Выбрать главу

І яшчэ адно ўразіла Івана Васільевіча — мэбля. Тут, у палескай глушы, стаялі стыльныя гарнітуры не бабруйскай, не мазырскай фабрыкі, а імпартныя, чэшскія ці нямецкія. Адкуль узяліся грошы, каб купіць усё гэта? Тры апошнія гады Сівалоб — на раённых пасадах. Ды і раней не такі ўжо высокі меў аклад. Ён, Антанюк, атрымоўваў у два разы больш, але каб і захацеў, то наўрад ці накапіў бы (як заклікаюць рэкламы ашчадных кас: «Деньги накопил — мебель купил»), каб набыць такую мэблю, а тым больш карціны. Чорт яго ведае, можа чалавек, які не ўмеў кіраваць саўгасамі, — мастак, мастак у душы і прызванне яго — збіраць карціны, рабіць прыгожыя інтэр’еры, любавацца імі. Можа гэта яго хобі. Ёсць жа ў яго, Антанюка, сваё хобі — паляванне.

Гаспадыня знікла — пайшла на кухню. Гаспадар паказваў гасцям карціны.

— Гэта Нёман ля Мастоў. Помніце, Іван Васільевіч? Дубы ля ракі. Гэта від з Нёмана — на Каложскую царкву. Друскенікі. Парк. Іван Васільевіч помніць. Мы з ім адпачывалі там. А гэта ўжо Дзвіна, Полацк. У сучасным пейзажы мастак шукаў прыкметы старажытнасці. Звярніце ўвагу…

Высокі, сутулы, лысы, ступаў ён мякка, як кот, і тут, у сваім доме, паважна, немітусліва, і ў голасе з’явіліся ранейшыя ноткі. Чалавек іграў глыбокага эрудыта.

Іван Васільевіч успомніў голас, паставу, першае ўражанне ад знаёмства з Сівалобам і ўсю эвалюцыю свайго стаўлення да гэтага дзеяча і цяпер не верыў нават таму, што ён расказваў пра карціны, не верыў глыбакадумнасці знаўцы мастацтва. Усумніўся нават, што гэта — страсць, захапленне?.. Хіба можа не яго захапленне, а той прывабнай жанчыны?

Віталія — Іван Васільевіч сачыў за ёй — спачатку глядзела на карціны з амаль дзіцячым захапленнем, а потым каля вуснаў яе з’явілася скептычна-насмешлівая маршчынка і пачала паглыбляцца, пакуль не зрабілася іранічнай усмешкай, зусім адкрытай.

— Гэта вы купілі ўсё, ці вам падаравалі? — спытала дзяўчына.

— І купляў, і дарылі. Таму, хто купляе, мастакі любяць дарыць. Пачала Маша. Яна жыла сярод мастакоў. А пасля і я загарэўся. Пазнаёміўся. Вазіў мастакоў на рыбную лоўлю. Я лавіў рыбу, варыў юшку, а яны пісалі эцюды і дарылі мне. — Сівалоб задаволена засмяяўся і пагладзіў лысіну: маўляў, разумная галава.

— Падарылі б вы школе гэтыя карціны, — сказала Віталія.

Сівалоб на міг застыў ад нечаканасці. Потым з натугай, з сутаргамі на твары выдавіў з сябе басавіты рагаток:

— Э-э, дарагая Віталія… Віталія… — зноў забыўся такое простае імя па бацьку. — Вы не ведаеце псіхалогіі калекцыянераў. Паспрабуйце папрасіць у філатэліста паганенькую марачку. Не дасць. Не таму, што скупы. Не зможа расстацца. Дык то ж марачка, а гэта карціна, твор мастацтва. Карціны пачынаеш любіць, як уласных дзяцей.

— У вас ёсць дзеці? — спытала Віталія.

Гардзей Лукіч сумеўся.

Іван Васільевіч здагадаўся: у яго ёсць дзеці, у яе няма, у гэтай прывабнай аматаркі мастацтва. Азірнуўся на адчыненыя дзверы — ці не пачула яна? — і ўбачыў яе ў пакоі з падносам у руках. Чула. Ямачкі на шчоках пабялелі, а вакол іх шчокі запунсавелі. Але сказала без злосці, са смуткам і ласкавым дакорам, ставячы паднос на стол:

— Вы ж добра ведаеце, што ў нас няма дзяцей.

— Адкуль мне ведаць? Вы ж немаладыя людзі ўжо, — бязлітасны ўдар па гаспадыні.— У вас могуць быць дарослыя дзеці, вучыцца дзе… Вы ўжо год у нас — і нікога з настаўнікаў не запрасілі паглядзець вашы карціны, — удар па абодвух.

— Я заходзіў не аднойчы, — сказаў Алег Гаўрылавіч.

— Паўгода Гардзей Лукіч жыў адзін, — далікатна апраўдвалася гаспадыня. — А пасля пакуль уладкаваліся… Калі ласка, просім, дом наш адчынены, — але колеры на яе шчоках перамяніліся: паружавелі ямачкі, і пабялелі шчокі каля вушэй.

— А сабачкі ў вас няма? — раптам наіўна, як малая, спытала Віталія. — Я вельмі люблю такіх малюсенькіх сабачак, што ляжаць на канапах.

Віталія секла з-за пляча. Віталія здзекавалася. Івану Васільевічу зрабілася боязна за яе. Стаў зразумелы Надзін страх за дачку. Такія, як Сівалоб, не даруюць непавагі. Хоць, здаецца, ён не зразумеў і адказаў шчыра, нават са шкадаваннем:

— Сабачкі няма.

А Маша — такое простае народнае імя, ніякага мяшчанскага адцення! — схіліўшыся над нізкім круглым столікам, каб не відно было твару, расстаўляючы маленькія кубкі, сказала з такім жа сарказмам — маўляў, як пытаеш, так адказваю:

— У нас ёсць кошка. Яна ловіць мышэй.

Тады толькі, напэўна, зразумеў сам і вярнуў гутарку назад да карцін:

— Вось калі пабудуем клуб, тады — так і быць! — аддамо частку карцін туды. Аддамо, Маша?

— Ты ведаеш, колькі я раздарыла іх.