Выбрать главу

П-ш-шык — і твар гаспадара паморшчыўся ў здзіўленні, і цела асунулася, спаўзло на падлогу. Скрыгалік сала выпаў з рукі і, слізнуўшы, прыклеіўся да масніцы.

«Клас!» — Сцяпан палюбаваўся зробленым, плюнуў на далонь і патушыў аб яе цыгарэту, а потым падняўся і прайшоўся па пакоі. I толькі зараз згледзеў, што быў ён зусім небагатым. Шафа, канапа, сервант без ножак, яшчэ стол з тэлевізарам, пад ім на бруднай газеціне запылены трансфарматар. Шуфляды... Р-раз — паперы, лісты, даведкі нейкія. Другая — зноў паперы, паштоўкі, фотакарткі. У трэцяй — сярод нітак, нажніцаў, гузікаў і яшчэ нейкай драбязы стаяла жлобінская шкатулка з саламяным помнікам Леніну на вечку. Сэрца затахкала, рукі затрэсліся: грошы. Некалькі соценных паперак. I расчараванне мазнула па радасці, як брудам па твары: дарэформенныя... Не памяняў гаспадар у час, разява. I на сцены не наклеіў. Унукам гуляцца пакінуў... Вешалка. Ватоўка, паліто. Кішэні, кішэні. Пуста. Пуста. Есць! Дзесятка, дзесятка... пяцёрка... рубель... Сорак тры рублі. I капейкі...

Гаспадар пачаў варушыцца. I тым нагадаў пра сябе. «Заложыць, сука, ай, заложыць. Запомніў жа!» — схамянуўся Сцяпан, падбег да разморанага, распасцёртага на падлозе гаспадара. Той прыходзіў у прытомнасць і як блазён усміхаўся сабе. Шчасліва гэтак вяртаючыся ў жыццё.

Сцяпан схапіў са стала нож, якім крышылі той самы надкусаны агурок, і лсдзь не па тронкі ўсадзіў яго ва ўпалую грудзіну гаспадара, туды, дзе павінна пульхаць сэрца. Нож увайшоў мякка, з рыпеннем і патрэскваннем пад сабою. Майка вакол яго пачырванела, а потым пабегла па ёй ушыркі пляма. Хутка пабегла, нібы кроў спяшалася пакінуць непатрэбнае ёй цела.

Схапіўшы гаспадарчую сумку, што стаяла ў парозе, Сцяпан кінуў туды пачаргова пляшку, шклянку, відэлец, за якія трымаўся, спыніўся, падумаў, на чым яшчэ маглі застацца сляды пальцаў, узяў анучку, няспешна і акуратна працёр тронкі нажа ў целе, потым ручкі шуфлядаў, паклаў анучку ў кішэню і выйшаў з хаты, не патушыўшы святла, не зачыніўшы дзвярэй.

I вось тут, адчуваю, трэба мне прыпыніцца троху і растлумачыць: адкуль у Сцяпана такія спрактыкаванасць і прафесійнасць, халоднасць і ўпэўненасць у рухах? Трэба, але не магу, бо, шчыра прызнацца, я й сам не менш здзіўлены гэтым. Мясніком ён не быў і з крывёю справы не меў. Просты савецкі хлопец, які дагэтуль нідзе ніколі нічога ніякага. Не сядзеў, не прыцягваўся... Прыгадваю лёс ягоны: акцябронак, піянер, камсамолец, слесар-рамонтнік... Анічым не вылучаўся еярод іншых. Хіба шмат не піў ды грошы любіў. Але хто ў нас іх не любіць? Асабліва цяперака, калі купіць няма чаго, а яны ўсё складваюцца і складваюц-ца, любоўна — паперка да паперкі. Ну патраціў іх на магнітафон з рук, ну залез у доўг, ну выйшаў на справу... Але навошта, навошта чалавека забіў? Не ведаю. I Сцяпан, калі яго зараз спытаць, сам, напэўна, анічога адказаць не змог бы: ну забіў і забіў... Можа, спытайцеся пра гэта лепш самі ў той жанчыны, якая сёння раніцай аблаяла вас у аўтобусе — ні за што і адвярнулася, працягваючы гутарыць са сваёю сяброўкаю, як ні ў чым не бывала...

I таму не здзіўляюся я ўжо, што Сцяпан, забіўшы чалавека, цяперака, хай і шпарка, але лёгка і спакойна, з бяздумнай галавою, як пасля звыклае справы, йдзе дамоў, каб пераспаць крыху і ранкам выйсці на працу. У кішэні падзынкваюць медзякі, рука сціскае хрупастыя паперкі — і тое хлеб. Выхад атрымаўся неда-рэмным.

* * *

Узялі Сцяпана перад абедам. Да заводскай прахадной прытуліўся «чорны воран», два сяржанты — пузаты і проста мажны — выйшлі з яго, і «дэмакратызатары», няўмела гойдаючыся, білі іх па нагах.

Сяржанты пашапталіся ў аддзеле кадраў і разам з Наталляй Пятроўнай прайшліся па цэхах. Па вядомых толькі ім прыкметах выбралі сярод рабочых трох Сцяпанаў. I нашага героя таксама. Казырнуўшы Наталлі Пятроўне і анічога анікому не патлумачыўшы, пасадзілі трох мірных Сцяпанаў у «варанок» і прывезлі ў аддзяленне.

Вышук спрацаваў хутка. Проста і, галоўнае,— надзейна. Хата, у якой жонка ранкам знайшла акрываўленага гаспадара з нажом у грудзях, была хоць і прыватнай, аднак двухкватэрнай. I суседка пачула ноччу, як Сцяпан, у дзвярах, назваўся і сказаў, дзе працуе.

Сцяпанаў пасадзілі ў адной камеры і па чарзе пачалі выклікаць да следчага. Паслабкі ён нікому не даваў: усе трое для яго ад пачатку былі забойцамі. Калі ўваходзіў наступны Сцяпан, следчы рабіўся напружаным і строгім: над сталом, здавалася, тырчэлі толькі ягоныя вочы, якія сваёю ўпэўненасцю, што прад імі злачынцы, прымушалі ўзгадаць усе грахі і грашкі ад самога нараджэння. Позірк свідраваўся ў душу і там шныпарыў, гаспадарыў як дома. I мала хто ведаў, што следчы на самой справе быў дальназоркім і зблізку, праз стол, не мог нават твар добра разгледзець, як ні стараўся, як ні напружваўся.