У міжчасе ведаючы, што нас ратаваць немагчыма, кум наш забіраў хлопчыка ў Польшчу. Мы падпісалі даверанасьць, што аддаем сына пад яго апеку. Перадаў ён мне зажатую ў пальчыках маленькую фігурку сьвятога Антонія, калі прыйшоў разьвітацца. Было крыху лягчэй, што адвозяць яго ў Польшчу, здавалася, там ён хутчэй выратуецца. На сабе мне не залежала, я была гатовая прыняць самыя страшныя цярпеньні, якія моўчкі прымаюць змагары за сваю Радзіму. Няведама пашто й за што ўпляла доля ў гэтае цярпеньне й маяго мужа, і гэта было мне балюча й непрыемна. Калі людзі ад’яжджалі на Захад, ён упарта цьвердзіў, што ён сацыяліст і яму будзе добра пры новай уладзе ў Чэхах. Тое ж думалі амаль усе чэхі, а мне замірала сэрца з жудасных прадчуцьцяў усходніх Асьвенцімаў, гдзе места печаў спальвалі людзей палярныя маразы, зьдзекі надзораў адпаведных сваяму палітычнаму рэжыму, непасільная праца, амаль забарона лістоў (пісаць два разы ў год) і чвэрць стагодзьдзя пакараньня за патрыятызм, што чалавеку нагадвала сьмерць за жыцьця…
У Пісэку ніколі не было палітвязьняў, дык і бібліятэка вязьніцы была прыстасаванай для абмежаваных праступнікаў людзкіх законаў. Не магла я чытаць тых убогіх абмежаваных раманаў са слашчавасьцю мінулага веку й аднойчы сказала гэта мужу пры сустрэчы. Судзьдзя, які прысутнічаў пры нашай размове (такі закон), прыслаў мне ў камеру пару цікавейшых кніг, між імі й томік паэзіі Бадлера. Мая ўвага спынілася на вершы, гдзе адыходзіць карабель і людзі адплываюць ад сваіх назаўсёды. Ня памятаю слоў, але верш гэты прадсказваў маю долю, нечалавечна жудасную, бязьлітасна адзінокую.
Надышоў дзень, калі падліза немка Ольга, няшчасная дзеўчына й адумысловы стукач, пранюхала недзе ў начальства, што мяне адвязуць, каб выдаць у рукі расейцам. Гэта ўжо адчувалася, і я была даволі спакойнай. На выратаваньне не было надзеі, і трэба было йсьці насустрач усяго, што вякамі нёс расеец няшчасным сваім суседзям, мала ўступаючы сваяму сябру па духу Адольфу Гітлеру. Увесь ператварыўшыся ў плаза, поўзаў цяпер расейскі народ ля клятых сталінскіх ботаў, ліжучы падэшвы вялікага крывапіўца й прадаючы на мукі безьліч сваіх братоў. Ня кожны трынаццаты тут быў Іудам і ня кожны пяты! Я мала памылюся, калі скажу, што Іудам тут быў кожны другі. Ня маючы магчымасьці чэсна жыць, мець нармальныя варункі існаваньня й росту — расеец меў адзіны шлях выбіцца над узровень другіх рабоў — ён даносіў. Даносіў з пялюшак і з пялюшак хваліў ня думаючы страшных тыранаў чалавецтва, якія натхнялі нянавісьцю да Бога й чалавека сваіх грамадзян і сталіся «прадцечам» самога фюрэра ў сэнсе злачынстваў. Паняцьце «чалавек», на ўзровень якога ўзняло нас хрысьціянства й дасягненьні людзкога розуму, дзіка бурылі «частку божага твору», ператвараючы ў «шрубку» пякельнай сталінскай машыны, папераджаючай печы Асьвенціма й колькасьцю ахвяр перавышаючай іх… Не пратэставаў ужо амаль ніхто. Усё было аберуч вынішчана самымі расейцамі, а хто й сказаў слова супраць, дык сказаў яго толькі — раз… Другі раз нікому не давялося, бо такіх хапалі, судзілі й засылалі ў пустыні, гдзе ўсё, пачынаючы ад клімату, было прадумана прыстасаваным да масавага нішчаньня людзей маральна і, безумоўна, фізычна. Вось што мяне чакала.
Яшчэ зацемна прыйшоў па нас канвой. Меў загад весьці нас з закаванымі рукамі, аб чым нас папярэдзіў, але нечаму зрабіць гэтага ня змог, хоць я й не пратэставала, бо ж якая розьніца, калі гутарка датычыць фанатыкаў? Ішлі мы, несучы свае мяшкі, і я аступілася па дарозе. Трэснуў мне напалову абцасік маяго туфля. Так ён там і застаўся чэхам на ўспамін аб славянскай гасьціннасьці…
Вязьлі нас цягніком, людзі ўзіраліся на нас часам абыякава, часам варожа. Ян Масарык даўно ўжо спачываў на могілках, і яго былыя падданыя шукалі цяпер другіх шляхоў да «сыцейшага» існаваньня. Мы з мужам маўчалі. Канваіры былі каменныя, няветлівыя. Калі муж папрасіўся выйсьці й адзін з канваіраў яго павёў, дык другі, нейк пачалавечы на мяне глянуўшы, сказаў мне, што, так як я сільнейшая духам ад маяго мужа, ён хоча прыгатаваць мяне на тое, што нас вязуць дзеля выдачы саветам. Ва мне ўсё зьледзянела раптам. Гэта ўжо была нагая суровая праўда, падступаючыя пад самае горла крывавыя сталінскія кіпцюры… Я не заплакала. Я проста скамянела, і нейкі прыліў адчайнай адвагі ахапіў усю маю асобу. Я адчувала, што йду на няроўны бой. Я гэты бой успрымала бяз капелькі страху ў сэрцы. Упарта адганяла толькі думку аб сыну, з гэтым болем я ня справілася ўсё жыцьце… Памалу я прыгатавала мужа да гэтай жудаснай неабходнасьці. Ён зьбялеў, але не самлеў, як і я.
