Маці Марта прыклікала мяне да сябе, і я ёй шчыра ўсё пра сябе расказала. Яна, відавочна, адразу паверыла мне, і ў нас завязалася нейкая цеплыня й давер. Пасябравала я й з другімі ўкраінкамі. Тут я ажыла! Гэта не былі ўжо цынічныя сварлівыя аўстрыячкі, а ідэйныя, чыстыя, як сьляза, баявыя дзяўчаты й жанчыны, са сьлядамі пабояў на целе. Мы клаліся на падлогу, накрываліся якім гуцульскім радном, каб нас меней чулі, і гаварылі гадзінамі. Мне забівала дух ад іх адвагі, мужнасьці, мукаў. Усе гэта яны ўспрымалі натуральна, думаючы толькі пра Украіну. Старыя жанчыны, якім забралі ўсё й дзяцей за тое толькі, што яны накармілі сыноў-паўстанцаў, несьлі свой крыж дастойна, ціха. Дзеці з жудасьцю ўспаміналі пра «маскалёў», як тыя рабілі аблавы, вынішчалі сёлы, заганялі іх у лагеры. З намі сядзела дзяўчынка лет дванаццаці. Яна з брацікам, дзесяцігадовым хлапчуком, уцякла з высылкі на Украіну ад голаду. Іх злапалі й праз вязьніцу, як і шмат іншых, варочалі назад недзе ў Комі ці Казахстан. Дзяўчынцы прыносілі перадачы й хлопчыка часам пушчалі ў нашую камеру, каб ён пад’еў, бо ў яго камеры галодныя блатныя дзеці адразу ўсё адабралі б. Мы ўжо прывыклі да хлопчыка, быў ён малы, паважны. Аднойчы ён мне сказаў, што моцна верыць у тое, што іх «жовто-блакітны» сьцяг будзе над Кіевам! О, дай гэта Божа, харошы хлопча! Разумнае было дзіця, меў там яшчэ такога ж сябру. Раніцай давалі ім па пайцы хлеба. Адразу яго зьесьці было нельга, бо яшчэ цэлы дзень наперадзе, а схаваць хлеб таксама нельга, блатныя жулічкі адбяруць. Дык хлапчаняты з раніцы прадавалі адну пайку, грошы добра перахоўвалі, а ўвечары куплялі сабе пайку зноў. Дзяліліся яны ўсім, і спадзяюся, што выжылі. На перасылцы гэтай адчуваўся бой, атмасфэра несказанага, падобнага грэцкаму, шляхотнага геройства. Усё тут дыхала ўкраінскай адчайнай прагай волі й барацьбой. Жанчыны сьпявалі, маліліся суполвна й ніколі ня плакалі. Голкамі з рыбіных касьцей ці нейкай цудам захаванай сапраўднай голкай яны з адзеньня выпаранымі ніцямі вышывалі на лапінках трагічную гісторыю гэтых часоў. Былі гэта цуды, на якія пайшло крыху й мае бялізны. Былі гэта мадонны, з малітваю пад нізам, сэрцы, прабітыя мячом, з якіх капала кроў на ўкраінскую зямлю, магілы пабітых мужоў і сыноў з надпісамі й вянкі цярновыя, і разарваныя на руках дзяўчыны-Украіны варожыя ланцугі. Некалі будзе музэй змаганьня й болю гэтай Зямлі й чалавецтва паклоніцца бабусям пабожным і мужным і «каранаваным» дзяўчатам. Каранаваньне… Гэта чакісты ставілі ля сьценаў дзяўчат і абстрэльвалі ім кароны вакол галавы. Ад гэтага сівелі, дурэлі, а ў адной «каранаванай» Вольгі так і засталася дзірачка на чале.
