Выбрать главу

Надзя пісала, па сутнасці, адзін раз у год: кароткую паштоўку, віншаванне са святам — з Першамаем. Чамусьці акуратна — толькі з Першамаем. Разы два, праўда, прыслала навагоднія віншаванні, але ў адказ на яго. Аднойчы толькі напісала не да свята: паведаміла, што Віта паступіла ў інстытут. Пра тое, што скончыла вучобу, не пісала. Дзе Віта цяпер? Як ставіцца да яго? Забылася? Ці ўсё яшчэ ненавідзіць?

Усё-такі тады, сем год назад, яго закранула, пакрыўдзіла, калі Надзя сказала ў машыне:

«Не магу больш, Іван. Не трэба больш. Віта ведае. З якой знявагай яна гаварыла са мной! Дачка ўзненавідзіць мяне. І цябе…»

Вось гэта і закранула, што яна, дзяўчо, якую ён выняньчыў у лагерных зямлянках, можа ўзненавідзець. Астатняе нішто асабліва не кранула. Што ж, не трэба — дык не трэба. Так яшчэ лепей: нідзе і ні ў чым ён не будзе раздвойвацца. Не той узрост, каб хавацца і маніць блізкаму чалавеку — Вользе.

Іван Васільевіч падумаў пра чамадан, што паехаў у Мінск. Што чыгуначнікі робяць з такімі рэчамі? Калі адчыняць — напэўна, знойдуць там нейкі дакумент, канверт з яго прозвішчам і адрасам. Прыгадваў, што там ёсць, у чамадане. Пісьмо Васіля Ладзе, але яно, здаецца, без адрасу. Ёсць кнігі… Калі пазвоняць дадому, жонка і Лада спалохаюцца, узнімуць трывогу. Што ён скажа ім? Адстаў у Гомелі? Але з Гомеля лёгка пазваніць.

З’явілася думка: а можа вярнуцца? Бліснула, як кароткая ўспышка сумлення. Але была нейкая іншая, не асэнсаваная сіла, якая цягнула, вяла… Не ўпершыню ў жыцці аддаваўся ён гэтай сіле, гэтай душэўнай хвалі. Здаралася, што яна выносіла не туды ці не ў час. Але ні разу не вынесла ў адкрытае мора — на згубу.

Поезд зноў ішоў у ноч. Але чамусьці не стала дыму і іскраў. З цёмнага тамбура відно было поле, трохі ўжо зацярушанае сняжком. Мільгалі агні вёсак, блізкіх і дальніх. Цьмяныя агеньчыкі. Вулічныя ліхтары, ад якіх у неба ўзнімалася б зарыва, пра што так многа пісалі паэты, нідзе не ззялі. Аднак Іван Васільевіч адразу адзначаў, дзе вёска электрыфікавана, а дзе па-ранейшаму людзі сядзяць пры «карасіках». Вось і вулічныя ліхтары нават гараць — на ферме, безумоўна. А зусім па суседству, за які кіламетр, не больш. — напэўна, адзін і той жа калгас — скупа цэдзяць карасінавае святло вокны многіх хат — вёска немалая.

У тым сваім выступленні, якое, казалі, шмат каго ашаломіла, а для яго стала апошнім з такой высокай трыбуны, Іван Васільевіч казаў і пра гэта — як часам сярэднія лічбы затуманьваюць агульную карціну. Лічыцца калгас электрыфікаваным, а дальнія вёскі, хутары толькі здалёк глядзяць на гэтыя даброты цывілізацыі.

Сумна зрабілася ад думкі, што амаль два гады ўжо ён не актыўны ўдзельнік працы гэтых людзей, а сузіральнік. Усё свядомае жыццё памагаў хлебаробам ведамі сваімі, вопытам, працай… І цяпер адчувае, што мог бы зрабіць нешта карыснае, асабліва пры ўмове: яму вераць, што ён нешта разумее, як і дзе расце хлеб, а ён верыць другім — людзям вось у гэтых вёсках, агні якіх, розныя агні, вясёлыя і журботныя, аднолькава цёплыя, праводзяць рухомыя, але халодныя агні цягніка.

Падумаў зноў, што, вярнуўшыся, адкіне да д’ябла ўсялякі гонар і пойдзе на любую пасаду, якую прапануюць. Абы працаваць. Але тут жа адчуў, што не так гэта проста — плюнуць на свае прынцыпы, зламаць характар. Так можна дайсці да ўніжэння. А ён ніколі не ўніжаўся. Ні перад кім. Ва ўсякім разе, яму не сорамна за свае адносіны з людзьмі. З тымі, хто стаяў вышэй, і з тымі, кім ён кіраваў. Хто стаў блізкі, ішоў доўгія гады побач і з кім страчаўся выпадкова, як у цягніку.

Рабілася холадна, хоць стаяў у накінутым на плечы паліто. Але ў вагоне яшчэ размаўляюць, у адным купэ вясёлая кампанія гуляе ў карты, галасы іх далятаюць і сюды. А яму хочацца цішыні. Раней цягнула да людзей. Цяпер больш даспадобы адзінота. Нядобрая прыкмета. Не сказаць, што меў чалавек беззаганны характар, але зусім не хацелася, каб цяпер характар у нечым змяніўся. Няхай застаецца, які ёсць. Цяпер надзвычай важна застацца ранейшым Антанюком. Ва ўсім. І ў тым, што сам ён і другія лічылі сілай. І ў тым, што было яго слабасцю.

Цікава, у якіх учынках выяўлялася сіла і ў якіх слабасць? Тое, што ён, стары чалавек, пенсіянер, як юнак, нечакана і з хваляваннем, едзе да жанчыны, з якой звязаў яго ваенны лёс, — сіла гэта ці слабасць характару?

А навошта гэтае раскладванне па паліцах: на адной — сіла, на другой — слабасць? У такіх вось нечаканых учынках — вышэйшае праяўленне свабоды, раскаванасці ад усіх умоўнасцей. І можа зусім не варта гэтак корпацца ў сваёй душы, займацца такім самааналізам? Праўда, навошта? Лепш пайсці і паспрабаваць заснуць. Выходзіць рана — гадзін у пяць, на лясной станцыі. Наўрад ці будзе там цішэй і цяплей, чым у вагоне, каб паспаць, пакуль развіднее. Пайсці ж адразу — можна збіцца з дарогі. Ды і не хочацца прыходзіць так рана, быццам крадучыся. Не, ён прыйдзе сярод белага дня. Як добры даўні друг. Яму і трэба толькі слова шчырага сябра тых далёкіх гадоў. Самага шчырага…