Трывожна праходзіў час у паліцэйнай чэскай вязьніцы ў Празе. Сакольскі зьлет, які ў той час адбываўся ў Празе, шчодра папаўняў колькасць зьняволеных. Чэхі даўно ўжо агледзеліся, што ізноў трагічна згубілі сваю свабоду, і цяпер на зьлёце горача й масава выступалі ў абароне свае незалежнасьці, свае рэспублікі супраць насільля. Арыштоўвалі за пратэсты, за лозунгі. Людзі трымаліся мужна. Побач у камеры сядзела маладзенькая дачка Гэлены Кожэлюгавай, ведамай дзяячкі хрысьціянскай партыі Чэхаславакіі. Схапілі яе на граніцы, калі старалася ўцячы пасьля перавароту. Пасадзілі бедную ў камеру прастытутак, гдзе былі бруд, заўшыўленасьць, цяснота. Як я чула, дык чэскія прастытуткі аказаліся добрымі патрыёткамі. Яны памагалі зьняволеным за палітыку, перадавалі справы на вонак, прыносілі інфармацыі. Казалі, што маладая дзяўчынка трымалася разумна, хаця яе й білі.
Аднойчы вечарам нейкі сьледавацель-крыміналіст адчыніў дзьверы нашай камеры. Я са зьдзіўленьнем глянула на яго, а ён аж замёр на парозе. Быў гэта пацыент маяго мужа, абавязаны яму і ўдзячны, пан Пэшэк. Працаваў ён у розыску й вось прыйшоў выклікаць на допыты нейкую дзяўчыну з нашай камеры, якая ўжо суткі плакала, атручваючы нам і без таго цяжкі настрой. Затрымалі яе ў кафэ разам з яё кавалерам, які, як пасьля высьветлілася, украў аўто, на якім весела яе развозіў па Празе. Візыта пана Пэшэка мела для нас той добры бок, што гэты харошы чалавек пачаў нас абяспечваць перадачамі, якія былі аднолькавымі са сьпешна купленых мужчынам прадуктаў і вызначаліся вялікай колькасьцю папяросаў, як мне, так і мужу. Муж, які перацярпеў у Пісэку мукі бяз курава, меў цяпер што курыць, бо пры першай магчымасьці я яму перасылала й свае. Ніколі не забудуся пра болем скрыўлены твар пана Пэшэка, калі вялі нас паказаць савецкаму прадстаўніку, які панура й тупа аглядаў свае ахвяры. Пэшэка перакрывіла нейкім жудасным болем, і па твары гэтаму суроваму чалавеку цяклі сьлёзы. Больш-менш пазнаўшы парадкі й прадстаўнікоў гэтага ладу, ён, відавочна, уяўляў сабе ўсе нашыя мукі наперад. Яшчэ горай чуліся мы з мужам, жах, які нас чакаў, спыніў мне і сьлёзы, і дых. Доля сына сьвідравала мозг, паласавала нэрвы. Толькі прыклікаўшы на памяць усе цярпеньні мае Радзімы й колькасьць ахвяраў праз усе варожыя акупацыі, я зноў прыклікала ўсе свае духовыя сілы, каб стрываць і найгоршае.
А найгоршае прыйшло хутка. Аднойчы з раніцы аб’явілі мне аб ад’езьдзе. Гэта было нешта, як сьмяротны вырак. Не хапіла ўласных сілаў, і я апусьцілася на калені. Схаваўшы голаў у далоні, усей душою прасіла ў Бога літасьці над маім дзецем і сілаў для нас. Прад намі, здавалася мне, прорва, суцэльная бязглузьдзіца й бесчалавечнасьць, гдзе замест усіх людзьмі прызнаных праўд стаіць, раскарачыўся крывавы Сталін, якому ачумелыя расейцы аблізваюць жудасныя кіпцюры з крыві іх родных бацькоў і сыноў, пралітай тыранам самохаць і непатрэбна. Надзеі на ратунак — ніякай. Бо, каб выратавацца, заставалася прылучыцца да натоўпу і, адкінуўшы з душы ўсе здабыткі людзкое культуры, зрабіцца такім жа бітым сабакам і з жудасных лапаў сьлязьмі змываць кроў вынішчанага тыранствам маяго роду.
Нас пасадзілі ў машыну, якую вязьні называлі «Антонам», зялёную, шчыльна закрытую, і з некалькімі яшчэ хлопцамі, якія, відавочна, праштрафіліся ў арміі ці зьбеглі з яе, адвезьлі ў савецкі лагер перамяшчэньня захопленых імі на Захадзе ахвяр. На дзеравянай браме, за якой чырванелі гарластымі надаедлівымі лозунгамі дзеравяныя баракі, красаваўся надпіс: «Добро пожаловать», як быццам і сапраўды мы ехалі да звычайных людзей з чалавечымі абычаямі й хоць мінімальнай культурай. На дзеравяных сталох, нічым не пакрытых, стаялі жалезныя міскі з нейкай капустай і ляжаў нарэзаны хлеб. Людзі былі змораныя астрогамі, бледныя, нехта еў, нехта ўжо пачынаў хваліць «родину». Задаволена й дзіка на нас паглядаючы, пахаджвалі «начальнікі», выпаўнялі плян сілай і абманам вырваных у Захаду ахвяр.
