Выбрать главу

А тым часам я села на прыкаваны столачак і пачала думаць пра мужа. Аб сыну мы стараліся не гаварыць і ня думаць, гэта балела нястрымана, амаль фізычна, і рвала нэрвы. Па дарозе з Баранавічаў у Менск перакідаў, на гэты раз ужо беларускі канвой, мужавы рэчы. Я толькі чула са свае клеткі, як муж прасіўся ў яго: «Бярэця што хачаце, толькі пакіньце мне мае кніжкі, яны ж мэдыцынскія, прашу вас, пакіньце, пакіньце…» Мне стала сорамна за мужа, што так бн уніжаецца дзеля кніжак. Я ня ведаю, ці той канвой кніжкі пакінуў, але ведаю толькі, што забраў яму і свэтар, і нагавіцы найлепшыя, і наагул забраў, што хацеў…

Мяне палохалі бандыцтва й самаволя. Яшчэ ў тую ноч увялі мяне ў камеру на нізе вязьніцы. Было там некалькі жанчын, і адна з іх, Жэня Шостак, ведала мяне з прэсы. Яна заапекавалася мною, памыла мяне, дала пад’есьці. Я заўважыла, што пагана бачу. Акрамя Жэні былі ў камеры нейкая Нэла з Менску, Надзя Еўтухова з Полацку й старэнькая бібліятэкарша з Менску, якая вельмі бедавала па пакінутых удома адзінокіх кошках… У камеры было чыста, і да мяне былі ўсе ветлівыя.

Пачаліся дапросы. Сьледавацель мой, нехта Коган, яўрэй, быў хітры чакіст. Ён не крычаў на мяне, але ўсё гутарыў, агітаваў мяне, успамінаў партызанку, хваліў савецкую ўладу. Я слухала, але суровая рэчаістасьць прамаўляла да мяне больш. Часамі ён расказваў мне аб гуманнасьці савецкага сьледства, а побач разьлягаліся нечуваныя маты-пераматы, пабоі, крыкі й жаночы плач. Ён тады замаўкаў. Аднойчы прыйшоў на дапрос нейкі шустры чалавек у цывільным, які вельмі выпытваўся ў мяне пра Астроўскага. Мяне ён пачаў папракаць у незалежніцкіх тэндэнцыях, дык я яму сказала, што па Савецкай канстытуцыі кожная з савецкіх рэспублік мае права нават аддзяліцца з Саюзу, дык што ў гэтым дзіўнага? Астроўскага я ведала мала, безумоўна, не ідэалізавала яго й сказала дзядзьку таму, што аб ім думала. Допыты-агітацыя працягваліся. Погляды мае на палітычныя справы, дастаткова ўмацаваныя дэмакрацыяй Захаду, аналізам гітлераўскай дыктатуры і іншых крывава-таталітарных рэжымаў, былі дастаткова пэўнымі, мой сьледавацель ня мог даць са мною рады. Раз прыйшлі на допыт нейкія ваенныя, відно, высокай рангі, хоць я на гэтым мала разумеюся. Яны сказалі мне, што я не любіла нацысцкіх кіраўнікоў, як я адношуся да савецкіх? Я адказала, што «непрыемлімые». — «Чаму?» — «Негуманныя!» — «Як негуманныя, мы гіростыні ў цюрмах даем!» — «Так, — кажу, — і 10, і 15, і 25 гадоў пакараньня сваёй моладзі, забіраеце ёй усю магчымасьць людзкога жыцьця й шчасьця». Яны болей нічога не пыталіся. Выйшлі. Раз уварваўся да таго сьледавацеля нейкі малады ваенны, які сказаў, што на Захадзе друкуюць мяне, памятаюць. Кажу: «Перапячатваюць, пэўна». Калі сьледавацель пісаў пратакол і не хацеў згаджацца з тым, што я гаварыла, я звычайна казала: «Пішэця, што хочаце, вашага права не лічу правам, а вас — юрыстам у даслоўным значэньні гэтага слова».

