Выбрать главу

— Што праўда — то праўда.

Гаспадыня ўзняла галаву, ямачкі на шчоках прыветліва смяяліся: адхлынула ад твару кроў гневу, і жанчына радавалася, што ўдалося схаваць сваю раздражнёнасць.

«Ад каго схаваць? Ад нявопытнай Віты, ад самаўпэўненага Алега Гаўрылавіча? Але не ад мяне, старога ваўка», — падумаў Антанюк.

— А калі ён будзе, той клуб? — зноў наступала Віталія.

— Прабіваю. Усімі сіламі націскаю. Вы думаеце, лёгка прабіць міністэрскіх планавікоў? Давайце папросім разам Івана Васільевіча, каб памог нам. Хоць ён сядзіць не на саўгасах, але голас яго важкі.

«Каб ты ведаў, што я ні на чым не сяджу, — не бачыць бы мне тваіх карцін. Сказаць? Паглядзець, якая ў цябе будзе фізіяномія? Не, не варта. Невядома, як вы паведзяце сябе. Віта не стрывае, калі вы праявіце хамства, і гэта ўскладніць яе жыццё».

— Памажыце нам, Іван Васільевіч, — з наіўнай шчырасцю папрасіла Віталія.

Антанюка скаланула — не мог зразумець, ці гэта здзек і з яго, з яго пенсіянерства, ці вера яе, што і пры цяперашнім сваім становішчы ён нешта можа зрабіць?

Частавалі Сівалобы таксама звышмодна, нібы ў пасольстве якім: Маша паставіла на стол маленькія чаркі, бутэльку каньяку, прыгожы кафейнік, тонкія лустачкі хлеба, масла ў адмысловым слоіку і скрылёчкі духмянай брынзы. І ўсё. Прыгожа, проста, апетытна. Ці даўно ад гасціннага стала, а захацелася пакаштаваць і масла, і брынзы, і кавы, ды і чарку каньяку выпіць. Хто ж з іх такі мастак? Безумоўна, яна, гаспадыня. Але ж з такім тонкім густам не пабаялася паехаць у палескую глухамань. Ці іншага выбару не было?

Спрытнасць, з якой гаспадыня сабрала на стол, уменне зрабіць усё так прыгожа, ціхая, ласкавая гасціннасць і стрыманасць яе ўтаймавалі Віталію. Дзяўчына сцішылася, нават скептычная ўсмешка знікла з твару, здалося, трохі нават збянтэжылася, калі запрасілі да стала, не ведала, як падступіцца, з чаго пачаць. Крэслаў да стала не падсунулі, сядаць не запрасілі. Сапраўды як на прыёме. Гаспадар наліў каньяк. Падняў чарку.

— За здароўе нашага госця Івана Васільевіча.

«Паехаць ты паехаў у саўгас. Мусіў. Але працаваць табе тут не хочацца. Рвешся назад у горад. Таму і арганізаваў усю гэтую паказуху, каб ашаламляць людзей простых: вось, маўляў, куды саслалі такую жанчыну, з такім густам», — і зноў захацелася сказаць, што ён, Антанюк, — пенсіянер, дарэмна перад ім стараюцца. Але зноў стрымаўся.

Выпілі стоячы. Гаспадыня паказала прыклад, як паводзіць сябе далей: наліла кавы, зрабіла бутэрброд з маслам і брынзай і, захапіўшы свой кубачак, села воддаль ад стала.

Віталія пацягнулася да яе — села побач. Віталія ішла на мір.

— Што вы канчалі? Якая ў вас прафесія?

— Я канчала інстытут лёгкай прамысловасці. І працавала мастаком-мадэльерам у атэлье.

— О, і вы хаваеце гэта! Паўгода жывяце — і ніхто не ведае. Навучыце нашых дзяўчат шыць.

— Мастак, Віталія, не шые.

Настаўніца збянтэжылася. Куды дзелася яе іронія! Чалавека, які ўмее рабіць тое, чаго не ўмее яна, нельга не паважаць.

— Прабачце, я не так сказала. Я разумею. Вось гэтаму і навучыце нас — добраму густу. Нарысуйце новыя фасоны, каб прыгожа было, зручна. Да нас жа тады ўвесь раён кінецца. З райцэнтра будуць прыязджаць.

Маша падумала і, мабыць, убачыўшы нейкую новую перспектыву для сябе, згадзілася:

— Добра. Давайце створым такі гурток.

— Не, праўда, вы не ўяўляеце, як гэта патрэбна і як хораша будзе. І для вас! Вам жа сумна…

Іван Васільевіч распытваў гаспадара пра саўгас. Скардзіўся Сівалоб: неразумна плануюць, без уліку таго, што іх саўгас за сто вёрст ад горада і вакол бездарожжа, вясной і ўвосень да чыгункі можна толькі на трактары дабрацца. Казаў праўду, але не без хітрасці: асцярожненька капаў на сваё кіраўніцтва, падкідваў факцікі — ведаў Антанюкоў характар, разлічваў, што той не змоўчыць, дзе-небудзь выкажа гэтыя факты.

«Усё ты ведаеш. Дзіўна, чаму ты не ведаеш, што я на пенсіі? Ці не шукаў ты ў той час шчасця дзе-небудзь у другой рэспубліцы?»

Саўгасныя справы па-сапраўднаму цікавілі Івана Васільевіча, і размова ішла жыва. Сівалоб расказвае не без хітрыкаў. Але і ён, Антанюк, распытвае, каб зразумець — які той дырэктар? Якія ў яго планы? Як за год вывучыў гаспадарку, людзей? І паступова пераконваўся: не змяніўся Гардзей Лукіч Сівалоб, якім быў, такім застаўся, зверху блішчыць, а ўсяродку — пуста. Глыбакадумна выказвае агульнавядомыя ісціны — пускае пыл. А эканоміку не ведае. Кіруе ўвогуле. Вось жа праклятая інерцыя! У атэлье яго трэба было ўладкаваць разам з маладой жонкай, няхай бы моднічалі, а не саўгас даручаць. Дык не ж — лічыцца спецыялістам па зямлі. Круціцца на адной і той жа арбіце.