Выбрать главу

Іван Васільевіч з гумарам сказаў пра гэта. Рассмяшыў Алега Гаўрылавіча. А Віталія ўздыхнула: — А на рамонт школы кубаметр дошак бывае цяжка выпрасіць.

Але, бывае і так. Усё залежыць ад таго, які след пакінула школа ў галаве таго ці іншага кіраўніка. На жаль, неаднолькавы след яна пакідае, не аднолькавай глыбіні барозны ў мазгах.

Яны не спыняліся, каб разгледзець старыя ці новыя пабудовы. Асабіста Івана Васільевіча больш цікавілі старыя, іх своеасаблівая архітэктура, палеская, непаўторная. Ён быў адзін з тых нямногіх, хто горача падтрымліваў ідэю аб стварэнні музея сялянскага быту, такога музея, які стаў бы даследчым цэнтрам, каб і архітэктары, якія праектуюць новыя сёлы, маглі павучыцца і выкарыстаць элементы нацыянальнай архітэктуры, а не капіравалі чужое, далёкае і непатрэбнае.

Дырэктар саўгаса сустрэў іх, калі яны вярталіся назад. Безумоўна, зрабіў выгляд, што сустрэў выпадкова, ідучы з работы. Антанюк ведаў гэтага чалавека (на прозвішча, калі яго назвалі, хоць і каларытнае яно, не звярнуў увагі — ці мала Сівалобаў!). А так — здалёк пазнаў і нават імя, па бацьку прыгадаў: Гардзей Лукіч.

Сівалоб некалі працаваў намеснікам начальніка абласнога ўпраўлення. Праўда, займаліся яны рознымі галінамі, і Антанюк непасрэдна не кіраваў ім, не сутыкаўся па рабоце. Але страчаліся часта — на калегіях, нарадах. З першага знаёмства Гардзей Лукіч, высокі, сутулы, з лысінай, але заўсёды паголены, у беласнежнай сарочцы і з акуратна завязаным гальштукам, хоць і ў пакамечаным касцюме — прыкметна, што чалавек многа часу праводзіць у машыне, — рабіў уражанне. Знешне больш падобны на прафесара, чым на сельскагаспадарчага кіраўніка. І трымацца ўмеў — паважны, спакойны, немнагаслоўны. Гэтым браў. Праз гэтыя і некаторыя іншыя якасці пэўны час лез па службовай лесвіцы. Пакуль не зразумелі, што, каб кіраваць такой складанай галіной гаспадаркі ў абласным маштабе, трэба мець нешта большае. Але доўга яшчэ трымалі — па інерцыі: куды дзенеш наменклатурнага таварыша? Гады тры назад мусілі-такі спусціць на раённае ўпраўленне. Не ўтрымаўся, выходзіць, і ў раёне. Вось дзе вынырнуў Гардзей Лукіч! Але дырэктар цяпер — фігура!

Узрадаваўся, задаволена засмяяўся, шырока развёў доўгія рукі, нібы сабраўся падляцець насустрач, як той гусак. Загудзеў:

— О-о, каго бачу! Іван Васільевіч! Якія вятры занеслі ў нашы балоты? У камандзіроўцы? — доўга трос руку.

— Не… У гасцях.

— У каго? У яго? — працягнуў руку Алегу Гаўрылавічу.

— Не. У яе, — кіўнуў Антанюк на Віталію, якая збоку са скептычнай усмешкай назірала за іх сустрэчай, за прытворнай радасцю гаспадара абшараў.

— У яе? — здзівіўся, але тут жа спахапіўся, павярнуўся, каб павітацца, сказаў галантна: — Маю гонар, дарагая Віталія… Віталія…

— Іванаўна, — падказаў Антанюк.

— Помню, помню… Як жа! Але часам такія простыя імёны баішся пераблытаць. Гады, ведаеце… Склероз. Сваякі?

— Сваякі,— хутка адказала Віталія, магчыма, не жадаючы, каб Іван Васільевіч тлумачыў, што з маці яе разам партызанілі.

— То прашу быць і маім госцем, Іван Васільевіч! Дом вунь побач. Дзякуй, збудаваў папярэднік. Нішто хаціна.

— Ды не, дзякуй. Толькі ад стала.

— Ды хіба пагасціць — то абавязкова да стала. Можна — па шклянцы кавы. Мая жонка ўмее гатаваць цудоўную каву. І паглядзець у мяне ёсць што.

— Не будзем крыўдзіць гаспадара, — сказаў Алег Гаўрылавіч: яму хацелася зайсці.

Іван Васільевіч падумаў, што Сівалоб прыкметна змяніўся: менш стала паважнасці, уяўнай незалежнасці, больш — ліслівай мітуслівасці.

«Не ведае, пэўна, што я на пенсіі», — гэта развесяліла.

Паглядзець у доме сапраўды было што. Музей. Сцены пакояў завешаны карцінамі. Палотны мастакоў невядомых, пэўна невысокага таленту, але ж — арыгіналы. Больш — пейзажы. На дзвюх-трох карцінах Іван Васільевіч пазнаў знаёмыя мясціны, якімі не аднойчы любаваўся сам. Асабліва многа было Нёмана і Гродна.

Але раней, чым карціны, уразіла гаспадыня, якая сустрэла іх на прасторнай верандзе. Маленькая, але зграбная жанчына з прывабнымі ямачкамі на шчоках, з малінавымі вуснамі, як бы прыпухлымі ці капрызна надзьмутымі, што надавала яе твару міла-дзіцячы выраз. Была яна на добрых гадоў пятнаццаць маладзейшая за свайго лысага мужа. Проста, але не без густу адзетая — шарсцяны шэры касцюм, зялёная нейлонавая куртка на «бліцы». Куртку гэтую яна адразу ж зняла, завёўшы гасцей у цёплы дом.