Выбрать главу

СЯРГЕЙ БЕЛАЯР

СП@М

Мыс Канаверал, ЗША.

5.09.1977 г. 12:56:00 UTC.

Палкоўнік Янкоўскі з хваляваннем глядзеў на лётнае поле, дзе тэхнікі рыхтавалі да старту 722-кілаграмовы аўтаматычны зонд «Ваяджэр-1», умацаваны на носьбіце «Тытан ІІЕ-Цэнтаўр». З Цэнтра кіравання палётамі людзі здаваліся мурашкамі. Яны дзелавіта і засяроджана завіхаліся на стартавых рыштаваннях, неаднаразова правяраючы правільнасць работы абсталявання і прыбораў. У параўнанні з мініяцюрнымі чалавечкамі ракета-носьбіт здавалася сапраўдным гігантам.

Кіраўнік ЦКП не мог адарваць ад зонда захопленага погляду. Агрэсіўны дызайн, драпежныя абводы... «Ваяджэр-1» будаваўся з разлікам на пяць гадоў для вывучэння Юпітэра, Сатурна, яго кольцаў і вялікіх спадарожнікаў абедзвюх планет. Палёт аўтаматычнага зонда быў спланаваны так, каб выкарыстаць рэдкае размяшчэнне знешніх планет, якое дазваляла здзейсніць касмічны тур з мінімумам паліва і выдаткаванага часу. З выкладак спецыялістаў палкоўнік ведаў, што такое размяшчэнне вывучаемых аб'ектаў бывае адзін раз у 175 гадоў. Грэх было не скарыстацца такім шан­сам. «Яйкагаловыя» падлічылі, што пралёт Юпітэра павінен быў змяніць траекторыю руху так, што карабель параўнальна хутка трапіў бы да Сатур­на. Былі перабраны больш за 10 000 варыянтаў траекторый для выбару дзвюх найбольш аптымальных. Агульны кошт праекта наблізіўся да 865-ці мільёнаў долараў, а гэта азначала, што рызыкаваць Пітэр Янкоўскі не меў права. Дэпартамент энергетыкі здзярэ з яго тры скуры, калі нешта пойдзе не так.

Палкоўнік адагнаў ад сябе змрочныя несвоечасовыя думкі. Не хапала толькі выпусціць ход важнай аперацыі з-пад кантролю. Тады сапраўды пазбавішся не толькі пагонаў, але і галавы. Рускія пастаянна наступалі на пяткі, спрабавалі вырвацца наперад. А губляць пальму першынства Злучаныя Штаты не маглі — увесь свет пільна сачыў за супрацьстаяннем двух звышдзяржаў, вырашаючы, да якой з іх далучыцца.

Янкоўскі перажываў за лёс праекта. Уклаўшы ў яго душу, выдатна разумеў, што сёння даўняя мара чалавецтва аб кантакце як ніколі блізкая да здзяйснення. І няхай асноўнай задачай «Ваяджэра-1» было вывучэнне Юпітэра, Сатурна, Тытана і Іа, палкоўнік быў у курсе, што аўтаматычны зонд меў і дадатковае заданне. На яго борце знаходзілася медная пазалочаная пласціна. На яе ў закадзіраваным выглядзе было нанесена 115 фотаздымкаў і гукавая дарожка, якая пачыналася са слоў прывітання на 55-ці мовах свету. Потым ішлі шум трактара, гук пацалунку, брэх сабакі, песня кіта, плач дзіцяці, галасы птушак і звяроў... За імі ішла музычная падборка, куды ўвайшлі класічныя, фальклорныя і папулярныя творы народаў свету, а таксама гукавое прадстаўленне электрамагнітных хваль, што выпраменьваліся мозгам пісьменніцы і прадзюсера Эн Друйан. З дапамогай слайдаў атрымальнік «пасылкі» мог навучыцца зямной арыфметыцы. На пласцінцы прысутнічалі адзінкі вымярэння асноўных фізічных велічынь, схема атама вадароду. Меліся кадры з выявай карэнных звестак аб Сонечнай сістэме, малюнак схемы будовы хімічных элементаў, якія ляжалі ў аснове зямнога жыцця. Заканчвалася пласцінка зваротам прэзідэнта ЗША Джымі Картэра. На адваротным баку паслання іншапланецянам была выгравіравана інструкцыя па расшыфроўцы даных. У спецыяльны футляр таксама былі спакаваны фонаграфічная капсула і іголка для прайгравання запісу. Навукоўцы ўскладалі на пласцінку вялікія надзеі — шмат хто ў Амерыцы (ды і ў свеце) мроіў кантактам з пазаземнай цывілізацыяй. Чалавецтва было літаральна перапоўнена жаданнем сустрэць «братоў па розуме», імкнулася адчуць, што яно не самотнае ў Сусвеце. «Візітная картка» зямлян мела зваротны адрас на выпадак, калі чужая раса ўсё ж вырашыць наведаць нашу планету.

Адвеку людзі горача жадалі зразумець сваё прызначэнне і сэнс быцця. Зоркі давалі ім гэты шанс. Адным са значных вынікаў пранікнення чалавека ў Космас стала тое, што навука пачала страчваць свой першапачатковы геацэнтрычны характар. Межы вывучанага свету за кароткія тэрміны істотна рассунуліся. Людзі атрымалі магчымасць непасрэдна спазнаваць пазаземныя целы і працэсы. Пласцінка была падарункам гіпатэтычным пазаземным цывілізацыям ад маленькага далёкага свету: чалавечыя гукі, навука, малюнкі, музыка, думкі і пачуцці. Зямляне верылі, што аднойчы настане дзень, калі будуць вырашаны ўсе праблемы, і людская раса далучыцца да галактычнай цывілізацыі, спазнае таямніцы светабудовы. Іншапланетны розум уяўляўся выключна як высокаразвіты і міралюбны.

Тэхнікі каля ракеты-носьбіта нарэшце скончылі падрыхтоўку. Хутка вызвалілі стартавую пляцоўку.