Выбрать главу

I так я ў Пятрэвічах у сваіх паўпанкаў сваякоў. Ля цэрквы ў Славатычах падыходзіць да мяне сялянская моладзь, члены камуністычных ячэйкаў, але гутараць яны па-беларуску, сьпяваюць мне «Жыў на сьвеце Лявон» і інш. Усе ў мяне ўлюбляюцца, і мне гэта дзіўна, гэта ня праца, па-мояму.

Адседзеўшы 8 гадоў, выйшаў з польскай вязьніцы нейкі Юлек Кароза, ён вывучыў марксізм назубок і кожны дзень прышлае мне цэлыя сшыткі, запісаныя класавай барацьбой. Усё гэта слабей за рэчаістасьць і нейк непраўдзіва, штучна й зусім не па-нашаму й далёка ад таго хараства, якое вабіць мяне ў нетрах народу нашага ў яго гісторыі, якую малады Геніюш мне прыслаў разам з іншымі кніжкамі. Да таго я яшчэ моцна веру ў Бога й толькі гэтай дарогаю магу йсьці й шукаць нейкай праўды, ратунку для маяго народу. Я трымаюся вельмі здалёк ад сваіх новых знаёмых, мне падабаецца толькі тое, што хоць нейкі пратэст паяўляецца ў сёлах. Вось ускалыхнуць бы тое вялікае, што тоіцца ў народзе, хто гэта зробіць? Які ж я змагар, гэта толькі ў маей уяве, на самай справе боль і любоў і ўздымаючая сэрца надзея.

«Дзевчына-люд», — гаворыць на мяне нейкі вялікі начальнік пан Нужыньскі, паляк, безумоўна, які раз убачыў мяне й адразу папрасіў у бацькоў мае рукі, а злосная сястра насадзіла бульбіну на палачку й паказвае мне здалёк, як прэзэнтуецца мой сват — худы, доўгі, з малой галавою… Гутарка тут на бацькох і спынілася, чалавек ня наш… I так я вясковая дзяўчына, якой многа дала добра пастаўленая гімназія ў Ваўкавыску і яшчэ болей кніжкі, розная класіка, якая няведама якімі шляхамі знаходзіць мяне ў нашых Жлобаўцах. Чытаю, думаю, кахаю, жыву! Ну а пакуль я ў Пятрэвічах. Адзін з маіх дзядзькоў, Сьцяпан Міклашэвіч, ідэйны камуніст! Далі яму за гэта палякі ўжо 3 гады, але ён не сунімаецца. Уцякаў у Саветы, скуль прывёз жонку, ня вельмі чэсны са слугамі й з людзьмі, але ж камуніст і марыць пра арцелі й калгасы, хоць у самога нешта да 40 гэкт. зямлі. Дзядзьку гэтага бачу наскрозь — ён з такіх людзей, да якіх не адношуся добра. Ён любіць жэсты, але праўды й дабрыні ў яго няма за грош… Мяне ён ня любіць, бо я гавару тое, што думаю. Жыве там побач дзядзькоў жанчына, якой муж уцёк у СССР. Яна вышывае камуністычныя сьцягі, агітуе. Я бываю ў яе, шкадую яе, але нічога няма ў ёй беларускага, таго дарагога й вечнага, а бяз гэтага ўсе для мяне чужое: калі ня будзе такіх сардэчных беларускіх людзей на вярхах, усе роўна на гэтай зямлі нашай ня будзе шчасьця, бо ня будзе паўнаты творчай беларускай стыхіі. Я так думаю.

