Маша паказвала свае эскізы новых фасонаў. Да жанчын далучыўся Алег Гаўрылавіч; сумная для яго была размова пра саўгасную эканоміку.
Доўга пілі каньяк. Так і не дапілі. Паўпляшкі засталося — для іншых гасцей.
Віталія спытала на вуліцы:
— Што гэта за парода, Іван Васільевіч?
— Мілыя людзі,— адказаў Алег Гаўрылавіч.
— О, гэта вельмі цікавая парода! — сказаў Антанюк.
Пасля, ужо ў змроку, калі загарэліся агні і ў святле, што падала з вокнаў, кружыліся дзіврсныя матылі, яны хадзілі па вуліцы ўдваіх — Антанюк і Віталія. Правёўшы Алега Гаўрылавіча, вярталіся дадому, дзе іх чакала Надзя, чакала з нецярплівасцю і трывогай. Каля сваёй хаты дзяўчына папрасіла:
— Раскажыце… пра маіх сясцёр і брата.
За дзень, у размовах з людзьмі, Іван Васільевіч неяк адышоў ад таго, што здарылася раніцой, амаль забыўся на сваё рызыкоўнае прызнанне, а калі прыгадваў, то здавалася яно далёкім сном, фантазіяй, якая нікога не кранула, нічога не змяніла. Надзя, Віта жылі па-ранейшаму сваімі клопатамі і пра іх, штодзённыя клопаты, больш за ўсё гаварылі. Ажно — не, не так усё проста. Выходзіць, дзяўчына жыла ўвесь дзень з думкамі пра яго бацькоўства, больш таго — пра сваіх сясцёр і брата.
Нечакана просьба яе ўразіла Івана Васільевіча: як усё гэта важна і сур’ёзна, якую адказнасць ён узяў на сябе! І як заблытаў свае адносіны з многімі блізкімі людзьмі!
Ён пачаў расказваць пра Ладу. Чаму пра яе першую? Відаць, жыла падсвядомая вера, што Лада раней, чым хто іншы, можа зразумець яго… Напэўна, ён даўжэй, чым трэба, і з большым захапленнем гаварыў пра малодшую дачку. Віталія — о жах! — сказала з дзіцячай рэўнасцю:
— Больш за ўсіх любіце Ладу.
Іван Васільевіч спахапіўся.
— Ды не, цяжка сказаць, каго больш, каго менш. Бацькоўскія пачуцці — складаная рэч. Колькі дзён назад я адчуў такі смутак па сыне, што не ўтрымаўся і ў тую ж ноч паехаў… А пасля…
Хацеў сказаць: «А пасля, у поездзе, — па табе і, бачыш, апынуўся ў вас», — але не сказаў, не хацеў больш маніць, бо ў поездзе ён думаў пра яе маці.
Віталія не звярнула ўвагі на гэтае «а пасля». Ціха, нясмела папрасіла:
— Можна мне як-небудзь прыехаць да вас?
Такая натуральная просьба! І калі ўжо ён рашыў рызнаць яе сваёй дачкой, то, безумоўна, павінен быў адразу адказаць: «Вядома ж, можна».
Дзіўна, чаму ён затрымаўся з адказам?
Віта спытала шэптам:
— Вы баіцеся, што гэта ўскладніць вашы адносіны з сям’ёй? З вашай жонкай…
— Не. Я не баюся.
— Я нічога не скажу. Я — дачка вашага партызанскага сябра. Няўжо ніхто з дзяцей вашых сяброў не заходзіць? Мне так хочацца пазнаёміцца…
— Пра што ты кажаш! Вядома ж, можна. Трэба! Абавязкова трэба прыехаць! Ты — дачка майго лепшага сябра! Там, у лесе, твая маці была самым блізкім мне чалавекам. І ты! Дзіця атрада! Цябе любілі. Ты даўно магла прыехаць. Мая віна…
— Не лічыце сябе вінаватым! Я не хачу! Раніцой у мяне ўспыхнула злосць, захацелася пагнаць вас прэч. Але я падумала: тады і маму трэба вініць. А завошта? За тое, што далі мне жыццё? Я — шчаслівая, што жыву.
Яны гаварылі ціха, трохі не шэптам. Хадзілі павольна. Мінулі свой дом. Вярнуліся і зноў прайшлі міма. Невядома, колькі яшчэ разоў прайшлі міма асветленых вокнаў. Нарэшце Надзя не вытрымала, пайшла іх шукаць, сустрэла і з радаснымі папрокамі павяла вячэраць. Занятак госця — бясконца есці.
Рэйд той наш, па сутнасці першы, быў удалы. Нагналі страху на стараст і паліцэйскіх. Далі зразумець і ім, здраднікам, і народу, што на захопленай ворагам зямлі захаваліся Савецкая ўлада і савецкі закон, што ёсць сіла, якая абароніць сумленных людзей, сурова пакарае адступнікаў.
Захапіўшыся, мы пад прыкрыццем завеі далёка заехалі — у суседні раён. Ды раптам распагодзілася, мароз ціскануў градусаў пад трыццаць. Удзень — сонца, глядзець балюча. Уначы — зорны дождж. І ціха-ціха. Палазы спяваюць — за пяць вёрст чуваць. Вяртаючыся назад, мы ўбачылі, што цягнем за сабой «хвост» — групу паліцаяў. Ад бою яны ўхіляліся. Праўда, у бой і мы не вельмі рваліся — патронаў мала засталося. Трэба было не толькі адарвацца ад паліцаяў, але і заблытаць сляды, каб не прывесці «бобікаў» у наш лес, у лагер. А гэта ў такое надвор’е нялёгка зрабіць. Па пратораных дарогах ехаць небяспечна, наўпрасцяк — снег глыбокі, ды і след па цаліне адразу выдасць. Ну, і кружылі. Як толькі не хітравалі. Чацвёра нашых фурманак раз’язджаліся ў розныя бакі, потым зноў з’язджаліся, выскаквалі на дарогі, заязджалі ў сёлы, мянялі коней, сані. Не спалі… Амаль не елі. За двое сутак, пэўна, кіламетраў сто пяцьдзесят адмахалі, спідометраў не было, не лічылі. Пакуль цвёрда, не ўпэўніліся, што адарваліся нарэшце. Тады толькі ўзялі курс на свой лес. Ды і то з перасцярогай. Вярнуліся паўжывыя. Марылі — добра адагрэцца. Прасілі, каб я загадаў Рошчысе раскашэліцца, не ціснуцца, як звычайна, і выставіць звыш нормы з НЗ. Мусіў паабяцаць ужыць сваю камандзірскую ўладу над ашчаднай гаспадыняй.