Выбрать главу

«Семнаццаць: трынаццаць»,— сказаў ён услых, калі праехала чарговая машына, і ўстрапянуўся, пачуўшы як працяг свайго голасу нечы хрып: «Чалавеча!» Сцяпан увабраў галаву ў плечы, нібы ад удару знянацку, і паволі, сілай, як заржавелую, павярнуў яе на хрып.

Там стаяў невысокі мужык у трусах, майцы і ў ботах на босую, пэўна ж, нагу.

- Слухай, чалавеча, даўно за табою з акна назіраю, ты што — спатканне тут прызначыў?

- Давай закурым...— адказаў Сцяпан.

Мужык пляснуў рукамі па трусах, паказ-ваючы тым, што ў яго анічога з сабою няма.

- У мяне ёсць... А што гэта ты так?

- Ды прыбіральня на вуліцы. Прывык. А ты чаму стаіш тутака?

Цяпер трэ было адказваць. I Сцяпан схлусіў:

- Жонку чакаю. З працы, з прыпынку йсці павінна.

- А ты пайшоў бы туды. Пад дахам цяплей.

- Ага, каб жа яна адна йшла,— працягваў Сцяпан распачатую гульню.— Хахаля падпільна-ваць хачу.

- Гэ, гора, дый годзе. А мая ў начной сёння. Пайшлі да мяне, з вакна пацікуеш.

Сцяпан у сваёй джынсавай куртачцы на рыбіным футры змёрз, як на полюсе пабыўшы, скура згусінела, пабралася ў пухіркі, хоць пер'е шчыпай, і, галоўнае, вушы, так і глядзі, адваляцца ад неасцярожнага кроку і пад ногі ўпадуць — і таму пагадзіўся на цяпло адразу, забыўшыся нат на сваю мэту.

* * *

Праз колькі хвілінаў сядзелі яны за сталом, на якім на сённяшняй неразгорнутай газеце ляжалі няўмела накрэмзаныя скрыглікі сала і шчыра надкусаны агурок.

- З сябрам пасядзелі вечарам троху,— патлумачыў гаспадар і палез рукою пад стол. Спрактыкаваным рухам за рыльца дастаў схаваную пляшку.

- Свая — паведаміў і ўпіўся зубамі ў корак. Вылупіў вочы, напяўся — і лёгка адляцела назад галава з коркам у зубах.

— Ну да краёў, а там пабачым... Выпілі.

Цьмяная лямпачка, ці не ў пятнаццаць ват, якая крыва, адным шіечуком, прыліпла да столі, скупа асвятляла пакой. Сцяпан, патроху акрыяўшы, прыжмурыўшы вочы, пачаў разглядаць свайго выратавальніка. Упалая грудзіна з дзвюма-трыма даўгімі валасінкамі, худыя жылістыя ногі, тоўстыя, клубаватыя пальцы рук, банькі ў некалькі слаёў пад вачыма — выдавалі чалавека, які добра пажыў на свеце, пабачыў і працу, і чарку. «А можа, яго гахнуць?» — падумаў Сцяпан і зморшчыўся — так прыкра яму зрабілася ад той думкі.

- Ты паглядай, паглядай у вакно,— прасіпеў гаспа-дар, перахапіўшы позірк,— мо твая краля пройдзе.

За вакном, акрамя адбіткаў дзвюх іхніх постацяў ля стала, анічога не было відаць. Вакно ад святла зрабілася чорным люстэркам.

Выпілі яшчэ. Памаўчалі. Гаспадар не вытрываў, вырашыў завязаць гаворку.

- I даўно яна?..— пачаў ён, закусваючы салам.

- Хто яна? — не зразумеў Сцяпан.— А-а-а, з вяселля...

- Малады ты, бачу. Шкада... А што здзіўляц-ца! Паглядзі, што робіцца наўкол, паглядзі, што ў кіёсках прадаецца... Парнаграфія, бабы голыя, секс-падручнікі для дваіх-траіх... Моладзь рас-пахабілі, школьніц за валюту пусцілі... I гэта ўсё, што перастройка дала? Ох і апастылела ж мне яна, перастройка гэткая! Крама вунь побач, ведаеш, зойдзеш — пуста. I хлеба вечарамі не бывае — шаром пакаці. Добра, што свінчо трымаю, а то зубы на паліцу кладзі. Калі ўжо скончыцца такая жытка, калі зажывём па-ча-ла-ве-чы, га!

I такая натуральная крыўда была ў ягоных словах, што Сцяпана ажно перасмыкнула. I хоць і сам любіў ён іншым часам уладу палаяць, а тут зірнуў на мужыка і шалахнуўся ў ім пратэст нейкі патрыятычны: «Глянь ты, бля, і гэтая блыха на лад наш каркае...» Аднак стрымаўся.

- Каб жа тое ад нас залежала...— па-філасофску абрываючы канчанне думкі, прамовіў ён і пацягнуўся да прыкішэненых цыгарэтаў.

- Ну не скаясы... Я й сам напачатку гэтаксама думаў. Ды бачу: на тое й разлічана, што ўсе так думаюць, што ўсе кацяняты сляпыя. А каб падняліся мы, як адзін выйшлі ды партакратыю скінулі — тады б мо й змянілася што. і не трэба баяцца: усіх не перасадзяць...

Ізноў неяк не вязаліся ў Сцяпанавай галаве гэтыя словы з тым худым мужчынам, у трусах, што сядзеў прад ім. Ізноў штурханулася нешта ў ягоным нутры: «Бач ты, хвілосаф знайшоўся, лартыя яму не падабаецца, выйсце ён бачыць...» — Сцяпан ужо добра-такі сагрэўся, набраўся сілаў і зараз лёгка «завёўся»: «Сам свінчо гадуе, а ў мяне грошай няма аддаць...»

- ...Усіх не перасадзяць, разумець трэба,— паўтарыў гаспадар, відаць, упадабаную выснову і ўздыхнуў:— Эх, ці зажывём мы калі ці дзеці нашыя па-людску, як у Амерыцы?..

Сцяпан ужо з бачнаю злосцю пазіраў на мужыка. «Лад табе наш не падабаецца,— ускіпаў ён,— перабудова апастылела, Амерыкі захацелася, дык на панюхай жыцця іхняга!» — і Сцяпан выхапіў балончык з газам.