У гэты час уцяклі з Саветаў Расьціслаў і Віця, стрыечны мой брат. Калі забралі тату, дык пачалі шукаць Славачку — ён быў ужо паўналетні. Хлопец блукаў тры месяцы па лесе, то быў у сваякоў, якія ня вельмі хацелі яму дапамагчы. Нарэшце яны перайшлі граніцу і ўцяклі ў Польшчу да татавай сястры, што была за сьвяшчэньнікам. Мілая цёця хутка выжыла нашых юнакоў. Прышыўшы ім літары «П» на плечы, іх адправілі на працу ў Нямеччыну. Ад хлопцаў мы даведаліся аб трагэдыі нашых сем’яў. Віці бацькоў (яго маці — татава сястра) забілі ў іх фальварку Ярылаўцы (цяпер Польшча). Цеці вырвалі язык і дзёрлі пасы скуры з плячэй. Дзядзю Цімошу, кожнаму з іх было праз 80 гадоў, проста забілі, а іх сына Валодзю білі й выдзерлі яму вочы і ўрэшце забілі. Тады наладзілі ў Ярылаўцы танцы пад гармошку й наагул — забаву, трупы ляжалі на панадворку побач… Віця ў гэты час біў немца, і калі вярнуўся, дык перавезьлі яны з маім татам трупы з ярылаўскага хлява пад бераставіцкую царкву й там пахавалі. Пасьля забралі тату, казалі, біў яго канваіруючы нейкі Сундукевіч, а ён ішоў і маўчаў. Казалі мне людзі, што быў з імі ў гродзенскай турме, з якой ужо ніхто з нашай сям’і жывы ня выйшаў. Маму маю з дзецьмі, вымучыўшы на месцы, вывезьлі ў Казахстан. Я не знаходзіла сабе месца, усё пыталася: «За што, за што?» Я хацела кончыць жыцьцё, пусьціўшы газ, да гэтага ў мяне былі і іншыя непрыемнасьці. Муж мяне вывалак з маленькае кухні.
Аднойчы ўзяла я «Раніцу», паглядзела адрас і напісала туды сваю маленькую фантазію на тэму вясны й Бацькаўшчыны. Нікому пра гэта не гаварыла, але калі прыйшла наступная «Раніца», нават у рубрыцы «Карэспандэнцыя» я не знайшла найменшае зацемкі на маю сардэчную вясну… Але аднойчы ў паштовай скрынцы я знайшла ліста на мае імя ад рэдактара газеты: мая фантазія, паводле слоў рэдактара, вельмі добрая рэч, была пакінутая ў велікодны нумар. Так, знача, я цяпер буду пісаць. Усе дарагое мне забралі, панішчылі, але ёсьць тут у няволі браты мае, цемныя, нават ня ведаюць добра, хто яны, самыя сябе падцэньваюць, вось я хачу аказацца да іх, але так: сэрцам да сэрца. I вось пачалося. Я хутка выбілася на першую старонку газеты, мяне палюбілі. А я, я толькі думала пра нашых людзей. Часам на каленях вымольвала ў Бога такія словы й мысьлі, якія б падтрымалі ў няволі братоў маіх, не дазволілі ім забыцца пра сем’і свае й сёлы. Каб рабілі іх упэўненымі ў сваіх чалавечых вартасьцях, давала абразкі ім з нашай гісторыі. Многа вершаў маіх паляцела ў рэдактарскі кош, шмат не прапусьціла цэнзура, але я іх усе пісала маім братам і часам аж плакала. Зусім не зьвярталі, разагнаўшыся на ўсю Эўропу, немцы ўвагі на нейкую славянскую, беларускую газетку, і я пакуль што з гэтага карыстала. Пайшлі водгукі, у Прагу пачалі езьдзіць дзеячы, каб паглядзець на мяне, пагутарыць. У мяне была свая лінія, свая палітыка. Шматлікія з высокай асьветаю мае суродзічы разглядалі мяне як дзіва.
Ермачэнка павёз беднага дзядзьку па цэнтрах, гдзе былі нашыя людзі. Сам ён ехаў у вагоне для немцаў, а дзядзьку недзе ўвапхнуў сярод найбяднейшых. Дзядзька зусюль пісаў мне: ён так толькі зразумеў маю незалежную ад нікога пазыцыю, маю сьмеласьць, калі я публічна казала ў вочы Ермачэнку, што ён ёсьць шкоднік беларускай справы. Беларусаў трэба было ўсьведамляць і тых, якія яшчэ засталіся жывыя, жывымі й захаваць. Будучыня была яшчэ пісаная віламі па вадзе, і арыентавацца на немцаў нам ніяк было нельга. Я паглядзела на іх палітыку, на варварства й адразу так сабе падумала: каб не напісаць ім ні слова, як быццам яны наагул для нас не існуюць, а калі закрануць, дык праўдзіва, і з цэлай душы галубіць, апяваць, лялеяць сваю Беларусь, чаго нам ніколі не дазвалялі дагэтуль атупелыя калянізатары нашай зямлі. Мне гэта ўдалося. Мяне пасьля выкрылі, але вайна ўжо канчалася, і ім было не да мяне, а можа, проста я мела шчасьце, а можа, і сярод іх былі людзі, якія ўмелі шанаваць патрыятызм паэткі невялікага, вельмі няшчаснага народу. Я таксама старалася нідзе не працаваць за акупацыі, маленькі сыночак мне хораша ў гэтым дапамагаў.
