Выбрать главу

Участак сцяны, які бараніла сотня Цімохі, быў шчыльна заваленыны целамі татар. Іх не паспявалі скідваць, таму тапталіся па іх, не зважаючы, хто пад нагамі, — мёртвы ці паранены. З наступленнем вечара татары адкацілі ад крэпасці. Звон сталі сціх, але жудасныя стогны, выццё і крыкі паміраючых пад сценамі даносіліся да слыху абаронцаў да самай раніцы.

А з узыходам сонца пачаўся чарговы прыступ і паўтарылася тое ж самае. Татары лезлі на сцены, абаронцы іх секлі і скідвалі на груды ўжо акалелых за ноч трупаў. Тахтамыш глядзеў на гэтае смертазабойства, бачыў яго бессэнсоўнасць і разумеў: крэпасць яму не ўзяць. Не той ужо маскавіт, што быў дзесяць гадоў таму! Не той ваявода кіруе яе абаронай! Знікае страх у людзей паспалітых перад татарскай сілай! Застаецца адзінае выйсце: прымяніць зброю, якая ламала і не такія цвярдыні — подкуп, падман, хітрасць. Гэта подла, дорага, несправядліва, аднак, эфектыўна!

Тахтамыш па чарзе агледзеў твары сваіх дарадцаў і ваяводаў. «Ну і ад’еліся, — з пагардай падумаў ён пра суайчыннікаў. — З кім прыходзіцца ваяваць! Яны ж мяне ў піяле з кумысам утапіць гатовы!»

— Паклічце сюды князя Сямёна! Тэрмінова! — услых загадаў ён, а пра сябе падумаў: — Няхай, сабака, адпрацоўвае нашу да яго ласку.

Раніцай дваццаць сёмага жніўня ад татарскага стана да абаронцаў крэпасці данесліся рэзкія гукі труб. Гэта было нешта незвычайнае, таму не толькі ратнікі, але і ваяводы высыпалі на сцены.

Ля галоўных варот у суправаджэнні пяці коннікаў пад белым сцягам таптаўся былы дарадца Дзмітрыя Данскога, родны брат вялікай княгіні, князь Сямён Наўгародскі.

— Што табе трэба, здраднік? — неслася са сцен крэпасці. — Сыходзь адсюль, пакуль не атрымаў стралу ў грудзі!

Аднак князь Наўгародскі ніяк не рэагаваў на лаянку ў свой адрас, ведаў, што яго надзейна бароніць не столькі белы сцяг, колькі прастата і даверлівасць маскавітаў.

— Паклічце князя Цвярскога, — некалькі разоў крыкнуў ён абаронцам і, калі князь паказаўся на сцяне, гучна, каб чулі ўсе, дадаў: — Я ад вялікага князя Дзмітрыя Данскога з граматай.

На сценах крэпасці пачалася мітусня. Абаронцы адразу пранікліся сімпатыяй да таго, каго нядаўна называлі здраднікам.

— Адчыніце вароты, прапусціце князя Сямёна.

Вароты адчынілі і князь Наўгародскі разам са сваім суправаджэннем уехаў на крэпасны двор.

Хутка Асцею перадалі дзве граматы: ад вялікага князя Дзмітрыя і ад Тахтамыша.

Князь Асцей быў юнаком, аднак уважліва агледзеў пячаткі, почырк вялікага князя, паклікаў іншых князёў, каб і яны выказалі сваё меркаванне пра сапраўднасць пячаткі і подпісу Дзмітрыя, і толькі потым, калі ўсе ўпэўнена пацвердзілі, што пячатка і подпіс не падробныя, зачытаў змест паслання. Вялікі князь Маскоўскі Дзмітрый Данскі ў сваёй грамаце злаваўся на князя Асцея за яго непаслушэнства і загадваў неадкладна адчыніць вароты Тахтамышу. Тахтамыш у сваім пасланні хваліў князя Асцея і яго дружыну за смеласць, абяцаў забыцца на нядаўняе непаразуменне і дарэмнае кровапраліцце, не руйнаваць горад і не караць яго жыхароў. Нагадваў пра дамову з вялікім князем Дзмітрыем аб выплаце даніны.Аднак не ўсе паверылі ў сапраўднасць граматы вялікага князя.

— Не мог князь Дзмітрый напісаць такога, не мог! — у адчаі заломваў рукі князь Міхал Цвярскі. — Ён хутка збярэ войска і сам прыйдзе нам на падмогу.

— Трымай кішэнь шырэй, — злосна прашыпеў нехта з баяр. — Калі б ён паехаў збіраць войска, то не забраў бы з сабой казну і сваю сям’ю. Уцёк ён, ганебна ўцёк! Кінуў нас на волю лёсу!

— Хутка ён будзе тут, вось пабачыце!

— Ты, князь Міхал, пра свой двор пячэшся, поўны срэбра і золата, дзе цябе чакае маладая жонка...

Хто не спрачаўся, той думаў. Адзін князь Наўгародскі з абыякавым выразам на твары чакаў адказу. Унутрана ён захапляўся сабой, бо менавіта ён ноччу напісаў граматку ад імя вялікага князя, падрабіў подпіс і прышлёпнуў напісанае некалі скрадзенай у Дзмітрыя пячаткай. А яны, ёлупы, паверылі. Ладна, гэты малады ліцвін Асцей! А астатнія? Цьфу, балваны!

Вырашылі перадаць Тахтамышу, што вароты яму адчыняць заўтра з узыходам сонца.

Ноччу тыя, хто не верыў у татарскую шчырасць, каго нішто не трымала ў горадзе, праз рэчку выбраліся з крэпасці і схаваліся ў навакольных лясах.

Пакінуў горад і Цімоха са сваёй сям’ёй. «Я добрую навуку атрымаў ад татар на Вожы і на Кулікоўскім полі. Толькі дурань не хоча засвойваць іх урокаў вераломства ды можа чарговы раз паверыць нехрысцю!»