Так нас прывезьлі ў Прагу. На вуліцах хадзілі сакалы, быў, мусяць, апошні чэскі сакольскі зьлёт. Бледныя мы, як папера, стаялі ў канцы трамвая. Паўгода прабываньня ў Пісэку ўжо пакінула на нас сьлед. А пасьля адбывалася ўсё як звычайна, толькі не загадалі тут нам дагала распрануцца й гідкія пальцы надзоркі не краналі маіх валасоў і цела, як гэта рабілі са мною ў Пісэку. Была гэта праская паліцэйская вязьніца, куды нас завезьлі. Была яна прыспасоблена да часовага прабываньня там злодзеяў і прастытутак. Канвой, перадаючы нас, даў нам падпісаць нейкую складзеную ўдвое паперу. Муж падпісваць не згадзіўся й зажадаў, каб яму паказалі, у чым справа. Аказваецца, Прахаціцкі «обэц» (сельсавет) гэтай паперкай апавяшчаў нас, што менавіта ён пазбаўляе нас чэскага грамадзянства. Што мелі супольнага з намі тыя Прахаціцы, і сяньня не разумею. Ня памятаю, ці мы гэта падпісалі, магчыма, што падпісалі з нейкай ужо тупой абыякавасьці да ўсяго, што нас акружала.
У вязьніцы былі брудныя ложкі, але цікавыя людзі. Былі гэта саколкі, якія мелі адвагу крычаць лозунгі, ня згодныя з духам усходу, і дзяўчаты, якіх абвінавачвалі ў арганізаваньні атэнтату на нейкага камуніста з ЦК. Атэнтат гэты зрабіў, здаецца, адзін малады студэнт, які вечарамі хораша й сумна сьпяваў сваей дзяўчыне: «Доброў ноц, ма міля». Усе мы, як і тая дзяўчына ў адной з камер, з любасьцю слухалі тую песеньку й падзіўлялі мужную сілу хлопца. Сядзела з намі яшчэ адна з дачок Круліш-Ранды, чэскага магната, Эва, маладая разумная жанчына, якая, здаецца, несла ў сваім сэрцы ўсю адказнасьць за тое, што тварылася ў яе каханай айчыне. Рознае ў ёй бывала, але ўпершыню страшная рука ўсходу ў сваіх брудных кіпцюрох заціскала жывое сэрца рэспублікі, стараючыся выкрасьліць з сэрцаў дарагое імя Масарыка — бацькі й сына. Чэхі пачыналі разумець свае жудаснае становішча, і нянавісць да ўсходу замяніла старое славянафільства. Часта прыходзілі ў камеру жанчыны й плакалі, што яны не за палітыку сюды трапілі. Недзе схавалі Бэнэша, і людзі ведалі, што няшчасны прэзыдэнт ужо жывым ня выйдзе. Да мяне нейк па-дзіцячаму «прыліпла» маладая гэбрэйка, якая ўцякала з Мадзяршчыны праз Прагу ў Палестыну й апынулася з намі. Яна ня ведала моваў і са страху ад мяне не адыходзіла… У камеры забаронена было плакаць і наракаць. Усё рабілася, каб захаваць нэрвы свае й другіх ды здароўе, бо пакута пачыналася толькі. Гэты дэвіз маладых чэшак вельмі мне дапамог у дальнейшым на Поўначы. «Кіп смайлінг»[88], — часта паўтарала я сабе ў найцяжэйшыя хвіліны жыцця. Пакуль чэхі, на ўзор сваіх усходніх «апекуноў», гатавалі адпаведныя вязьніцы для палітвязьняў, мужныя чэскія дзяўчаты памагалі мне перажыць хвіліны разлукі з Захадам і пакінулі харошы ўспамін аб лепшай частцы сваяго народу. У гэтай паліцэйнай вязьніцы Прагі прабылі мы нешта месяц ці паўтара. У адной з камер сядзеў мой муж, але ён цяпер меў курава, тут яно дазвалялася, і адчуваў сябе крыху лепш. Сын ужо быў у Польшчы, і здавалася нам, што ён душою й думкамі заўсёды пры нас. Сьнілася мне, што мы з ім ідзем па беразе рэчкі, кругом вада, а дождж яшчэ лье на нас, ідзем доўга, так, як гэта аказалася пазьней — гады разлукі й мукаў, і Бог ведае, ці не цяжэй было адзінокаму дзіцяці ў пасьляваенным Вроцлаве…