Я нічога не махлявала, бо віна мая датычыла толькі Камітэту самапомачы ў Празе, гдзе я была скарбнікам. Ад гэтага я не адмаўлялася, дый Коган паказаў мне раз архіў Камітэту, які яшчэ ў 1942 годзе «згінуў» з кватэры Ермачэнкі. Тут я зьдзівілася! Выслухаўшы пра тэлеграму Гітлеру, Коган сказаў мне, што Ермачэнка за прозьвішча Геніюш у той тэлеграме дастаў вялікія грошы! Ён хахатаў, гаварыў, што Ермачэнка ўжо ад 1921 года служыў у нямецкай разьведцы, але ў мяне паявілася ўражаньне, што ён служыў і ў савецкай… Тэлеграму ж тую падаў Гітлеру ён сам, падпісаўшы прозьвішчам мужа, бо яго нечакана, як тслькі ўвайшоў, зрабілі старшынёй таго сходу, на якім і зачытаў Ермачэнка тую тэлеграму. Тэлеграмы ніхто з беларусоў не падпісаў, але на бланку, пад яе тэкстам, былі акуратна, пад капіроўку выведзеныя подпісы ўсіх беларусаў, якія былі й не былі на тым сходзе! Мне стала да абрыдлівасьці гадка. Такая дзяржава й трымаецца на лжы, на ашуканстве, на падробленых дакументах, гадка! У час найстрашнейшай небясьпекі, апутаныя нацысцкай хітрасьцю, усё ж людзі адважыліся не падпісаць тое тэлеграмы, а тут «падпісваюць» за іх праз капіроўку, ануліруючы ўсё захаванае ў цяжкі час чалавечае ў людзях! Не, горай, падлей за самае нізкае… Мне прыпомніўся Вольфсан, стары яўрэй, які разам з сям’ею выратаваўся ў гэтым маленечкім Камітэце й таксама быў на тым сходзе, як кожны, бо ўсе атрымалі загад, што ён сказаў бы на гэта, каб бачыў сваю такую падробленую подпісь пад той тэлеграмай…

Часам Коган гаварыў аб сабе, аб тым, што яго бацькі, бедныя яўрэі, далі асьвету ўсім сваім сынам і яму ў тым ліку. Казаў, якія яны чэсныя й харошыя людзі. А то часам шкадаваў, што не было мяне вайною ў Беларусі, за што мяне трэба судзіць, бо я прынесла б многа карысьці ў змаганьні з фашызмам, і г.д. Я слухала. Калі ж ён пачынаў крытыкаваць рэлігію, я проста радзіла яму кінуць гэтую безнадзейную справу, матывуючы тым, што было шмат разумнейшых за яго суб’ектаў, якія вось ужо амаль 2000 лет змагаюцца з гэтым і гінуць, як жамера[95] ўбогая, а рэлігія, вера хрысьціянская мацнее, пашыраецца й ратуе народы! Тады ён фыркаў і казаў, што яго старыя бацькі толькі вераць. «Ну бачыце, — кажу, — вы ж іх нядаўна хвалілі, што ўмелі добра выхаваць сыноў, дык, знача, рэлігія іх зрабіла такімі!» Ён ня меў ужо чаго казаць. Аднойчы казаў, што мой муж у Слоніме меў нейкія прыяцёлкі і г.д. «Дурніца, — кажу, — вось каб ён год жыў адзін і нікога ня меў, гэта было б ненармальна, ён жа малады мужчына і, шчасьце, ніякі не манах!»

Аднойчы завалок мяне сярод ночы той Коган да намесьніка міністра МГБ нейкага Новіка. Той гутарыў па-беларуску і ўсё аб тым, як некалі Адамовіч напісаў на мяне, на мой зборнік «Ад родных ніў» паганую крытыку. Крытыка не была паганай, але гэта было адзінае высказаньне маіх братоў, гдзе яны мяне не хвалілі, вось за гэта аберуч і ўчапіўся той Новік. Я й гэта выслухала, але мэтады вялікай і дробнай подласьці рабіліся мне штораз больш агіднымі. Я пазнавала савецкую сыстэму, і рабілася яна мне зусім зразумелай, нічога тут велікадушнага й чалавечага не было. З волі прыходзілі яшчэ арыштаваныя, яны расказвалі, як бядуе народ, як ставяцца для супрацоўнікаў МГБ новыя будынкі, па-сталінску ўпрыгожаныя звонку, па-сталінску, толькі для малых і вялікіх бэрыяў. У першую чаргу для іх, з усімі выгодамі, а людзі амаль у зямлянках, ніякай літасьці над імі — тут такое слова не ўжываецца, паняцьце такое — яно «буржуазнае». Культ Сталіна, культ начальства — нізкарабскія астаткі арды. «Ничего нет незаменнмого» — савецкі дэвіз. Знача: можна замяніць паэта трактарыстам, родную маці — ліхой надзоркай у дзіцячых калоніях, замучанага бацьку — «отцом народов» і забойцаю № 1 — Сталіным. Жыцьцё ў штучнай каляіне, людзі, дэзарыентаваныя, забываюцца, што яны людзі… Прагрэс — гэта мудрасьць. Нехта сказаў, што гэта ня робяць вучоныя, бо вучоныя экспэрымэнтуюць на сабаках. Саветы — на людзях.

