Вязьніца ў Пісэку была ў старым мураваным кляштары над самой рэчкай Атавай. Дзень і ноч шумеў там вадаспад і жудасна вішчэлі чайкі. Здаецца, яшчэ сяньня чую іх безнадзейны піск і адчуваю холад і сырасьць неапальваных камераў старыннага муру. Мы былі першымі вязьнямі новай рэвалюцыі. У камерах сядзелі пераважна людзі, суджаныя за акупацыю. Былі гэта хворыя, знасілаваныя савецкімі салдатамі немкі, былі й чэшкі. Як аказалася пасьля, былі гэта згорклыя, злыя, завістлівыя жанчыны, якія рады даносілі адна на адну й падлізваліся начальству. Асабліва непрыемнай была велькая, маладая немка Ольга, хітрая й двудушная. Былі й сымпатычныя бабкі, гэта сялянкі. Сядзелі яны за тое, што добра самыя ня ведалі — немкі яны ці чэшкі. Адна з іх, засуджаная на два гады пані Доўлёва, цесна са мной падружыла. У адным канцы будоўлі быў касьцёл, і мы з ёю ахвотна аб гэтым гаварылі. Яе дарослыя сыны не забываліся аб маці, толькі што з нашым прыходам у вязьніцу забаранілі перадачы. Зрабіў гэта нейкі начальнік пан Гоўска, якому здавалася, што вязьні добра выглядаюць. Пані Доўлёва першая падышла да мяне, калі мяне амаль бяз памяці ўвялі ў камеру. Калі нас прывялі ў вастрог і здалі надзірацелю, ён зароў на мяне такім дзікім голасам, як ніхто ніколі ў жыцьці. На гэта якраз прыехаў Юра з панам Кржываноскам, якія, не застаўшы нас у Вімпэрку, ехалі сьледам за намі. Падвялі мяне з мужам да кратаў, за якімі вонку яны стаялі. Я, ня могучы вымавіць слова, апусьцілася на калені і, здаецца, плакала й шаптала, каб сын дараваў нам свой сірочы лёс, на які мы яго пакінулі. Хлопчык быў бледны, але спакойны. Здаецца, гладзіў мяне ручкай, працягнутай праз краты. Ежы, якую ён нам прывез, канвой узяць не дазволіў. Амаль непрытомную завяла мяне надзорка ў пакой, гдзе разьдзела дагала, шукаючы агнястрэльнай зброі ў складках цела, і так пасьля кінула ў камеру, паказаўшы мне жалезную койку ў кутку. Я ўпала на калені, і ў душы маёй былі Бог, сын і боль і страшное нейкае атупеньне, бы правал памяці, які ўжо аддзяляў мяне назаўсёды ад учарашняга дня. У тую хвіліну й падышла да мяне харошая старушка.
Малодшыя жанчыны-вязьні хадзілі мыць бялізну, і вадзілі іх на іншую працу ў горад, а старушкі й ня суджаныя яшчэ, як я, дзерлі пер’е за даўгім дзеравяным сталом у пустым і амаль ледзяным пакоі, Вясна ў вязьніцу пранікала паволі. Тоўстыя муры баранілі ёй доступу да нашых камераў, і мы ўсе вельмі мерзьлі. Ложак быў цьвёрды, рабрысты, і посьцілка, якую мне далі акрывацца, халоднай і жорсткай. Манастыр гэты меў два паверхі, на якіх былі нашыя брацьця-мужчыны, і вечарамі стуль раздаваўся часам неймаверны роў надзірацеляў, з якіх асаблівым зьверствам да людзей вызначаўся нейкі Зоўбэк. Вызначаўся ён і спэцыяльнай нянавісьцю да маей асобы. Кляштар меў вялікія хады ў падзямельле, па якіх, казалі жанчыны, ходзяць начамі цені павешаных немак і немцаў, і таму так равуць надзірацелі й енчаць зьняволеныя жанчыны, якіх за нейкі праступак, а то й без, валакуць туды ў карцар. Ночы былі даўгія, бяз сну. Лёс Юры й яго дзіцячы тварык неадступна ўсю ноч пры мне. А хлопчык вырас і спаважнеў. Ніколі ня плакаў пад час гутаркі з намі. Усе, начальства й зьняволеныя, ведалі яго й захапляліся хлопцам. Бывала, пытаецца: «Ці ты пішаш, мама?» Кажу: «Не». — «Дык што ты, мама, нельга зарываць біблійных талентаў у зямлю!» Альбо паглядае на гадзіньнічак і расказвае, што мае сустрэчу з нейкай дамай, з якой трэба яму абгаварыць справы, якія датычаць нас. А вечарам павінен зрэвізытаваць[86] польскага віцэ-консула, які быў у яго й паабяцаў яму апеку над ім і нашаю справай. I так адыходзіў, адзін у чужым горадзе й народзе.
