Выбрать главу

Нашаму Сцяпану няцяжка было вылічыць, за што ўзялі. Па дарозе ён паспеў прыдумаць, што казаць, і таму на допыце позірк ягоны быў шчыры і ўпэўнены. I душа была чыстай і голай, як перад нараджэннем. Двое іншых Сцяпанаў раскіслі, блыталіся ў словах, забывалі сказанае і праз хвілю не маглі яго паўтарыць.

Але, як ні стараўся следчы,— усе трое заставаліся невінаватымі. Ішоў вечар. Хацелася спрацаваць аператыўна. I тады паказалі Сцяпанам, што не толькі ў фільмах пра немцаў могуць хутка праўды дазнавацца. I дрогнуў адзін са Сцяпанаў (зразумела, не наш) — прызнаўся, што забіў. А яшчэ праз колькі хвілінаў аказалася, што ён і ёсць той самы забойца-маньяк, за якім даўно ганяецца міліцыя.

Прызнанне — найпершы доказ. Гэта не нейкія там адбіткі пальцаў, група крыві, сляды ці іншыя глупствы.

I прыцемкам нашага Сцяпана адпусцілі дамоў. Развітваючыся, следчы папрасіў праба-чэння за затрымку. Сцяпан сціпла апусціў вочы: маўляў, чаго там, калі трэба, я заўсёды гатовы. I следчаму надта спадабалася гэта.

Сцяпан крочыў па пустой вуліцы — мароз разагнаў усіх па кватэрах,— і не было ў яго радасці, што выпусцілі. Левай нагою гнаў ён перад сабою бляшанку з-пад кансерваў, і яна істэрычна вішчэла, адрываючыся ад нагі і кранаючыся мерзлага асфальту. I некаму было спыніць яго і даць па шыі. А сам ён не заўважаў грукату, што рабіў, бо мучыла яго зараз... не, не сумленне, мучыла яго думка: вечар ужо, час Ваську доўг несці, а грошай не сабралася... «Вось так і жыццё праходзіць,— думаў ён,— б'ешся-б'ешся як рыбіна аб лёд, а толку...» I насілася думка гэтая пагнутай бляшанкай у пустой галаве, бязглуздая ў сваім паўтарэнні, непатрэбная. Ды раптам шаркнула рука па кішэні — і павесялеў Сцяпан: балончык ляжаў нечапаны — не абшукалі кішэні ў міліцыі. У адначас скончыліся ягоныя мукі, бляшанка сцішылася ў гурбе, запрацавала галава, і постаць сабралася, падпарадкавалася новай ідэі.

Сцяпан прыбавіў кроку і выйшаў да скрыжавання. Пачаў лавіць таксоўку. «Час яшчэ ёсць!» — супакойваў ён сябе і замахаў рукою перад чарговай машынай. Аднак і яна яго не паслухалася. Нарэшце, спыніўся прыватнік на зялёным «Масквічы». Сцяпан сеў праз заднія дзверы. «Крыжоўка»,— назваў ён недалёкую ад горада лясную вёску і дадаў: «Я добра заплачу». А сам падумаў: «Збяру грошы, дзе яны дзенуцца, збяру, час яшчэ ёсць...» Машына рванула з месца, Сцяпан сціснуў у руцэ балончык, намацаў вялікім пальцам увагнуты верх. I некаму было падказаць яму зараз: чымсьці збі-раць грошы на доўг, прасцей забіць самога Ваську.

1990

Лішні

Давалі дэфіцыт. Нейкія кніжкі ў стракатых вокладках. Не доўга думаючы, Сяржук прыладзіўся ў канец чаргі. Кніжка і сапраўды была рэдкая — кулінарны даведнік «Молодой хозяйке». I Сяржук узяў дзве: сабе і маці.

Дома Сяржук, нават не разуўшыся, на дыбачках, падкраўся да тэлевізара і ўключыў яго. Месіва колераў і твараў, частак цела і нейкіх механізмаў заняло экран. Разам з месівам гукаў гэта называлася кліпам. Тэлевізар — вось ужо абыякавае да ўсяго стварэнне — паказваў усё, што ні навязвалі яму аднекуль здалёку. Аднак Сержуку «Квін» падабаўся, ён дадаў гуку і пайшоў на варыўню. Дастаў з кайстры дзесятак яек, набытых пасля працы ў заводскім буфеце, і кулінарны даведнік. «Ад сёння і штодня,— падумаў ён урачыста,— буду ласавацца толькі унікальнымі стравамі»,— і разгарнуў даведнік на старонцы 42. Заскакалі перад вачыма дроб-ненькія блышкі літар. Дробненькія, пэўна, дзеля таго, каб унушыць гаспадыням: будзьце эканомнымі. «Салат «Ласточкино гнездо»,— прачытаў ён верхнюю назву і пачаў лавіць словы: «Мякоть кролика пропустить через мясорубку с белокочанною капустой, зеленью петрушки и репчатым луком. Добавить черный молотый перец, посолить по вкусу и тщательно перемешать. Разделить фарш на 8 ровных частей, из которых мокрыми руками сформировать шарики. В каждом...» — Сяржук адклаў кнігу. Ветліва махнуўшы старонкамі, яна згарнулася. Спажыць салату «Ластаўчына кубло» на сённяшнюю вячэру Сержуку не выпала. З усяго вычытанага былі ў яго хіба мокрыя рукі... «Гэтыя даведнікі,— хмыкнуў сабе пад нос Сяржук,— даўно ўжо механічна перапісваюцца аўтарамі з дарэвалюцыйных ці бяздумна перакладаюцца з капіталіетычных...»

Свята не атрымалася. I Сяржук пацёгся да лядоўні: давядзецца зноў з'есці смажаныя на маргарыне яйкі. «Да таго ж,— падумаў ён, расчыняючы дзверы «Мінска»,— каб прыгата-ваць такую салату, трэба яшчэ, як мінімум, жонка — маладая гаспадыня...» А вось гэтага, бадай, асноўнага кампанента салаты ці дадатку да кулінарнага даведніка ў Сержука якраз і не было.