Выбрать главу

Кармілі нас нейкім густым панцаком і хлебам, рана — чорнай кавай. Удзень я старалася спаць, затое ноччу пачыналіся трагэдыі. Над намі бясконца дапрашвалі людзей, можна было зразумець нават фразы, а ўжо енкі бітых і квяцісты расейскі мат не сьціхалі гучэць да раніцы. Савецкія сьледавацелі, як начныя драпежнікі, жыравалі ноччу. Днём было ціха, толькі рысавалася нечым дурная Вінклер і час ад часу званіў трамвай, які праходзіў міма гэтай шэрай вілы, і людзі, якія праяжджалі міма, напэўна, нат не падазравалі аб нашых мучэньнях. Месяцамі без мыцьця й вады наагул, без паветра, у цеснаце й брудзе чакалі няшчасныя яшчэ горшага лёсу.

На працу мы хадзілі звычайна з Лізай, гэта была аўстрыйская сялянка, якой за нешта далі 15 гадоў кары. Яна плакала па сваіх дзецях і люта ненавідзела ворагаў і Элё Вінклер з імі. Праца была ня лёгкай, пераважна нешта мыць пасьля рамонту ці бяленьня, часам вымыць бялізну. У такіх выпадках звычайна мы мылі нешта сабе, а з кухні прыносілі ежу ў камеру й дзялілі яе пароўну ўсім. Я даведалася, што мой муж недзе ў першай камеры, і дагаварылася са зьняволенай абслугай гэтай патайной вязьніцы, што яны выклічуць часам мужа скрабсьці бульбу, дадуць яму папяроску, накормяць. За гэта я ім мыла заскарузлыя кашулі зьверх свае працы. Быў там у абслузе й зьняволены малады лекар. Ён зьвярнуўся да нас з Лізаю, просячы, ці мы не памылі б кашулі зьняволеным, якія вось год сядзяць тут у брудзе. Кашулі былі чорныя з тлустага бруду, але я глядзела на іх скрозь слезы, дарма шукаючы між іх кашулі мужа. Якое ж было маё зьдзіўленьне, калі мая фрау Ліза адмовілася мне памагаць. Яна, бедная, настолькі ненавідзела ворагаў і іх народнасьць, што памагчы зьняволенаму расейцу не магла, і доўга мне прыйшлося выясьняць ёй долю няшчасных. Памагала мне, але не зразумела розьніцы між аднымі й другімі ніколі. Аднойчы, мыючы нейкі кабінэт, я пачула па радыё, што ўцёк Зэнкль, лідэр партыі народных сацыялістаў, і стала мне весялей. Аднойчы зноў падышла да вакна і ўбачыла прыблізна дзесяцігадовых хлопчыкаў, якія гулялі ў футбол. Завірыўся перад вачыма вобраз сына, і мяне ледзь прывялі ў камеру. Муж мне казаў пасьля, што бульбу скрабаць яго выклікалі, але ён хадзіў на кухню неахвотна.

Час ішоў, «канцэрты» начамі рабіліся штораз болей дзікімі, дні каротшымі й болей халоднымі. На допытах нічога ў мяне асаблівага не пыталі, і відно было, што ўся цырымонія суду нада мною адбудзецца ў Саюзе. Мне жудасна было глядзець, да чаго былі нядобрымі, тупымі сядзячыя са мною аўстрыячкі, у таварыстве іх было мне жудасна. Круг іх зацікаўленьняў быў абмежаваны асабістымі, актуальнымі справамі іх пакараньня, якое ў параўнаньні з Захадам было неймаверным. Гэта былі кары па 25, па 15, па 10 гадоў. Меншых не сустракалася. Усіх няшчасных чакалі няволя й вываз у лагеры «мадэ ін СССР», г. зн. недзе далёка ад вялікіх месцаў, у першабытнай тайзе ці тундры, гдзе акрамя цяжкай працы й зьверскага рэжыму забівае й сам клімат. У гэтых жанчын, якія нейкай цудам знойдзенай голкай вышывалі на сваіх насатках самыя агідныя словы расейскага лексікону, не было ні веры, ні надзеі на ратунак. Не было ў іх нават сьмелай фантазіі нейкага цуду над намі, яны бралі ўсё рэальна, і відно, што былі гатовыя йсьці на ўсе подласьці толькі дзеля захаваньня жыцьця. Толькі адна Ліза ня ведала меры свае нянавісьці й сваяму болю па мужу, доме й дзецях.