Калі нас прывезьлі ў Пісэк, дык сьледавацель адразу на другі дзень прачытаў нам акт абвінавачваньня, на падставе якога саветы зажадалі ад Чэхаславакіі нашай выдачы. Тут я з жудасьцю даведалася, што мы з мужам «ваенныя злачынцы», паводле той «красамоўнай» савецкай паперкі, амаль адказныя за ўсе падзеі вайны й яе пачатак! Гэта было нешта так несуразнае, што нельга было не засьмяяцца. Цэлы час выступаючы супраць гітлерызму ўсімі сродкамі, усей сілай сваяго пяра, я спакойна глядзела на гэту хлусьню, бо што ж на мяне ні чаўплі б — напісанае мною ў суровыя гады заставалася як дакумент маяго дзеяньня. Пасьля толькі я зразумела, што падобныя мэтады яны стасуюць пераважна да ідэёвых людзей; да тых, хто памагаў немцам нішчыць беларусаў, яны адносіліся куды лагадней! Давяралі ім, ставілі іх у лагерох дзяржымордамі над намі, даносчыкамі. Гэта была публіка адпаведная ім па духу й мэтадах зьдзекаваньня над людзьмі. Абвінавачваньні былі настолькі беспадстаўнымі, што мне захацелася проста абсьмяяць іх, і я напісала заяву ў вобласьць, выясьняючы, што ўсё гэта хлусьня, і калі, як заявілі чэхі, мы ня мелі ніякай віны па чэскіх законах, а самыя былі чэскімі грамадзянамі, дык як жа й пашто вьтдаваць нас чужой дзяржаве? З вобласьці мне адказалі, што яны не кампэтэнтныя рашаць гэтую справу, падалі поўны тэкст савецкай тэлеграмы ці тэлефанаграмы аб нашай выдачы й парадзілі адклікацца ў вышэйшую інстанцыю, здаецца, у найвышэйшы суд, што я, не чакаючы, і зрабіла.
Бедны мой муж сох без перадачаў і без папяросаў, і надзоры зьдзекаваліся над ім, а я тым часам выясьняла ў меры магчымасьці справу нашага лбсу. I адказ прыйшоў. Гучаў ён больш-менш так: знача, калі мы зьяўляемся грамадзянамі ЧСР, а паводле чэскіх законаў няма ў нас віны, нас трэба звольніць і заплаціць нам адшкадаваньне за бяспраўнае зьняволеньне. Я гэта прачытала — вачам ня веру, як усе талкова. Пераслала паперку мужу. Надзоры пачалі віншаваць нас з надыходзячай свабодай, але… Але саветы, прагныя найбольшай колькасьці ахвяр, нейкім чынам змусілі чэхаў патаптаць свае законы й выдаць нас. Недзе нават камуністы чэскія не згадзіліся бяспраўна адабраць нам грамадзянства і вось даручылі гэта маленькім Прахаціцам[87]. Як жа было сумна расчароўвацца…
Жаль мне было сына, але жаль і мужа. На мае просьбы ўцячы на Захад ён цьвердзіў адно, што ён сацыяліст і г.д., а калі ўжо не знаходзіў аргументаў, дык проста заяўляў, што амэрыканцы ядуць адныя кансэрвы, а ён іх ня любіць. Часта пасьля ён сабе ўспамінаў тыя амэрыканскія кансэрвы, калі ў Пісэку лупіў чорную бульбу ды аблізваў цьвярдога селядца, якога некалі бачыць ня мог. Расказваў, як аднойчы давалі яму праз кармушку селядцы для камеры, а ён ніколі іх не трымаў у руках, і яны яму вываліліся на падлогу.
Калі прыяжджаў Юра й мы крыху з сабою размаўлялі, дык я ўсе пыталася, як ён ёсьць, а ён у мяне пытаўся, як я сплю? Не прывьгчная я ў жыцьці да выгодаў, але адно — не магу на цьвёрдым спаць. Пасьцель мая мусяе быць мяккая, чыстая, найлепш на сетцы, а столькі гадоў давялося мучыцца на нарах! Падушка са стружак і ніякага прасьцірадла гадамі… Аб сыну я забывалася толькі тады, калі засынала, і то клапатліва й асьцярожна нехта і ў сьне ўводзіў мяне ў кола яго зацікаўленьняў і адзіноцтва. Я адчувала амаль усю бездапаможнасьць яго ў жыцьці перад зьмяінай, найпадлейшай хітрасьцю й тактыкай ворага. Можна было толькі верыць у Вышэйшую сілу й спадзявацца на Божую дапамогу. Мы былі як у пашчы льва, і я лічу цудам, што клыкі ворага не заціснуліся на нашым горле.
Юра часта прыяжджаў у той Пісэк. Часам глянеш на твары надзораў з нейкім лагодным чалавечым усьмехам і адчуваеш, што гэта дзіця зноў тут, і чысьціня яго, і глыбіня болю перамяняе нат сэрцы ворагаў. Часамі бывала трагічна. Памятаю, як аднойчы пасьля адсуну Бэнэша новы прэзыдэнт Чэхаславакіі Готвальд адзначаў сваё прэзыдэнцтва амністыяй для вязьняў. Хлопчык пагутарыў з намі. Надзорка дазволіла яму перадаць мне пакецік з амэрыканскім сьняданьнем з варункам, што я яго зьем пры ёй. Ён быў рады. Ручкамі цераз краты выціраў мне сьлезы, а сам ніколі не заплакаў. Быў мужны, але, як аказалася, толькі пры нас. У той дзень якраз адпушчаў Готвальд сваіх больш-менш аднадумцаў, і малы хлопчык стаяў ля сьцен вязьніцы, дарма шукаючы вачыма між выходзячых сваіх бацькоў. Жанчыны з мае камеры вярталіся з працы й бачылі, як адчайна плакаў ён, адзінокі, бедны, каля той вязьніцы, дарма там стоячы да позьняга вечара.