Прыходзіць вясна, Вялікдзень якраз. Дэфэнзыва зрабіла жудасны налёт на сёлы, што ля Пятрэвіч, узялі й маяго дзядзьку Сьцяпана, а я была тады ў старшага Мікалая. Вядуць небараку з закаванымі рукамі, просіць мяне, ледзь ня плача, каб я яго ратавала. Ну а як тут яго ратаваць? Хуценька запрэгла я каня й пад’ехала туды, гдзе яго павялі. Многа назьбіралі з усіх вёсак. На маю фурманку пасадзілі дзядзьку й некалькі паліцыянтаў, а да аглобляў з абодвух бакоў прывязалі наручнікамі хлопцаў. Еду, вязу іх і баюся, каб конь хоць не падбег, дзеля тых прыкаваных. Адзін, памятаю, быў з Цыганоўкі. Памаленьку распытваю: куды іх, як і што. Мая асоба робіць уражаньне, памалу адчыняюцца вусны, падаюць рэплікі, што так мусіць быць там, гдзе палітыка. Яшчэ на месцы адзін падскочыў да мяне з пытаньнем: а за што арыштавалі дзядзьку? Кажу: «Вы гэта, чалавеча, ведаеце, напэўна, лепш ад мяне, бо я то на вашым месцы яго не арыштоўвала б». Пад’яжджаем да т. зв. «Чортавай гары», і там лясок з левага боку. Конь ледзь цягне нямілую паклажу. Бачу, мае паліцыянты па адным паздзыгалі[6] з воза, каню лягчэй. Знача, гутарыць з імі можна. А тут штурхае мяне мой дзядзька: «Ларачка, як яны пасядаюць, то схапі іх за стрэльбы, а я драпану ў лес, бо не стрываю пабояў, баюся, што зраблю ўсыпку…» Згінь ты, прападзі з героем! Знача, усыпку, яшчэ не дастаўшы гумаў, ну й ну… Кажу: «Сядзі, дзядзька, спакойна, я цябе выратую, а то ўпаляць табе ў адно месца кулю й згінеш як міленькі тут». «Чортава гара» кончылася, і мы цэлай нецікавай кампаніяй рушылі далей. Ля Зэльвы мяне папрасілі зьлезьці і ўзялі за фурмана нейкага дзядзьку, недзе баяліся, што замнога мне сказалі, а такі паведамілі даволі. Я ведала ўжо, да каго ў Ваўкавыску й цераз каго мне дзейнічаць. Пераначавала я ў нейкіх людзей, не пайшла да Геніюшаў, бо тут трэба было моцна думаць, як заўтра дастацца ў Ваўкавыск. Аўтобусаў ніякіх! Назаўтра я проста загадала нейкаму дзядзьку з таго боку завярнуць каня й везьці мяне ў Ваўкавыск. На мае зьдзіўленьне, ён мяне паслухаў. Конь быў гаспадарскі, дагледжаны, і з палудня мы ўжо былі на месцы. Памятаю: пан Калачынскі — галоўны сьледавацель і нагодай муж мае каляжанкі Ліны Жыжун. Прабралася я да яго й проста прашу: «Ня беця вы хоць тых учарайшых нашых вязьняў, асабліва маяго дзядзьку». — «Або мы калі каго б’ём?» — вырачыўся ён на мяне. Сто доказаў было ў мяне на гэта, але я прамаўчала… Адным словам, маяго дзядзьку ня білі. За пару дзён выпусьцілі яго, прыехала цётка й вось павезла п’яненькага дамоў. Але я бачыла, як вялі па вуліцы хлапцоў пад канвоем, яны йшлі на пальцах, ледзь ступаючы, знача, білі гумамі ў пяты, во гады… Умелі яшчэ падвешваць і ліць газу ў нос, што ж, гэтую культуру добра асвоілі прававерныя каталікі. Было нявесела, мне ўсе дзякавалі, але я маўчала…

