Выбрать главу

Сустрэліся тры маладзіцы ў ватоўках, цёплых хустках. Антанюк адразу здагадаўся, куды яны ідуць у такую рань.

— Даіць? — спытаў, павітаўшыся.

— А то куды яшчэ бабам ісці давідна? — адказала старэйшая.

— Што вы сабак столькі нагадавалі?

— Дабра ў нас многа, баімося — пакрадуць.

Другая засмяялася.

— То нашы мужыкі сабак навялі, каб чужыя не лазілі. Вось ты. Хто цябе ведае, адкуль ты бяжыш з начы. Можа ад нашай Ганны.

Зарагаталі ўсе трое.

Іван Васільевіч прытворна ўздыхнуў:

— Адбегаў я сваё, кабеткі!

Наблізіліся — зазірнулі ў твар. Тая, рагатуха, падбадзёрыла:

— Ды не — нішто яшчэ мужчына. Шустры.

Старэйшая спытала сур’ёзна:

— З поезда?

— З поезда.

— Куды?

— У Калюжычы.

— То мо ж ёсць да каго спяшацца, што пабег са станцыі, калі ваўкі па полі гуляюць.

І вось пасля выпадковай гэтай размовы прыйшло яно, хваляванне, зразумелае, але ўсё ж дзіўнае — уразіла сваёй нечаканасцю. Што да чаго? Чаму сэрца раптоўна дрогнула, затрапятала амаль гэтак жа, як тады, калі Надзя пасля высялення вярнулася ў лагер з Вітай на руках, у лахманах жабрачкі? І цяпер, як тады, узніклі і радасць і трывога.

Хацеў скіраваць думкі на іншае — пра гэтых жанчын, даярак. Таксама адна з праблем, над якой ён сур’ёзна задумваўся і спрабаваў нешта зрабіць, — каб праца даярак, бадай самая цяжкая з усіх жаночых прафесій на фермах, зрабілася лягчэйшая. Балела сэрца, калі маладыя жанчыны паказвалі яму свае рукі. А іх рабочы дзень? Цяпер, зімой, ідуць крыху пазней, хоць, відаць, мала хто з мужчын яшчэ прамыў вочы. А ўлетку ў гэтых жанчын рабочы дзень — з чатырох раніцы да адзінаццаці вечара. Добра, калі кароўнікі блізка. А калі трэба ісці дзве і тры вярсты…

Не аднойчы выступаў на нарадах, лаяў канструктараў даільных апаратаў, разносіў «елачкі» і «каруселі» — ведаў, што ўсе гэтыя наватарствы кабінетнага паходжання, як круглыя кароўнікі і торфаперагнойныя гаршчочкі. Пры даярках яму апладзіравалі. А пасля за спіной пасміхаліся:

«Дзівачыць стары. Папулярнасць зарабляе. Не разумее, што яго народніцкія замашкі не ў нагу з часам… Што па сутнасці гэта выступленне супраць механізацыі…»

На той «антытравяной» нарадзе сказалі пра гэта ў вочы, з трыбуны, пад воплескі прэзідыума.

Хацеў паразважаць пра сельскія праблемы, паспрачацца са сваімі апанентамі, хоць, праўда, цяпер яны раптам паразумнелі — самі парабіліся «народнікамі» і «эканамістамі». Хацеў… Не выйшла. Перад вачамі стаяла Надзя, засланіла ўсё. Ішла да яго. Ці ён ішоў да яе… А яна чакала. Розная. Спалоханая… Радасная… Сумная… Сарамлівая… Якая стрэне яго цяпер?

Доўга ў паветры плавалі асобныя сняжынкі, нябачныя ў начным змроку. Калі пачало днець, лёгкія, пушыстыя, яны закружыліся гусцей. Адразу пабялела дарога. Ці можа таму так раптоўна і развіднела, што ўсё навокал пабялела? Толькі дымы над комінамі жоўтыя — палілі торфам.

Па вуліцы беглі школьнікі, з цікавасцю азіралі незнаёмага. Спыняліся жанчыны, каб не пераходзіць дарогу з пустымі вёдрамі. З поўнымі спяшаліся перайсці. Потым ужо аглядваліся.

Кранула гэта Івана Васільевіча. Людзі зычаць удачы. Пазнаюць ці проста так? Ён вельмі даўно не быў тут зімой, гадоў пятнаццаць. Тады здавалася ўсё натуральным: сяло як сяло, шчаслівае — не гарэла, збераглі партызаны. Цяпер уразілі голая вуліца і голыя гароды.

Хата за маладымі зялёнымі клёнамі была ўлетку такая ўтульная і па-свойму прыгожая — адна з лепшых на вуліцы. Цяпер жа ледзь пазнаў яе — здалася голай, сіратліва ўбогай, хоць клёны выраслі. Але цяпер ад іх мала хараства. Па-новаму зашчымела ў сэрцы: вось яны, прыкметы старасці. Ці не могуць раптам здацца такімі ж голымі і ўбогімі і пачуцці? Свае ўласныя самому сабе. Твае — ёй. Ці яе — табе. Такая думка спалохала, з ёй цяжка пагадзіцца. Няхай жаўцеюць і асыпаюцца дрэвы. Прыйдзе час — яны зазелянеюць зноў. Няхай чарнеюць сцены хат, няхай трухлеюць — іх лёгка паднавіць… Нарэшце, збудуюцца новыя… А як аднавіць тое, што доўга жыло ў сэрцы і… патухла, як забыты людзьмі касцёр? Але ў прыску могуць тлець вуглі…

Іван Васільевіч без стуку ўвайшоў на веранду. Тут усё блішчала чысцінёй. Рэчы — стол, канапка, лазовы белы куфар, эмаліраванае вядро, лыжы і нават старыя валёнкі — стаялі ў тым добра прадуманым парадку, які сведчыць, што ў доме жыве жанчына, адна, і што ў яе ва ўсім лад, які нікім не парушаецца, і душэўны спакой, калі чалавек не забывае ніводнай дробязі. Вось толькі лыжы… Але чаму Надзя не можа хадзіць на лыжах?!