З Маці Мартай мы шчыра пасябравалі. Нягледзячы на свае 64 гады, была яна «наймалодшай у камеры», а можа, і ў цэлым лагеры. Заўсёды ў курсе палітычных і лагерных спраў, радзіла ўсім, памагала. Нават маладыя дзяўчаткі засуджаныя дзяліліся з ёю зьместам запісачкаў ад сваіх каханых, між радкамі якіх былі заўсёды і іншыя справы. У той час якраз, а быў гэта 48-мы год, забілі нейкага сьвятара, які выступаў супраць вуніі, і аб гэтым галоўна вяліся гутаркі. Маці Марта кожны дзень, акрамя сьвятаў ці т. зв. савецкіх выхадных, атрымоўвала з горада ад сёстраў перадачы. Дорага гэта ёй абыходзілася, бо трэба было шчодра дзяліць іх з «адміністрацыяй», але ў Маці Марты знайшлося заўсёды нешта ня толькі для мяне, але й для маяго мужа, якому гэтая цудоўная асоба здолела пераслаць ежу і ў зусім другі барак. Яўрэі народ вёрткі, яны за грошы зробяць што хочаш, ды прытым, як я пазьней пераканалася, яны палічылі маяго мужа сваім. Быў ён худы, зарослы, чорны й сапраўды паходзіў крыху не на сваю расу. Мілая гэніяльная Маці Марта здолела зрабіць нават так, што аднойчы нейкі старшыня прывёў мужа ў наш барак. Была нядзеля, і мы якраз супольна адпраўлялі імшу. Я выйшла, і мы доўга маглі пагаварыць з сабою. Муж расказваў, як грэк Янайка са сваімі аўстрыйскімі сябрамі й «адміністрацыяй» барака добра ўляпілі Вінклеру. Адлупілі яго на горкае яблыко, зьдзерлі з яго ўсе амэрыканскія рэчы, якімі адразу «завалодала адміністрацыя», і так хоць часткова адпомсьцілі за безьліч крыўд. Як кожны прадажны чалавек, ён падвёў яшчэ й саветаў, і за тое, забыўшыся пра іх ранейшыя «заслугі», а можа, і дзеля іх, схапілі чакісты й гэтую пару і, як усіх, паперлі да «белых мядзьведзяў». Апавясьціў мне таксама муж, як ён прадаў сваю кашулю ў пасачкі, бо «ў пасачкі кашуляў ён ня любіць»… за пачачку нейкага тлушчу, якога ня можа есьці, а свае пражскія боты прагандляваў так: папрасілі яго, каб праз кармушку перадаў нейкаму купцу адзін бот памераць, бота таго яму не вярнулі, а ноччу пацягнулі з-пад галавы другі. Успамінаў недзе пасьля тую раскошную папялінавую кашулю ў пасачкі, носячы савецкія дзяругі, як і амэрыканскія кансэрвы, якіх так баяўся. Мы стараліся не ўспамінаць Юркі, бо гэта было цяжэй нашых сілаў у гэты час. Не ўспамінаць яго было нельга, можна было толькі ня гутарыць аб ім.
З мужам я сустракалася часта. Баракі абходзіла нейкая лекарка, у якой акрамя белага халата й аспірыну нічога болей не было, але факт яе існаваньня ўжо напамінаў «гнілым буржуям» аб вышыні савецкай мэдыцыны. За галубое піжамка ў кветачкі, з якога баптыстка Роза перарабіла лекарцы модную блюзку, эскуляпка ласкава брала мяне з сабою насіць столачак з яе няхітрымі перавязкамі, і мы накіроўваліся заўсёды, гдзе быў мой муж. Погляд, усьціск рукі, пару слоў, пераданая запісачка — усё гэта былі вялікія эмоцыі, якія памагалі жыць. Я была яшчэ сьледственнай, і мне дазвалялі йсьці з бакам з другой напарніцай па кіпяток. Ішлі мы заўседы паціху, цягнулі той бачок паволі, каб даўжэй пабыць на паветры, пачуць нешта новае, чым можна было б пацешыць сваіх у камеры.