Я ўжо амаль год у вязьніцы. Са мною аб ні чым не маглі дагаварыцца на свой манер. Мне мяняюць сьледавацеля-яўрэя Когана на яўрэя з нейкім украінскім прозьвішчам і пераводзяць у адзіночку, у прыбудоўку, гдзе на вакно часам прылятае пташачка. Мне лепш, у маіх думках усе мае сваякі, усе сябры мае. Пасьля кідаюць мяне ў другую адзіночку, гдзе ў вельмі цеснай камеры сядзіць ужо страшнае стварэньне. Калі я ўвайшла туды, стварэньне прынялося плакаць, што баіцца мяне, што не давярае мне і г.д. Гляджу з палітаваньнем[96] на прышчаты твар і кажу, што не з маім імем і не ў мае годы падобнае чуць! Дзяўчына мне выразна не падабаецца. Ня ведаючы паганага ў жыцьці, я не магу дадумацца, што гэта т. зв. штатная наседка, якой менавіта надыктавалі сьледчыя такі прыём. Сядзіць яна, быццам за СБМ, сьледства яе зацягнулася, бо недзе на Енісей паслалі паперы для дапаўніцельных сьведкаў. Яе выклікаюць да сьледчага, усьміхаецца нейк невыразна і іранічна на мяне паглядае. Набліжаецца вечар, ноч, а пасьцель адна. Усяе камеры — толькі яе ложак жалезны й сьцежка ля сьцяны. Ля дзьвярэй калярыфер, у другім кутку тумбачка. Кажу: «А гдзе ж гэта я буду спаць?» — «Сьледавацель казаў — пад ложкам», — адказвае мне тая прышчатая Нэла Гардзей, і твар яе абрузглы крывіцца садызмам. Нанач надзор адчыняе дзьверы і ўсоўвае нары, якія трэба класьці адным канцом на тумбачку, другім на калярыфер. Ідуць дні, я нічога не гавару з гэтай дзяўчынай у панчохах дзіравых на лытках, якая ўжо не раве (во камедзія!), а прыглядаецца да мяне й правакуе. Распавядае мне, што вельмі любіць Заходнюю Беларусь, бо стуль паходзіў яе бацька, якога ў 37-м годзе расстралялі, быў ён быццам прафэсарам. Маці яе быццам прыбіралыпчыца ў нейкім урадзе. Ёсьць брат і ёсьць Сенька — яе ўхажор, і ёсьць Ліля Спорык — яе сяброўка. За Сеньку яна дрыжыць, каб не разьлюбіў… Вучыцца яна ў інстытуце на факультэце замежных моваў, на англійскім. Ізноў пачынае пра Заходнюю Беларусь. Я слухаю, маўчу. Дні бягуць. Нам далі даміно, і мы гуляем у яго. Мне ўсё тут чужое й дзікае. Калі пачынаем гуляць, я кажу: «Вось я буду Чэрчыль, а ты расеец, хто выйграе?» Калі выйграваю я, дык цешуся, хахачу, гэта мая адзіная радасьць у гэтай нары на злосьць ім усім, усей гэтай бесчалавечнай сыстэме! Мяне выклікае сьледавацель й кажа: «Памыляецца той, хто чакае вайны» і г.д. «Ага, — думаю, — дык вось ты хто, прышчатая бэстыя…» — «Вы мусіце ведаць, што грузіны жывуць доўга, — кажа сьледавацель. — И товарищ Сталин не скоро умрет», — кажа ён. Я маўчу й думаю, што Бог ведае лепей…

вернуться

95

Жамера (дыял. жамярня, Сцяшковіч Т. Слоўнік Гродзенскай вобласці. Мн., 1983) — дзетвара.

вернуться

96

Палітаваньне (польск. politowanie) — спачуванне, жаль.