі напярэдадні ўстанавілі, што лес ачэпліваюць: значныя сілы карнікаў і паліцаяў залягаюць тайком у хмызах, у равах.

Сабраўся ваенна-палітычны савет атрада: што рабіць? Ніхто не прапанаваў адмовіцца ад аперацыі: Пецю трэба вырваць з іх лап. А на хітрасць ворага адказаць хітрасцю! Атрад пойдзе ў гэты невялікі лес. Атрад дасць сябе акружыць. Але тых, хто акружыць нас, возмуць у клешчы атрады Каткова і Касача. Пры нашым атрадзе тады знаходзіўся сакратар падпольнага абкома Ружак, ён каардыніраваў дзеянні атрадаў зоны. Ён першы выказаў такую прапанову. Дамовіцца з суседзямі было лёгка. Між іншым, якраз у той час вялася падрыхтоўка да аб’яднання атрадаў у брыгады. Выпадак даваў магчымасць выпрабаваць у баі галоўныя сілы будучай брыгады.

Мы ўсё прадугледзелі і ўсё спланавалі. З вайсковай дакладнасцю. Па законах партызанскай тактыкі. Усё ўлічылі, акрамя той подласці, на якую здатныя толькі фашысты. Нікому з партызан і ў галаву не прыйшло, што яны пойдуць на такое…

Роўна ў дзевяць з-за калгаснай канюшні выйшлі двое: немец і хлопчык. Нават за паўтара кіламетра я разгледзеў, што ў Пеці забінтавана галава. Ён ішоў павольна, хістаючыся. Сціскаліся кулакі: катавалі, гады, дзіця, перадаюць нам збітага, скалечанага. А мы іх палонных пальцам не кранулі, перадаём накормленых, паголеных, пачышчаных.

Свярбелі рукі, гарэла сэрца… Але — чорт з імі! — абы Пеця быў жывы!

Інтэндант, сволач, адказыраў мне. Цывільны пакланіўся. Трохі не пабеглі, узрадаваныя. Канвойным прыйшлося стрымліваць. Сустрэцца павінны ў пэўным месцы — пасярод поля.

З-за канюшні, з садоў бліскалі зайчыкі ад нямецкіх бінокляў.

Але… што гэта?! Калі групы амаль сышліся, адзін наш канвойны, Сенька Гарун, адскочыў, замахаў рукамі, закрычаў. Яўна даваў сігнал: правакацыя! Правакацыі мы прадугледжвалі. Але якая тут правакацыя, у чым — не адразу сцямілі. Убачыў у бінокль, як нямецкі канвойны выхапіў пісталет і стрэліў у Гаруна. Той упаў. Другі наш канвойны, Ваня Ткачоў, стрэліў у немца. Абодва ўпалі адначасова. Інтэндант і камерсант што ёсць сілы кінуліся бегчы да сваіх, махаючы рукамі… Гэта іх загубіла: не ваенныя, не мелі вопыту. Кулямётчык наш не стаў чакаць каманды. Ударыў адразу доўгай чаргой.

Той, каго мы лічылі Пецем, кінуўся ўбок і бег па фронту, не набліжаючыся ні да нас, ні да немцаў. І як бег! Ляцеў! Тады толькі я зразумеў, што замест Пеці нам хацелі перадаць кагосьці другога. Забінтавалі, каб не адразу пазналі.

Я папярэдзіў сваіх:

«Па хлапчуку не страляць! Біць па канюшні!

Па садах!»

Канвойныя жывыя. Іх і наш. Заляглі, перастрэльваюцца. З дрэва, на якім я сядзеў, відно было, як Ваня адпаўзаў па разоры.

За лесам ударыў нямецкі мінамёт. Пачаўся бой, у якім фашысты спадзяваліся знішчыць атрад. Але самі трапілі ў пастку. Зводны паліцэйскі батальён, пастаўлены, каб перагарадзіць нам дарогу ў вялікі лес, быў разгромлены ўшчэнт. Эсэсаўская механізаваная зондэркаманда, вырываючыся з акружэння, пакінула аўтамашыны і мінамёты. Але і нашы страты ў тым баі былі немалыя. Загінуў Вася Шугановіч, мой камісар, мой друг. Не ўратавалі Пецю. Палонныя расказвалі: яго расстралялі ў тую ж раніцу на турэмным двары. Такі страшны быў для іх той хлопчык, што фашысты баяліся памяняць яго на двух сваіх. Яны нават баяліся вывезці яго за горад, бліжэй да партызан. Нам хацелі перадаць беспрытульніка, які сядзеў у турме за кражу.