— Даруй, Надзя…
— За што, Ваня? — яна здзівілася так шчыра, што Іван Васільевіч не стаў больш нічога казаць: здалося, што і настрою яе не адчувае і ўвогуле ўсё ўскладняе — апанавала гэткая няхлюдаўшчына. Трэба горача абняць яе, абсыпаць пацалункамі; так рэдка ў яе бывае такая радасць. Прыцягнуў да сябе. Надзя сама, неяк зусім інакш, чым: раней, пацалавала яго і… адхілілася. Сказала:
— Закружыў галаву ёй гэты Алег Гаўрылавіч.
Іван Васільевіч не адразу зразумеў, што Надзя — пра дачку. Зразумеў — і тут жа адчуў: Віталія стаіць паміж імі, стаіць так, як не стаяла ніколі. Маленькая, яна збліжала іх. А цяпер, калі ён так наблізіў яе самую, гэта выводзіць адносіны Надзі і яго ў зусім другое рэчышча, у якое — яшчэ невядома, але няпэўнасць, новая мана, якую яна прыняла з бояззю і радасцю, дзіўна і своеасабліва адчужае іх. Ці можа ўнутраны халадок гэты мае больш простую прычыну: гады? Гады ўвогуле і шэсць год, якія яны не бачыліся.
— А ў яе, па-мойму, гэта першае сур’ёзнае пачуццё. І мне боязна…
— Чаго?
— Яна захоплена, як вучаніца… у шаснаццаць год. А ёй дваццаць тры…
— Якая розніца. «Любви все возрасты покорны», — Іван Васільевіч адгарнуў хрэстаматыю на партрэце Пушкіна.
— Ты не разумееш, Іван. Яна настаўніца, а ён — дырэктар. Злыя языкі пускаюць плёткі.
— Божа, якая ты стала правільная.
— Я — маці.
— Калі яны кахаюць адно аднаго, як ты кажаш, — чаго табе баяцца плётак? Без плётак было б сумна.
Жанчына ўздыхнула.
— Мая бяда, што я не веру, што і ў яго гэта так жа сур’ёзна і так… рамантычна, як у яе. Ён быў ужо жанаты. Але не гэта мяне палохае. Яму — трыццаць два гады. У жыцці ўсялякае бывае. Але каб ён быў да канца шчыры. А ў мяне ўвесь час адчуванне, што ён нешта тоіць…
— У кожнага ёсць свая тайна.
— Так, у кожнага з нас свая тайна. Але я хаваю сваю тайну дзеля спакою і шчасця блізкага чалавека — дачкі. А ён дзеля чаго?
— А якая тайна ў яго? Што ты падазраеш? Ён жа сказаў, што быў жанаты. Ці разведзены — можна праверыць.
— Ненавіджу праверкі! Я хачу верыць чалавеку. Віта верыць, як дзіця! Як яна накінулася на мяне, калі я пачала аднойчы размову пра гэта… асцярожна, далікатна. А яна… ты паглядзеў бы, як закіпела! Абразіла мяне: «Ты па сабе мераеш усіх!»
— А праўда: чаму тое, што ён, магчыма, не аформіў развод, здаецца такой небяспечнай тайнай? Ты сама, кажаш: у жыцці ўсялякае бывае. Ну, добра, быў жанаты. Ну, не атрымалася… Невядома, па чыёй віне.
— Але ж каб ён шчыра прызнаўся. Самае страшнае — расчараванне, Іван. Самае страшнае. Я ведаю, што гэта такое… Мне тады было дваццаць два…
— Але ў цябе былі іншыя прычыны.
— Усё адно. Гэта страшна! Толькі шчырасць збліжае, родніць людзей на ўсё жыццё. Як у нас з табой. Ты нічога не таіў ад мяне, я — ад цябе. У цябе быў абавязак. І я палюбіла цябе яшчэ больш, калі ты пайшоў да сям’і.
— Віта не здалася мне такой ужо рамантычнай. Разважанні яе вельмі цвярозыя.
— О не! Ты памыліўся. Знешне яна нібы грубая, дзёрзкая. Але я ведаю, як лёгка раніць яе сэрца. Яна ўсюды ваюе за праўду. З усімі задзіраецца. Там сварылася з дырэктарам школы, з райана, а тут ужо колькі разоў налятала на дырэктара саўгаса. За культуру. А ён, Алег, не толькі не стрымлівае яе, а падбівае на такія наскокі. А сам заўсёды ўмее застацца ўбаку. Не падабаецца мне… Не люблю я такіх. Ты калі-небудзь станавіўся збоку, калі ў бойку лезлі блізкія людзі?
Іван Васільевіч падумаў:
«Калі Надзя не памыляецца, то ананімка магла пайсці ад яго. Віталія расказала па прастаце душэўнай, і ён не стрымаўся, каб не „сігналізаваць“. О, вядуцца яны яшчэ, такія „сігнальшчыкі“! Калі так, то паганы чалавечак!»
— А можа антыпатыя да яго ў цябе ад рэўнасці, што ён, чужак, робіцца дарагі тваёй дачцэ? І ад страху, што ён забярэ яе ад цябе?
— Можа, — сумна згадзілася жанчына. — Ты ўсё яшчэ партызан, а я ўжо не партызанка. Я баязліўка. Віта рыхтуецца ў партыю, і я таксама баюся.
— Чаго?
— А калі не прымуць? Які для яе будзе ўдар!
— Чаму не прымуць?
— За характар. Задзіраецца з людзьмі. Дырэктар саўгаса што скажа — тое і будзе.
— Не той час, Надзя. У цябе старыя ўяўленні.
А самога кальнула трывога. Але з іншай прычыны.
«У партыю цябе прымуць. Партызанская дачка. Але пасля можа здарыцца, што спытаюць: чаму схавала „факт сваёй біяграфіі“? О, гэты злашчасны факт! І ніхто, ніхто не паверыць, што ты нічога не ведала. Але, не павераць. І можа здарыцца, што тады ўжо не будзе такога сведкі, як я. А факты біяграфіі застануцца. Іх будуць па-ранейшаму правяраць. Выходзіць, я маню не толькі табе… Недарэчная сітуацыя. Можа пераканаць Надзю, што лепш сказаць праўду? „Толькі шчырасць збліжае людзей“. Няхай перажывуць адзін раз… Не, Надзя не згодзіцца, падумае, што я спалохаўся. Ёй трэба выкрасліць таго са свайго жыцця і з жыцця дачкі назаўсёды. Яна рада майму прызнанню і… нават майму паведамленню…»