Па нашай вуліцы хадзілі з дзяўчаткамі такімі, як Юра, дзьве вельмі дыатынгаваныя[31] дамы, старая й малодшая. Яны на мяне з цікавасьцю паглядалі. Мне здаецца, што тады на мяне з цікавасьцю паглядалі амаль усе. I вось аднойчы ў краме, каля мяшка з гарэхамі — астатка з часоў Рэспублікі, — наш Юрка пакалаціў і разгневаў тых дзяўчатак зусім не паджэнтэльмэнску. Я ўбачыла, што гэта немкі, і глядзела толькі, што будзе далей. А далей падышла да мяне малодшая дама й сказала, што цяпер ёсьць нагода нам пазнаёміцца, бо яна тут чужая, мяне ўжо даўно ведае й хоча пасябраваць са мною й хадзіць разам з дзецьмі на спацыр. Так у нас завязалася амаль дружба, прынамсі, вельмі шчырыя адносіны. Дама наведала нас з дзецьмі, і я па-нашаму, па-беларўску, шчыра іх пачаставала каваю, цукеркамі і т. п.
Тым часам Славачка й Віця ехалі пад канвоем у Нямеччыну. Немец, якому на гаспадарку дастаўся наш Расьціслаў, вёў яго да хаты і ўсе дрыжэў, аглядаўся. Гдзе ж, не чалавек, а рослы магутны дуб — што пра гэтых славянаў толькі ні начытаўся немец! Вось схопіць адною рукою яго за карак, і немец ня пісьне. Расьціслаў гэтага не зрабіў, уцёкшы ад адных, ня мог і не хацеў адразу нешта пачынаць. Яго накармілі, аднесьліся па-людзку, і Славачка пачаў дапамагаць немцу. Скончыў ён Жыровіцкую сельскагаспадарчую школу й йа натуры быў кемлівы й разумны хлапец. Высокі быў — 1 м 95 см, шырачэзны ў плячох. Густыя валасы, як багаты жытні сноп, хораша ляжалі на галаве, пра парцыянальны роўны нос крыху з гарбінкаю, зеленаватыя, поўныя нейкай затаёнай дабраты вочы, у якія пасьля заглядала я, задраўшы голаў. Немцы яго ацанілі й палюбілі па-свояму. Ён сам веў іх усю гаспадарку, але пісаў мне, што надта цяжка яму, што нават імя сваяго ня чуе й называюць яго тут Нікляс (ад — Міклашэвіч), адно толькі быў рады, што яны нічога не разумеюць, як ён іх лае па-свояму на ўвесь голас. Пасьля ўсіх сваіх вандровак Расьціслаў быў вельмі абдзёрты й вось напісаў мне аб гэтым нейк незнарок. Чэхі далі мне дазвол паслаць яму адзеньне. Я паслала яму ўсё неабходнае, ад бялізны да цёплай прыгожай курткі й да апошніх драбніцаў мужчынскага туалету. Хлопец зрабіўся элегантны, да гэтага немцы падаравалі яму капялюш (гут!) і гадзіньнік (эйн ур!). Расьціслаў меў усе, што характарызуе «вышэйшую расу германцаў», і ў іх зрадзілася думка ажаніць яго і ўсынавіць. Немцы пачалі пісаць мне ў Прагу мілыя лісты, у іх была там нейкая дачка ці сястра, якая ня супраць была ўступіць з намі ў сваяцтва. Брат ад такога шарахаўся, такое было не для нас. Але вось яго сілаю праз «арбайтсамт»[32] забраў да сябе нейкі нямецкі начальнік. Гэта была сапраўды ўжо трагэдыя для нас усіх. У старога гаспадара ён жыў, як у сям’і, а тут пасадзілі яго на кухні, гдзе кармілі аднаго й чым папала. Загадалі маладому панічу даіць кароў, што для яго было найвялікшай пакутай. Начамі папярэдні немец тайна насіў яму есьці, ледзь ня плакаў, але ня змог вярнуць сабе Расьціслава. А я ўсё думала: і як яго, няшчаснага, ратаваць? Ну й сьвет пайшоў, ну й нашая няшчасная доля…
Цераз Польшчу пераслалі мне ліста ад мамы. Завезьлі іх недзе ў Паўночны Казахстан на станцыю Кіялы, гдзе было галадно, халадно й цяжка. Мама пісала, што зайздросьціць Марыі Паўлаўне, той цйці Мані, якую забілі разам з мужам і з сынам. Я дрыжэла за маміна жыцьцё, і калі мы вечарам скуль вярталіся з мужам і холад біў мне ў твар, для мяне гэта быў холад дзікага Казахстану. Я баялася, і нездарма, што мама ня выжыве. Яна так ужо болей не сустрэлася ні з намі, ні з нашым татам. Так ліквідавалі таварышы «клас», вынішчаючы нас да апошняга паасобку. Жудасны Гітлер быў для няшчасных надзеяю на ратунак, але й для яго былі мы толькі славяне, якіх належала вынішчыць у першую чаргу… Людзі гінулі, як мухі, нездарма два тыраны пасябравалі паміж сабокх Францыя ляжала ўжо пакананай, нават славутая лінія Мажыно яе ня выратавала. Гераічна, амаль у адзіночку змагалася старая мудрая Англія, а дзяржавы трагічна падалі адна за другою. Фюрэр і кампанія плянавалі напады, немцы гайлявалі, Англія змагалася, Сталін паціраў рукі над загубай Эўропы, а людзі — адныя ратаваліся як маглі, а другія стагналі ў мучэньнях.