Так аднойчы нас выклікалі і ў цесным «чорным воране» пераправілі недзе ў вялікую вязьніцу, гдзе ўжо было болей жанчын — пераважна немак. Жанчыны былі болей цікавыя, з востра зарысованай нянавісьцю да ўсяго, што расейскае. Да мяне, ня ведаю, з якіх меркаваньняў, усе адносіліся вельмі добра. Іх нянавісьць была маей нянавісьцю, іх тайны маімі тайнамі. Пасьля трох дзён прабываньня там нас сабралі, перашманалі, праверылі нашыя паперы й выпусьцілі ў вялікую залю. Я ўбачыла маяго мужа — быў худы да немагчымасьці, з абрытай нагола галавою. Стараўся ўсьміхацца, і гэта было яшчэ болей жудасна. Калі нас пастроілі на падворку, Грэта Адам, прыгожая й маладая, крыкнула на ўвесь голас па-нямецку: «Фрау Ларыса, мы сюды яшчэ вернемся, вернемся абавязкова!» Я ёй пацьвердзіла гэта. Перад ад’ездам з тае вязьніцы, здаецца, гэта быў Шапрон, нас збольшага шманалі, гэта знача абысквалі нас і нашыя рэчы. I вось прыйшла чарга на мяне. Мае загінуўшыя й зноў аднойдзеныя чамаданы былі напханыя рознымі рэчамі, якія ласкава мне з нашай кватэры прынесьлі пані Копэцкая й пан Кржываноска, якім мы аддалі ключы ад нашай кватэры. Было там даволі й рознай непатрэбнасьці, але сярод усяго была харошая, новая, падараваная мне адной чэшкай Біблія. Была яна на тоненькай паперы, выданая недзе ў Амэрыцы. Яна, як і Евангельле на беларускай мове, якое мне муж купіў на маю просьбу адразу пасьля нашага вясельля, былі маімі настольнымі кніжкамі. Прынесьлі мне тую Біблію яшчэ ў вязьніцу ў Вімпэрку, і я, залезшы на шырачэзны падаконьнік закратаванага вакенца замкавай вежы й паглядаючы на лес, чытала праз сьлёзы тую Біблію і ўсё думала, ці ня выскачаць на сваіх «джыпах» з таго лесу мілыя амэрыканцы й ці не разьнясуць гэтую нечалавечую шарашку на чатыры вятры. Але не ў галаве было тым мілым амэрыканцам нашае гора, і заставаліся нам толькі Біблія й пакутны, чалавечы шлях Хрыста.

Вось і вывалаклі гэтую кніжку, як якую ядавітую рэч, і ня ведалі, што з ёю рабіць, якім цудам яна тут апынулася. Тады я пачала паціху ўпрошваць тых салдатаў, каб усе ж кніжку мне пакінулі. Яны буркнулі мне нешта азьвярэла, але кніжку, як я пасьля пераканалася, мне пакінулі, як і лісты ад сыночка.

Нас разьмяшчалі на грузавых машынах і ўсе стараліся, каб я й Джэні-грачанка селі ля сваіх мужоў. Муж прыгожай заплаканай Джэні, невысокі, але мажны сымпатычны грэк стаяў бедны ў чаравіках без шнуркоў, з парасолем, прытрымоўваючы адной рукой нагавіцы, бо й пояс яму забралі.

Павезьлі нас за Вену, гдзе адзінока стаяў цэлы цягнік на «жывы тавар» для «пераможцаў». Падганялі машыны да дзьвярэй вагонаў, клалі памост і па ім заганялі зьняволеных. Нейкія касавокія канваіры з віскам круцілі аўтаматамі, як пугамі, над лысымі галовамі вязьняў, і здавалася мне, што гэта часы й норавы Батыя, нягледзячы на цягнік, як іронію дасягненьняў людзкасьці. Вагоны былі падзеленыя густа пераплеценым калючым дротам на тры часьці. З левага боку жанчыны (было нас трынаццаць), з правага мужчыны — болей за сорак (сядзелі адзін на адным) і пасярэдзіне канваіры. У загарадзях былі пакінутыя толькі дзіркі, як для сабакі. Трэба было станавіцца на калені й так толькі, на жываце, туды паўзьці. Паабдзіралі мы і адзеньне, і голавы. Дзіркі гэтыя наглуха пазапляталі. «Туалет» для нас зрабілі незамыславаты. Выдзеўблі дзірку ў падлозе вагона, і гэта было ўсе. Для нас, эўрапеек, гэта была пакута, і мы, нягледзячы на пратэсты канвояў, затуляліся, чым маглі, альбо чакалі ночы. Ваду піць падавалі нам праз дрот, ежу — таксама. Не было ні ложак, ні місак. Ля гэтага вагона назьбіралі нашыя «апекуны» брудных іржавых банак, яшчэ, відно, ад такрошніх[91] кансэрваў, з якіх і елі мы штодня той незамыславаты панцак, якім нас кармілі. Мужчыны апякалі сабе вусны, бо з тых бляшанак трэба было пад’есьці некалькі асобам. Ваду давалі нам, якую хацелі, ад яе ледзь ня рвала. Цягнік наш суправаджаў лекар і цэлая зграя розных чакістых, паджарых, з хітрымі, сьвідруючымі вачыма, на якіх страх было паглядаць. Яны заходзілі і ў наш вагон і зьдзекваліся, як маглі, з бедных немачак, якіх вязьлі «да мядзьведзяў». Ад’яжджаючы, схапіў мяне плач страшны, нялюдзкі. Мне здавалася, што я ўжо ніколі не пабачу сына, як папруць мяне няведама куды й задушаць, думалася ўсё, а дзіця, самое ў шырокім бязьлітасным сьвеце. Якраз падышоў той «доктар» і пытаецца ў немак, чаго я так плачу, ад’яжджаючы «на родину», а яны кажуць аб хлопчыку, а той: «Ничего, бандитом будет». Гэта было сказана ня так сабе. «Доктар» быў, відавочна, у курсе спраў, бо, як я пасьля даведалася, яны скіравалі ўсе намаганьні, каб маральна й фізычна зьнішчыць няшчаснага хлопца.

З немак былі цікавымі жанчынамі аўстрыячкі фрау Рэнэ й фрау Фіні. Фрау Фіні, звычайная старажыха, вельмі адчувала гора Аўстрыі, на такіх «асвабадзіцеляў» глядзела з нянавісьцю, верыла, што Бог дапаможа вярнуцца, і з абрыдлівасьцю адварочвалася ад Эле Вінклер і нейкай Геры, якую ўсе пашчыпваў той «доктар», а ёй гэта падабалася.

вернуться

91

Такрошні (дыял.) — леташні, мінулы.