Выбрать главу
КІМ ЛЕПЕЙ СТАЦЬ
Бывае: падумаеш гэтак употай, Якую б — ды з выгадай —                                    выбраць работу. Пасаду б такую — прыбыткаў каб мора... Мо лепей бы стаць мне кінарэжысёрам? Бо дзе ні паглядзіш — тактоўна і чыста Звялі рэжысёры амаль сцэнарыстаў, Пазбавілі іх самастойнае працы, Няцяжка, вядома, нам тут здагадацца, Як гэта бывае. Задумы і мары Уклаў сцэнарыст у свой новы сцэнарый. Пасля той сцэнарый,                              хоць, праўда, не скора, Нарэшце, трапляе да рэжысёра. А ў рэжысёра свае думы-мары — Ён так перакроіць той новы сцэнарый, Што хоць на сааўтарства ты не ахвочы, А стаў яго прозвішча, хочаш — не хочаш. І проста і гладка — сумесная праца... А можа ў тэатр лепш за ўсё ўладкавацца? Там, кажуць, жывецца таксама не горай... Ну, гэтым... Ну, як іх? Ну, рэжысёрам... Яны, як казалі, таксама шчыруюць І аўтара добра такі марынуюць, Быў толькі б фуганак                               ці нейкі там гэблік, Калі тым сааўтарствам сам не пагрэбваў. Дык чым не жыццё тут? Чаго засмучацца? А можа б у крытыкі лепей падацца? Праглядвай, чытай, перачытвай навінкі. Хай пішуць, а ты выпраўляй іх памылкі...
І гэтак у думках, бывае, лунаю, А кім лепей стаць? — І па сёння не знаю.
ВЯСНУШКІ
Грыміць на рэках крыгаход. Злізала сонца покрыў снежны. Вясна стаіць каля варот, Трымае у руках падснежнік.
Вароты — насцеж! Добры дзень! Заходзь! Будзь госцяю жаданай! І па зямлі Вясна ідзе І прыбірае ўсё старанна:
Абрусам засцілае луг, Сады ўбірае дбайна ў квецень... Як гаспадыня, без патуг Запрэгла і вясновы вецер.
Такі ў яе заўсёды лёс — Усё перайначваць безупынку. І дзіва-дзіўнае з дзівос — На тварах у дзяўчат крапінкі.
Не празявайце гэты дзень, Чаргу займайце, рагатушк?! І без чаргі, і па чарзе Вясна раздорвае вяснушкі.
НАША ЗАСТОЛЛЕ
Кухары мы, кулінары, Аб адным мы толькі марым, Аб адным мы дбаем толькі, Каб хапала ўсяго з гакам, Каб стол гнуўся ад прысмакаў, Каб і выбар быў па густу. Вось вам свежая капуста, Вось салацік толькі з градкі, Ешце, ешце, калі ласка? Вось вяндлінка, вось каўбаска Толькі, толькі што з патэльні. Ешце шніцель! Смачны вельмі. Вось катлеты адбіўныя, Языкі вось заліўныя. Мы гасцям заўсёды рады. Свежы карп пад марынадам Пададзім на стол, як казку. Ешце, ешце, калі ласка! А як трэба што да чаю — І да чаю мы ўсё маем. Вось ляжыць, бы кветка, торт — Сам ён просіцца у рот. Шчыра запрашаем вас: — У любы заходзьце час!
ЦЫРКАЧ
Наш брыгадзір Антось — цыркач, Не скажаш тут іначай, І хоць спявай ты або плач — Яго не перайначыш. Ён дзень у дзень, як калаўрот, Снуе без дай патрэбы. А справы усе — наадварот, Ідуць не так, як трэба. Вось, скажам, вывезлі мы гной... Ну, на палі, вядома. Не зааралі ў час — і ён Не гной ужо — салома. Затое сёлетняй зімой (Далася яна ў знакі) 3 саломы атрымаўся гной За ніпанюх табакі. Альбо: на ферме — гразь, вада. Кароў чуваць рыканне, А у паілках — зноў бяда! — Вады няма і звання. І так усюды і ва ўсім. І кажуць людзі жартам: — Тут не брыгада — нейкі цырк, Які глядзець не варта. Як нам такое назіраць? Як даць Антосю рады? Яму б у цырку выступаць — Не кіраваць брыгадай!