Нарэшце падагаалі машыну з высокімі бартамі, усадзілі нас на яе дно. Спераду й ззаду на дошках, перакладзеных цераз барты, сядзелі, направіўшы на нас аўтаматы, па чатыры «асвабадзіцеляў». Муж абапёр мне на калені амаль нежывы ад схудненьня й бледнасьці твар, і жнівеньскае сонца літасьцівымі праменьнямі гладзіла яго пасівелую голаў. Залатая Прага, нашая кватэра й часьць нашых лепшых гадоў засталіся далёка за намі. Вязьлі нас далей ад сына й ад Эўропы — ад пагранічнага Вімпэрку на край сьвету ў Варкуту. Ну а пакуль што нас вязьлі ў Вену. Дарога была даўгая, сустрэчных людзей на ёй мала. З жанчын апрача мяне вязьлі нейкую старушку, якую сілаю адабралі ад чэскіх грамадзян дзяцей, а рэшта ўсё былі даволі маладыя мужчыны. Яны нейк пераглядаліся між сабою, і адчувалася, што гатовыя кінуцца на канвой і ратавацца, але аўтаматы ў грудзі і ў плечы ды падмога ў кабіне амаль ліквідавалі магчымасьць шалёнай рызыкі. У час абеду мы елі хлеб. Абед нашых канваіраў адрозьніваўся толькі тым, што яны пхалі ў рот той хлеб, пасыпаючы цукрам, па цэлай буханцы. Не было чым запіць таго хлеба, колькі тыя салдаты ні прасілі ў чэскіх вёсках вядра, каб зачэрпаць вады, чэхі ім вядра не давалі, былі навучаныя ўжо не адным прыкладам нагласьці й зладзейства. Сумна глядзелі на нас чэскія пагранічнікі, як быццам вязьлі ўжо нас на эшафот, а не на радзіму, і моўчкі праважалі за сваю граніцу.
На пустых пажатых палёх пачаліся вінаграднікі, і калі сонца пачало ўжо сядаць, мы прыехалі ў Вену. З дна машыны паглядала я на яе, чорную й залатую, усей сваей культурай і выглядам так розную, так інакшую ад людзей, якія нас вязьлі на пакуты. Нас з мужам высадзілі ў нейкім палацы ці замку, здаецца ў Нэйвінэрштат, гдзе, памятаю, была на сьцяне табліца з надпісам, што некалі там у чэрвені выпаў сьнег. Спалі мы ў нейкіх сенях, і даволі неспакойны наш сон сьцераглі здалёк крыху ад нас азброеныя канваіры. Назаўтра была, памятаю, пятніца, 13 жніўня, ліў дождж. Ужо з раніцы пад’ехала па нас грузавая машына й паперла нас з мужам у напрамку Вены. На адной з вуліц у зелені саду стаяла віла, уступнае «Добро пожаловать» жудасна й выразна сьведчыла аб яе тагачасовых жыхарах. У нетры тае вілы. у падзямельлі якой мучыліся сотні зьняволеных, кінулі й нас. Ледзь пасьпелі мы разьвітацца, як раскідалі нас у тым падзямельлі па камерах. Чорнай хваляй наляцела на мяне несказанае гора.
У камеры сядзела некалькі немак, пераважна, здаецца, у падазрэньні шпіянажу. Па-нямецку я крыху гутарыла. Я разьдзяліла з імі часьць прадуктаў, якія былі ў мяне, пачала знаёміцца. Час закрыў мне ўжо іх аблічча, але выразна памятаю з іх адну — была гэта нейкая артыстка й прафэсіянальная шпіенка Элё Вінклер. Была гэта даволі прыгожая бэстыя, пазбаўленая ўсякай маралі й этыкі. Немкі адразу далі мне зразумець, што гэта шпіенка, і ў савецкай камеры рэкамэндуючы асьцярожнасьць. Усе мы, як быдла, валяліся на падлозе ў каросьце й брудзе, і толькі яна адна мела ложак і пярыну, гдзе найчасьцей валялася голая альбо выкручвалася перад шкляным вокам у дзьвярох, раздражаючы сваею нагатою салдат-канваіраў. Яна ўсё расказвала пра сваю любоў да савецкай улады й Сталіна й пра сваяго мужа, прафэсіянальнага шпіёна, які сядзеў недзе побач. Гэта была агідная нейкая садыстка. Заўважыўшы аднойчы, што я малюся, пачала прасьледаваць мяне жудаснымі выкрыкамі, нейкімі «малітвамі» да чорта. Лётала па камеры й выла: «Тойфэль, тойфэль»[89] — і часта нагадвала ашалелую. У нашую камеру заглядалі надзірацелі й часам клікалі на працу. Я заўсёды старалася вырвацца хоць на пару гадзінаў, каб глытануць паветра й нешта даведацца пра мужа ды ў меру магчымасьці памагчы яму хоць нечым. На другі дзень нашага прабываньня ў падзямельлі мяне павялі да начальства. Нейкі ваенны, відно, высокага чыну сустрэў мяне словамі: «Вот и вы в наших руках». — «Велькай радасьці з гэтага мець ня будзеце», — адказала я яму прадумана й паважна. Спытаўся ў мяне яшчэ, што я думаю пра Готвальда, які ўжо быў на месцы Бэнэша прэзыдэнтам Чэхаславакіі. Я не хацела высказвацца аб ім і толькі прыкмеціла коратка, што цяжка быць прэзыдэнтам у цяні Бэнэша. На пытаньне аб кампартыі чэскай сказала, што яна лічная[90] колькасна, але якасна нічога ня вартая. Ваенны гутарыў са мною даволі памяркоўна, і я наважылася папытаць яго, што з нашымі чамаданамі, якія ў нас забралі й няма іх. Праз некалькі дзён чамаданы зьнекуль прывезьлі надзіва ў парадку. Казалі, што ў гэтай вязьніцы быў цэнтр МГБ на ўсю сярэднюю Эўропу. Тут і судзілі людзей пераважна на 10, 15, а часьцей на 25 гадоў. Нас нечаму не судзілі, гэтую прыемнасьць пакінулі Менску.