Выбрать главу

Іван Васільевіч адчуў, што перасохла ў роце. Ён не сказаў — кіўнуў галавою: абяцаю.

— Я задам вам адно пытанне. Вы адкажыце шчыра! — яна не прасіла — патрабавала.

Іван Васільевіч паспрабаваў усміхнуцца. Сказаў бадзёра:

— Калі ласка, — але ўбачыў, што настойка ў шклянцы калышацца — рука дрыжыць. Паставіў шклянку на стол.

— Хто мой бацька?

Антанюк прымусіў сябе ніяк не зрэагаваць на такое нечаканае пытанне. А яно такі нечаканае, нягледзячы на папярэджанне Надзі. Сказаць праўду? Ці падтрымаць святую ману маці? Ён зноў узяў шклянку, ва ўпор паглядзеў ёй у вочы, убачыў, што яна моцна хвалюецца — ажно дрыжаць вусны. І ўся дрыжыць ад нецярпення.

— Давай вып’ем, Віта.

Яна прагна, па-мужчынску асушыла сваю шклянку. Ён, павольна цягнучы настойку, вырашыў не адкрываць мацярынскай тайны. Няхай усё застаецца так. Яе бацька — Шугановіч. Але раней загаварыла Віталія: пачала ўзбуджана тлумачыць, чаму запытала пра гэта:

— Я даўно бачу, што мама блытаецца і не дагаворвае нешта. Ёй як бы балюча гаварыць пра майго бацьку. Спачатку мне здалося: яна вінавата перад ім. Пасля інстытута я паехала ў той раён, дзе вы партызанілі.

Івана Васільевіча кінула ў пот. Ад настойкі, ці што?

— Так многа было вас, партызанаў, а праз дваццаць гадоў нікога нельга знайсці, хто мог бы толкам расказаць. Расказваюць легенды. Хто што. Толькі адна настаўніца добра помніць Шугановіча, завуча школы, дзе яна працавала да вайны. Ведае, што ён быў камісарам атрада ў Антанюка. Але імя таго — Васіль… Маці я нічога не сказала… Калі яна напускає туман на маё з’яўленне на свет, то, нарэшце, мне таксама ўсё роўна, хто мой бацька, — заключыла яна са злосцю.

— Твой бацька — я.

«Што ты робіш? Навошта ты гэта робіш? Такая твая шчырасць?!» — закрычаў адзін Антанюк.

«А хіба я не быў ей за бацьку там, калі над усімі вісела смерць? Ёй не будзе сорамна за такога бацьку. І можа праз гэта ёй лягчэй будзе жыць», — разважліва казаў другі.

— Вы? — Віталія доўга, не моргаючы, шырока расплюшчанымі вачамі глядзела яму ў вочы. Потым нядобра засмяялася: —Вы?! Вам захацелася зрабіць мне сюрпрыз? Вясёленькая гісторыя! Ха-ха.

Потную спіну лізануў халодны ветрык. Паўзло тое агіднае пачуццё, якое да яго рэдка наведвалася і якое, пэўна, называецца страхам.

«Навошта нагрувашчваю яшчэ адну хлусню? На якога д’ябла ёй цяпер маё бацькоўства? Калі яна пагоніць такога бацьку к чортавай матары, то зробіць правільна».

Але адступлення няма. Трэба не разгубіцца, падмацаваць прызнанне тлумачэннямі.

— Я працаваў загадчыкам райза. А твая маці — у школе, у пачатковай. Стары будынак царкоўнапрыходскай школы. З кватэрай для настаўніцы. Мы пазнаёміліся яшчэ да вайны.

— Вы былі жанаты?

— Быў жанаты.

— Нішто сабе маралісты! А цяпер усе грахі валіце на наша пакаленне і хочаце выдаць сябе за святых.

— Не, мы не святыя. Мы былі людзьмі… Калі пачалася вайна, сям’я мая эвакуіравалася, а я пайшоў у лес, арганізаваў атрад… Твая маці — мужная жанчына. Яна прыйшла ў атрад… у такім становішчы… незадоўга да твайго з’яўлення на свет. Ты нарадзілася ў партызанскай зямлянцы.

— Гэта падобна на праўду, — задумліва сказала Віталія, — мама такая… І вы… абаронца траў,— яна хмыкнула, наліла настойкі толькі сабе і гэтак жа па-мужчынску выпіла. — Цяпер я не ведаю, што мне рабіць. Цалаваць вам рукі ад радасці? Ці пагнаць прэч з хаты за тое, што вы столькі маўчалі?.. Пускаеце на свет дзяцей — і баіцеся сказаць ім праўду.

— Мяне ты можаш вініць. Маці не віні…

— Ды ну вас… — не злосна, а ўжо неяк стомлена і абыякава адмахнулася дзяўчына. — Ешце. Яечня астыла, — і пачала нехаця закусваць, быццам жадаючы паказаць госцю прыклад.

Сядзелі адзін перад адным, апусціўшы вочы ў талеркі, рабілі выгляд, што ядуць, і маўчалі. Доўга маўчалі. Гэта былі цяжкія хвіліны.

Іван Васільевіч дакараў сябе:

«Навошта я гэта зрабіў? Каб парушыць душэўны спакой яе, Надзін, свой? Праўда, на якое ліха ёй цяпер бацька? Ды яшчэ такі. Удачараць трэба было тады, у вайну, калі яна была дзіця. Але тады чамусьці і ў галаву не прыйшло, што ёй трэба бацька. Зараз прыйдзе Надзя і… не пацвердзіць… Разбурыць усё. І мне, хлусу, як пабітаму сабаку, прыйдзецца пакінуць хату… Як я гляну ёй у вочы? Ужо і цяпер цяжка глянуць ёй у вочы».