Выбрать главу

Час ляцеў, нам было блага й добра — залежала ўсе ад лаўгоў, якіх было надта многа, бо самыя Жлобаўцы дзед мой купіў тату пераважна на віленска-тульскі банк, якога паперы вайною, на жаль, не загінулі, і Польшча з усёй строгасьцю спаганяла даўгі. Неймаверна высокія падаткі й разбураная да апошняга ў час вайны сяліба й вялікая сям’я — усё гэта не магло нас ніяк зрабіць хоць крыху заможнымі. Мы ўсе працавалі, мама наша найболей. Нас моцна ашуквалі, бо тата быў горды, давяраў купцам ваўпянскім, і яны вельмі гэтым злоўжывалі, а з прыходам сансцкай улады давялі нашых бацькоў да гібелі. Мы жылі цесна з сялянамі, якія густа засялялі свае ўчасткі, дзялілі сваю зямлю між дзяцьмі, жылі пераважна бедна, усе рабілі сабе самыя ад кашулі да цудоўных нашых дываноў. Воўна й лён і залатыя рукі жанчын-беларусак — і чалавек ужо апрануты цёпла, чыста й хораша. Было б толькі на чым сеяць той лён, той хлеб сялянскі й смачны, як пірог. Сёлы нашыя былі тады адвечнай стыхіяй беларускасьці, як жа багатай, як жа цікавай і роднай для нас. Тады яшчэ сёлы сьпявалі. Сьпявалі яны вечна, пры любой нагодзе, толькі ня постам. Увечары з усіх сёл чуўся сьпеў шырокі, то сумны, тужлівы, то баявы, бадзёры, з бунтарскай нотай, прагаы дзеяньня, волі. Гэта была душа народу й мая душа — дзяўчыны ўжо з асьветаю — знача, тым болей сьведамаю крыўд, якія церпіць наш народ ад атупелых у сваім шавінізме палякаў, як калісьці ад расейцаў. Народ ляжаў бязьдзейнай, амаль бяспраўнай палітычна масай па ўсёй сваей зямлі й толькі цярпеў і стагааў ад нястачы, прыніжэньня й няволі.