Акрамя Маці Марты пачала праяўляць вельмі вялікі інтарэс да мае асобы старшая нашай камеры — расейка. Была яна асуджаная на пару гадоў, нейкая артыстка ці нешта падобнае, але настолькі праціўная, сказаць проста нельга. Яна як старшая камеры загадала перанесьці мне мае лахманы да яе й спаць з ёю побач. «Ах, якое ў вас усё загранічненькае, — не сьціхала яна, — вось прадайце мне гэту сукенку шаўковую, я дам за яе кілаграм сапраўднага масла вашаму мужу». На масла для мужа можна было мяне купіць, і мая мілая пражская сукеначка перайшла ў рукі старшой. Доўга мы радзіліся з Маці Мартаю, як ратавацца ад ведзьмы, і Маці Марта вырашыла, што дзеля спакою трэба мне ўсе стрываць, бо чалавек гэта небясьпечны для цэлай камеры й Маці Марта сама ёй плаціць даніну. А Валька, наш блатны пачальнік, часта заглядаў у нашу камеру й весела пашчыпваў старшую.
Аднойчы несьлі мы кіпяток, а Валька, з некім душэўна гутарачы, разьвесяліўся такім жудасным расейскім матам, што, слухаючы гэта, можна было згарэць з устыду. Але ўбачыўшы мяне, вельмі, вельмі засаромеўся. «Даруйце мне, — прасіў, — я ж вас ня ўбачыў». Мяне крыху зьдзівіла яго блатная далікатнасьць, але засталося добрае ўражаньне. Выклікаў ён мяне раз у сені бараку й так ветліва папрасіў, ці не прадала б я са сваіх рэчаў яму сукеначку для яго каханай. Я згадзілася, і ён хутка дастаў дазвол весьці мяне ў т. зв. капцёрку. Рэчы былі ў парадку, і я дастала адну са сваіх сукенак, найболей каляровую, да таго насавую хустачку й яшчэ адну сукеначку для баптысткі Розы, бо яна ня мела чаго злажыць[94], і мы пайшлі. «Колькі я вам вінаваты?» — пытае Валька. А я й кажу яму: «Ня ведаю вашых цэнаў, калі маеце грошы, дык дайце іх маяму мужу, яны яму, напэўна, патрэбныя, а калі ня маеце, дык бярэце так, а вось вам яшчэ хустачка ад мяне на памяць». Усю дарогу ён мне паясьняў, што ён сын інжынера, але чэсна працаваць — гэта 600 рублёў, а красьці — гэта раскошна некалькі месяцаў жыць, а пасьля пару гадоў сядзець, што ж, аплачваецца. «Я вор», — казаў ён, а я горача даказвала яму, што з яго яшчэ будзе чалавек. А з яго быў чалавек харошы, чэсны, лепшы, як усе яго суродзічы на волі. Ён за пару дзбн прыйшоў да нас, выклікаў мяне й паважна папярэдзіў наконт старшой нашага бараку, кажучы, што яна спэцыяльна пастаўленая, каб за мною сачыць… «Я нічога не казаў», — закончыў ён гутарку й пабег. Было ўжо позна, гдзе што ведзьма змагла ўжо ў мяне выведаць. «Якія прыгожыя і акуратныя хлопчыкі былі немцы», — гаворыць мне. А я, дурань, кажу: «Што вы, яны варвары, дзікуны, але вось Джоны ў барэціках, у сваіх адпрасаваных блюзах, вясёлыя, як дзеці, добрыя, як сама Амэрыка» — і пайшла, і пайшла прадаўжаць ім хвалу. Моцна мне гэта пасьля адрыгнулася. Няўцям мне было, што культурная багатая Амэрыка куды страшней была для іх, чымсьці разьбітая ўжо Германія. Адрыгнулася мне гэта на сьледстве, гдзе разглядалі мяне ўжо як касмапаліта, так мяне й ахрысьцілі. Угаворвала і ўпрошвала мяне Маці Марта вытрымаць усе «кампліменты» старшой. Жаданьне й рады Маці Марты былі для мяне сьвятасьцю, і я перамагала сябе, гутарыла з той падлай і выслухоўвала яе хлусьню, толькі ўжо пра Джонаў маўчала.