Якраз захварэла Грышкевічыха, жонка таго Грышкевіча, што ўцёк у Саветы, гдзе яго, між іншым, у 1937 годзе расстралялі… Нядоўга думаючы я прывезла ёй нейкага фэльчара са Славатыч, а калі пабачыла, што нікога ў яе няма, проста пасялілася ў іх у хаце й занялася лячэньнем хворай паводле радаў фэльчара, і дзяцьмі, і гаспадаркай. Хораша было, адно вельмі кусалі блохі. Паставіла я хворай банькі, зрабіла кампрэс (я адумыслова навучылася гэта ад мае мамы, якая лячыла нязгорш людзей). Рана я паліла ў печы, даіла, выганяла карову на пашу, а пасьля вадзіла на выган каня, хораша яго путала, і малы Коля, сын Грышкевічыхі (абое памерлі), яго даглядаў, а мы з малой Любусенькай (жыве цяпер у Пятрэвічах) ішлі рабіць нешта да хаты. Хто бачыў, каб паненка йшла тады ў сялянскую хату, ды яшчэ так працаваць? Можна здалёк спагадаць мужыком, але ўжо каб так ды сябе ўнізіць… Мае сваякі былі з гэтага ўсяго няшчасныя, і ўнеўзабаве прыслаў мой тата па мяне коні й паклікаў дамоў. Доўга прашчалася я з усімі, праваджалі мяне, а калі аглянулася, дык заплакала — на дарозе стаяў малы Коля й заліваўся сьлязьмі. Удома было так добра, тата мне дараваў мае ўсе прынцыповыя выбрыкі, прызнаў часткова сваю віну, і я была зноў як за плячыма ў Бога. З СССР Грышкевіч пісаў мне, дзякаваў за апеку над сям’ею й благаславіў гадзіну, «калі я пераступіла парог іхняй хаты…».

Час ляцеў, і зімою перад Новым годам мой дарагі будучы муж апавясьціў аб сваім прыезьдзе. Я ня вельмі ўсьцешылася, ня тое было ў галаве, хацела нат напісаць, каб ня ехаў, бо надта былі маразы, але паслалі ў Рось на станцыю добрыя коні, бурку цеплую, з якой шпарка выскачыў ля ганка стройны, худы, выгалены, элеганцкі Янка Геніюш, пражскі студэнт і амаль ужо доктар! Была гэта ня простая штука, гутарыў пераважна з мамаю, якую ачараваў, а мне абяцаў разам, да канца нашых дзён, змагацца за Беларусь… Дамоў ужо не паехаў, толькі па паперы — каб ажаніцца. Відно было, што чалавек моцна пастанавіў нешта, ня мог спакойна прайсьці ля мяне й лапаў усё, ня толькі за рукі, аж я зазлавалася. Вечарам запаліла лямпу й думаю: панясу яму — а быў ён у маім пакоі,— калі будзе няветлівы, дык я яму такога нагавару, што адразу заверне аглоблі, я яму пакажу вось цяпер, менавіта калі мы адзін на адзін! Уваходжу з лямпай, як каралева, падняўшы высака голаў. Мой будучы друг ветліва за яе дзякуе, цалуе мяне ў руку, і абое спакойна жадаем сабе добрае ночы… Такое джэнтэльмэнства мяне канчаткова паканала, да таго цудоўная гутарка беларуская шырокая нейкая, нескупая натура гэтага беднага студэнта — усё раптам зрабілася мне несказана дарагім, і я падзякавала Богу ў душы за тое, што Ён усякімі дзіўнымі дарогамі прывёў яго з далёкіх Чэхаў у нашую хату. Неўзабаве згулялі вясельле. Белыя коні ў лёганькіх санках чакаюць. Бацькі нас благаславяць абразамі, мы на каленях, пацалункі, разьдзіраючы плач мамы, у Славачкі капаюць сьлёзы, Люся плача ўздрыгам. Пад пятку ў мой белы пантофлік палажылі грошы, каб яны вяліся ў мяне, у рукі далі цукер. Трэба кідаць яго на коні, дык будзе жыцьце салодкае… Я ўсе выпаўняю. У цэркве поўна народу. Мне сказалі: ідучы кругом аўтара, наступаць мужу лёгка на нагу, гэта каб слухаўся… Перад вянчаньнем яшчэ падышоў дружбант і шапнуў мне, каб моцна трымала мужа пад руку ў царкве, каб ніхто між намі не прайшоў, што ён сам хацеў мне зрабіць гэта, але цяпер каецца… I так моцна трымаю сваяго сужанага, цалуемся, нас вітаюць. Мой «атэіст» толькі й рабіў, што хрысьціўся, калі нас вянчалі, знача, дзякую Богу… Удома чакаюць нас госьці, і далей усе як на вясельлі: падаркі, госьці давідна, муж мяне носіць на руках, нават без вялікае намогі, і адразу адвозіць мяне ў Зэльву. З намі едзе яго мама й Славачка, які ад нас паедзе ў Жыровічы ў школу…

вернуться

6

Паздзыгаць (дыял.) — пасаскокваць.