Зямля была для нас усім: калыскай, хлебам, песьняй, любоўю, магілай. Чым больш зямлі, тым болей надзейнае заўтра, ніякае надзеі больш на ратунак. Вось яшчэ служба ў паноў ці ў яўрэяў альбо ад’езд на цяжкія працы ў чужыну. Нацыянальная сьведамасьць пранікала паволі, цяжка. Хлопцы, актывісты «Грамады»[3], альбо не вярнуліся зусім, альбо засталіся без здароўя, пабітыя, падбітыя дэфэнзывай, не жыхары ўжо на гэтай зямлі. Мне трапіў у рукі зборнік вершаў Міхася Васілька, але ён не зацікавіў мяне асабліва. Зьмест народнай паэзіі, песьні, абычаяў быў шмат глыбейшы, дікавейшы, часам несказана чароўны. Як жа вылавіць пэрлы з гэтага акіяну? Хто здолее гэта, хто зможа? Я ўбірала ў сябе ўсе гэтае багацьце, і ў гэтай стыхіі было мне найлепей. Цяжка было гэта сьцяміць маім бацькам і суседзям. Яны з жахам думалі: гдзе падзелася яе ўся навука? А навука адчыняла вочы на раскіданыя, чароўныя, несабраныя скарбы маяго Народу. Выдатна, у вачох маіх, аддзяляліся нашыя сяляне ад тых паўінтэлігентаў, у асяродзьдзі якіх мне давялося жыць. Сапраўды разумных людзей я тады яшчэ не сустрэла. Трагічна адна я йшла нейк вобмацкам, інтуіцыяй да сваіх праўд, а якія яны — я добра ведала з ідэалаў французскай рэвалюцыі, з вясны народаў, з канстытуцыі Амэрыкі. Рвала мне сэрца нацыянальная й сацыяльная нешравядлівасьць. Родзіцца жа аднолькава малое стварэньне, з усімі правамі на жыцьцё, і чаму жа так розная доля? А палякі й людзі ў іх на службе былі як сьляпыя, як жа яны знушчаліся над народам проста ўвачавідкі! Душылі падаткамі. ганьбілі мову, нават не прызнавалі нашай народнасьці, быццам ідэі дэмакрацыі й вольнасьці людзям зусім не кранулі іх сэрцаў і розумаў, у існаваньні якіх я сумнявалася нават… Побач з беларускай галечай высокія зарплаты найніжэйшых ураднікаў і страх іх з нашага існаваньня. Сумна падышоў раз мой тата да мяне — на пошце ў Воўпе яму парадзілі, каб дачка кінула выпісваць беларускі друк, а выпісвала я толькі правыя выданьні, бо там было нешта з таго, што я так пакахала ў сваім народзе. Я нарадзілася такой, ад пялюшак ужо прасякнутай усім, што наша, з болем і прагай змаганьня за волю й нашую зямлю для нас. Аднойчы вёз мяне прыгожы хлапец да свае маці, як казаў. Шпарка ляцелі па гасьцінцы лёгкія саначкі, адной рукой ён абняў мяне, другой трымаў лейцы. У мяне былі сьлёзы на вачох, і ён папытаўся, чаму я такая сумная? Перад намі йшоў юнак, з цяжкіх абіякаў (быў такі абутак за Польшчы) відно было падраныя ганучы й голыя пяты на холадзе. Ці ж магла я йсці замуж (быў гэта студэнт), калі такое й толькі такое было на маёй зямлі… Я была дзіўнай і часта не разумела сябе сама, ад усяго нядобрага мяне бараніла нейкая сіла. Нядобрага… А тое «нядобрае» было, можа, найлепшым у вачох бацькоў маіх, маіх сваякоў: багатае замужжа, грошы й слугі. «Не, у мяне ня будзе слуг, бо кожны мусяе сам сябе абслугоўваць», — секла я ў вочы спрыяючым людзям. Што мны ведалі пра тое, як дружна ў сялянскіх сем’ях, як ткуць дзяўчаты палотны ў куфры, як мараць. Як зьбіраюць на полі жанчыны чыста каласы ў снапы, якія яны працавітыя, а якія талковыя? Ёсьць, праўда, розныя людзі, але паганым чалавекам быць устыдно, і слаўныя толькі тыя, хто добры й справядлівы. Яшчэ малою я пачула, як нашыя госьцi: войт, пісар гмінны й бацюшка ўгаварыліся пакараць аднаго селяніна. Сын гэтага чалавека за буянства (ён яшчэ жыве) трапіў у турму, бацька ўнес за яго каўцыю[4] 500 зл. да суда, і вось той селянін нечым не дагадзіў сьвятару. Яны змовіліся, каб тае каўцыі яму не вярнуць. Гэта было страшна, бо на той час пуд жыта каштаваў два злоты, і хоць селянін быў ня з бедных і ня з тых, якіх я любіла, але і яго было жаль. Я ўсе яму расказала, што ён мае рабіць, гэта значыць ісьці перапрашаць сьвятара й так ратавацца. Узяў той Пятрук мёду з сабою і яшчэ нешта й так улагодзіў іправу, сына не засудзілі й грошы вярнулі. Гэтую тайну хаваў ён сьвята…

