Выбрать главу

— Пра што ты задумаўся, Іван?

— Я? Пра дзяцей… Пра нашых… Пра маіх дзяцей.

— Прабач. Я не паспела спытаць, як твае…

— Я, здаецца, казаў: еду ад сына. Не, гэта я Віталіі казаў… Ён у Крыму, у берагавой ахове. Служба пайшла яму на карысць. Але перажытае зрабіла яго крыху замкнутым. Гісторыя ва універсітэце…

— Я ж не ведаю пра гэтую гісторыю. Ты напісаў два словы.

Ён расказаў.

— У цябе былі непрыемнасці?

— Тады — не. Так, размова… А пасля… Пасля прыгадалі ўсё. Сына таксама. Тады я моцна ўзлаваўся на Васіля: мамчын сынок, качаўся, як сыр у масле, і яшчэ незадаволены, пратэстуе… Супраць чаго? А цяпер разумею — супраць чаго. Мы, старыя, патроху звыкаемся з глупствам, подласцю, ханжаствам. І часам праходзім міма іх носьбітаў. Абы спакойна жыць. Маўляў, нічога не пераробіш. А яны, моладзь, не хочуць спакойна жыць, яны хочуць гарэць, а не тлець. А мы часам заліваем гэты агонь… затоптваем груба… ботамі. Баюся, што Вася таксама ўжо ніколі так не загарыцца. Будзе правільны. Не люблю правільных. Вельмі часта гэта людзі з двайным дном. Мне захацелася пасля сустрэчы, каб Васіль вярнуўся дадому. А яго прываражыла мора… Што-небудзь ці хто-небудзь іх прыварожвае, і яны адыходзяць ад нас. Такі закон…

— А Лада? Замуж не выйшла?

— О не! У яе ўсё гарэнне — на навуку. Здаецца, расце вялікі фізік. Лада — мая любоў. З ёй мы знайшлі правільную форму адносін… бацькоў і дзяцей. Мы спрачаемся. А ў спрэчках — ісціна…

Так, па-сямейнаму, разважліва, яны прагаварылі, пакуль не вярнулася Віталія і з ёй — Алег Гаўрылавіч.

Надзя першая пачула іх галасы. Усхапілася, як бы спалоханая ці збянтэжаная.

— Ідуць…

Дырэктар прынёс дзве брытвы: электрычную і «безапаску», Растлумачыў:

— У мяне дык гэтая не голіць падбародак. Прыходзіцца папраўляць старым метадам.

Пазнаёміўся ён проста, не выяўляючы залішняй цікавасці. Увогуле, адчувалася, што гэта даволі стрыманы чалавек — ва ўсім: у словах, ва ўчынках, нават у жэстах. Было ў яго нешта ад драматычнага акцёра, які ведае сабе цану.

Антанюк так і падумаў адразу, бо ведаў і дрэнных і добрых акцёраў. Але ведаў і другое: бывае, што добры акцёр — паганы чалавек. А для яго заўсёды ў першую чаргу — чалавек. Але па ўсім відаць, што гэты акцёр — Алег Гаўрылавіч — не так проста выявіць сваю чалавечую сутнасць.

Іван Васільевіч уключыў «Харків» у разетку. Брытва гудзела, як трактар. Можна памаўчаць, каб не павышаць голас, і разгледзець новага знаёмага. Што ж, мужчына прыгожы, такія асабліва падабаюцца жанчынам. Высокі. Сапраўды з акцёрскай паставай. Сеў на канапу, закінуў нагу на нагу. Спытаў у Пятроўны дазволу закурыць. З лістка паперы хутка і ўмела зрабіў попельніцу — чаўнок. Твар хударлявы, прадаўгаваты. У светлыя і досыць густыя яшчэ валасы ўразаюцца затокі — залысіны, гэткія прафесарскія; яны пашыраюць поле лба, такі лоб прыцягвае ўвагу, і людзі наіўныя часам думаюць: о, гэта розум! Але Іван Васільевіч нярэдка бачыў «сакратавы лбы» ў дурняў. За сваё жыццё Іван Васільевіч усё бачыў.

У профіль твар дырэктара выглядаў горш. Што яго псуе? Ах, нос. Ён надае твару трохі драпежны выгляд. Не, не ястрабіны. Нос без гарбінкі, нават кончык яго задзёрты. На каго ж ён падобны? На шчупака? Не, не тая лінія. Ды і драпежнасці бадай-што няма. Нядобра вышукваць несімпатычныя рысы ў чалавека, якога пакуль што не ведаеш. Ды і ўвогуле не ў знешнасці сутнасць.

Ён пісаў ананімку ці не ён?

Каб здагадацца, трэба даведацца, калі ён пачуў пра яго, Антанюка. Калі і што яму расказвала Віталія? Але як падступіцца, з чаго пачаць?

Іван Васільевіч выключыў электрабрытву.

— Папраўлю і я старым метадам.

— На сухую?

— На сухую. Праўда, у мяне шчаціна жорсткая. Як у старога дзіка.

Віталія засмяялася. Яна стаяла каля стала, адсунутага на сярэдзіну пакоя, няспешліва працірала талеркі, расстаўляла іх, па-дзіцячаму схіліўшы галаву, любавалася сваёй работай і… мужчынамі. Незвычайнымі мужчынамі. Не нейкімі там сваімі аднакурснікамі-шалапутамі. І не старымі настаўнікамі, што часам прыходзяць у клас з хлявоў, у гумавых ботах, залепленых гноем. З такімі яна ваявала, і яны не любілі яе. А гэтыя двое любяць яе, няхай па-рознаму. Зычаць шчасця. Прынясуць шчасце.