Выбрать главу

Старэйшы ўжо прынёс нешта такое, што, напэўна, можна назваць шчасцем, каб не было яно такое нечаканае і не выклікала такія складана-супярэчлівыя пачуцці. Яна сама яшчэ не вырашыла, як адносіцца да таго, што сказаў гэты чалавек. Але ёй прыемна, амаль радасна. Зараз яны абодва любыя ёй. Падабаецца іх мужчынская стрыманасць, акуратнасць. Нават гэтае галенне электрабрытвай. Ніякага намыльвання, пэцкання пэндзлем.

— …Але я да ўсяго прывык, — стоячы перад люстрам, працягваў гаварыць Іван Васільевіч. — Аднойчы ў блакадзе ў нашай групе — нам прыйшлося разбіцца на групы для прарыву — не аказалася ніводнай брытвы. Хлопцы адрасцілі вось такія барадзінскі. А я, на. злосць немцам і ў прыклад сваім, галіўся. Шклом. Падабраў каля разбітай леснічоўкі асколкі шыбы і шкроб імі. Без мыла. Канечне, выць хацелася… Але не здаваўся.

— Ведаеце, я сёння быў пасаромлены, — сказаў Алег Гаўрылавіч.

Іван Васільевіч павярнуўся да яго. Віталія насцярожылася: застыла з паднятай талеркай.

— Калі Віталія Іванаўна сказала мне, што да маці прыехаў яе партызанскі камандзір. Я паўгода працую тут і не ведаў, што Надзея Пятроўна — партызанка. Дырэктару гэта недаравальна — так не ведаць сваіх людзей. Праўда? Безумоўна, вінавата Віталія…

Дзяўчына добрай шчырай усмешкай папрасіла прабачыць, што не расказала пра маці раней.

Іван Васільевіч з палёгкай уздыхнуў. «Дзякуй богу, не трэба ніякай дыпламатыі. Усё проста і так хутка вырашылася. І ў найлепшы бок. Але, Віта нічога не магла расказаць пра нашы адносіны. Ні ў якім разе. Нават чалавеку, якога пакахала. Ці хутчэй — тым больш такому чалавеку. Кінуць цень на маці? Ніколі! Ды яшчэ пры тым, што яе ўласнае нараджэнне заставалася ў пэўным сэнсе загадкавым.

Значыцца, Леанід Мартынавіч меў рацыю: ананімачку пісаў нехта з маіх старых сяброў. Хто? Зноў Каралькоў? Няўжо так доўга трымае чалавек злосць? Счарнееш, Каралькоў! Хто яшчэ ведае пра Надзю з тых, хто блізка? Усё ведае Будыка. Але Валька ананімак не стане пісаць. Навошта яму? Каб яго прарвала, то хутчэй за ўсё ён расказаў бы Вользе. Але і тут начштаба паводзіць сябе, як мужчына.

Даволі адкрыць, што побач з табой не даносчык, не інтрыган, — і як мяняецца настрой. Далібог, ён сімпатычны хлопец, гэты Алег Гаўрылавіч. Дарэмны твае страхі, Надзя! Я з задавальненнем вып’ю за ваша шчасце, дзеці. Урэшце, ніхто не ведае, з кім яго знойдзеш, сапраўднае шчасце».

VIIІ

Пасля абеду яны пайшлі гуляць. Утраіх. Маці засталася парадкаваць у хаце. Прапанавала пагуляць Віталія. Ці то ад выпітага віна, ці ад шчасця яна рабілася ўсё больш і больш вясёлай. Маўкліва-стрыманая спачатку, нязлосна-іранічная недзе ў сярэдзіне абеду, пад канец дзяўчына ператварылася ў вясёлую рагатуху. Цяпер яна ўжо не таіла сваіх пачуццяў да Алега Гаўрылавіча. Нават пры Іване Васільевічу цмокнула дырэктара ў шчаку. Ён, на дзесяць год старэйшы за яе, збянтэжыўся. Дзіўна, але гэта — адно толькі гэта — не спадабалася Антанюку. Не верыў ён у цнатлівасць такога мужчыны. А ўсё, што не ад шчырасці, што ігралася, насцярожвала.

— Мы пакажам вам, чым слаўна і бясслаўна сталіца князя Сівалоба, — сказала весела Віталія.

— Сівалоб, — дырэктар саўгаса, — растлумачыў без усмешкі Алег Гаўрылавіч.

— А то ж вы ні разу добра не разгледзелі.

Дзяўчына ўсё яшчэ помсціла за тыя тайныя кароткія прыезды ці можа за тое, што ён так доўга хаваўся ад яе. Іван Васільевіч разумеў. Але сказаў:

— Я добра разглядаў гэтую «сталіцу» дваццаць гадоў назад. Мы выбівалі з яе паліцэйскі гарнізон.

— О, калі тое было! Любіце вы, партызаны, пахваліцца былымі заслугамі. Адна мама не любіць. З яе слова не выцягнеш. Але цяпер маму мы з Алегам Гаўрылавічам прымусім расказаць. Будзе дваццацігоддзе Перамогі — стэнд герояў зробім, цябе, мама, — на першае месца.

— Не мялі глупства, — па-настаўніцку строга сказала Надзея Пятроўна. — Ідзіце гуляць.

Надвор’е не змянілася за дзень. Было хмурна і ціха. ’Чуць марозіла. Гэтак жа, як раніцой, зрэдку ў паветры кружылі лёгкія-лёгкія, як таполевы пух, сняжынкі. Але і ў бязветранасць такую снег не засыпаў зямлі. Нячутнае дыханне здзьмухала яго.

Поле чорнае. І вуліца таксама. Толькі бялела каля парканаў, у канавах, у разорах і ярах.

Каб выйсці на «цэнтральны праспект», як іранізавала Віталія, яны пайшлі праз гароды. Вачам адкрылася зарэчнае балота, у гэты дзень жоўтае, як іржавая вада, з рэдкімі бярозкамі і маладым ляском удалечыні, недзе на тым краі.