Здаецца, людзі любілі мяне, хоць зразумець ім мяне было цяжка: кожны пхнецца вышэй, а я тут самохаць зьніжаюся да іх і яшчэ хвалю… Што ж, яны ня ведалі, якія вартасьці тояць у сабе, і, на жаль, пасьля вельмі хутка пазбыліся іх, калі надышло тое, новае… I так я не такая, як усе, але ці вінаваты хто за тое, якім ён родзіцца? А мне было добра, як у казцы! Дзіўна бывала — пашле мяне тата з назамі канюшыны ў Ваўкавыск, іду за вазамі сабе ноччу, бо коням цяжка, але каля лесу зграбна чарапкаюся па вяроўцы на воз, бо тут, казалі, пару дзён як памер чалавек, упаў нежывы. Вось ляжу нуртам[5] на жэрдцы, і добра мне, што я на возе. Раптам чую, што недзе лячу. Калі мяне ачуцілі нарэшце, падняўшы воз, які перакінуўся з насыпу, бачу, стаяць фурманкі й людзі, спыніліся, едучы на кірмаш, а Сроіл воўпянскі кажа: «Ну й вы ўпалі, паненачко, проста на тыя яловыя лапкі, гдзе той мёртвы ляжаў…»

Нейкі хлопец з сяла каля Воўпы пасьвіў жывёлу й ляпіў з гліны рознае, убачыла гэта пані з Бялавіч і нейк аддала яго ў «Школу штук пенкных» у Кракаў, але гэта я даведалася пазьней. А цяпер той хлапец, студэнт, ладзіў на канікулах прадстаўленьне ў Воўпе з вясковай моладзьдзю, і што? «Дэмана»! Засталіся мы паглядзець пасьля цэрквы. Ён прывез харошыя касьцюмы з Кракава — пазычыў, і сам, як дэман, лётаў, выкручваўся і ўзнёсла дэклямаваў па-расейску з немагчыма беларускім акцэнтам. Пасьля знамянітага спэктаклю «дэман» кінуўся да мяне, зусім мяне ня знаючы, і сказаў мне, што вельмі хоча са мною ажаніцца. Калі скончу школу, каб чакала яго, і ён мяне знойдзе. Прайшлі гады, і малады мастак явіўся па маю руку, мама не згадзілася на гэты шлюб, а я падумала: гэта не мая доля. Доля зарысоўвалася рашуча, вельмі трагічна, але на шчасьце маім бацькам, якія вельмі паважалі мэдыцыну. Жыў і вучыўся недзе ў Чэхаславаччыне малады беларус, якога не зусім сьляпы лёс прызначыў мне другам і мужам. Я яго ведала. Я ведала і ягоную хату, і ўсе іх будынкі, са сну, безумоўна. Ведала нават, як выглядае Прага… Ягоны бацька, убачыўшы мяне ў нашых сваякоў, так захапіўся тоненькай і паважнай дзяўчынай, што не забыўся аб гэтым расказаць сваяму сыну: «Вось я, сын, на тваём месцы толькі яе ўзяў бы…» Пасьля я ўбачыла й сына, на мяне чакалі ў іх коні ехаць да дзядзькі ў Пятрэвічы. Была восень і дзень дажджлівы, халодны. У хаце ў Геніюшаў, сяброў маяго дзеда й сваякоў, было цёпла й міла. Высокі, прыгожы сэрцаед вельмі каля мяне закруціўся, яго маці міла мяне запрасіла на абед. Муж пасьля мне расказваў, што яму нешта сталася і ён пастанавіў не пускаць ужо мяне з хаты, але яму гэта не ўдалося. Я паехала да дзядзькоў у глухую вёску. Мужа маяго туды запрасіць не хацелі, баяліся яго, бо ўжо залішне ўсім падабаўся. Я аб ім ня думала, у мяне былі свае сумныя й глыбокія думкі, аб якіх я не любіла нікому казаць. Мяне сьледавацель назваў са злосьці адзіночкай у змаганьні, мусяць, гэта была адзіная праўда, якую той нехрыст сказаў. Лес мяне не акружаў сябрамі, з якімі лягчэй было б нясьці, нейкай сілай ускладзеную, ношу адказнасьці за лёс сваяго народу…

вернуться

3

Беларуская сялянска-рабочая грамада (БСРГ), рэвалюцыйна-дэмакратычная арганізацыя ў Заходняй Беларусі (1925–1927).

вернуться

4

Каўцыя (польск. kaucja) — грашовы задатак.

вернуться

5

Нуртам (дыял.) — ніц.