Выбрать главу

Нэлку ад мяне забіраюць, і я тры тыдні сяджу сама. Мне стала лепш, знача, адзіночка — адпачынак. Пасьля суда я даведалася ў камеры асуджаных, што тая Нэлка не адну ўжо ахвяру мела на сумленьні. Яна была асуджаная на тры гады за «розглашение государственной тайны» й выслужвалася цяпер падобным спосабам. А «тайна» гэта, калі ёй далі заданьне сачыць і даносіць усе на Лілю Спорык, якая жыла ў іх, дык яна быццам сказала аб гэтым той Лілі, і яны абедзьве разам тыя даносы фабрыкавалі, у чым пасьля Ліля некаму прызналася. Усе гэта мне сказалі дзяўчаты.

Некалі ўдома ў сялянскай цэркве ў Воўпе я бачыла высокага дзецюка, здаецца, з сяла Лазоў. Быў гэта тупы, цёмны чалавек, які нават марыць ня мог аб нейкім прыбліжэньні да мяне ці да маяго таварыства. Гэты чалавек быў цяпер важнай асобай у менскай вязьніцы й зьдзекаваўся нада мною, як апошні садыст, з асаблівай насалодаю. Ён прыходзіў у маю камеру й адводзіў мяне асабіста ў баню, гдзе прысутнічаў пры нашым купаньні, паліў у пражарках нашыя рэчы, высьмейваўся з нас. Бедныя дзяўчаты амаль плакалі… Часам ён падыходзіў да мае камеры й брудна лаяўся, цешыўся з маяго зьняволенага становішча. Гэта было жудасна… Калі мяне асудзілі й срок 25 лет ІТЛ[97] павіс над нашай сям’ей, мне падкасіліся ногі. Начальнік менскай вязьніцы сказаў мне зьбірацца ў другую цюрму для засуджаных. Я ўзяла чамадан і захісталася. Тады ён сказаў таму высокаму дзецюку памагчы мне. Ён вызьверыўся, што ня будзе памагаць памешчыцы, якую нарэшце засудзілі да сьмерці, і г.д. Тады той начальнік, нейкі расеец, занёс сам мой чамадан да таго «варанка»…

Ну а пакуль мяне перавялі ў другую камеру, гдзе было пару дзяўчат, прыкаваныя нары й выбітае вакно. Новы сьледавацель пачаў часьцей мяне выклікаць, пісаць і запісваць. У камеры была нейкая Ольга Гелах з Оршы. Яе прывезьлі з лагероў, здаецца, спэцыяльна для расправы нада мною. Калі я высказалася супраць гэтага зьдзеку, яна пачынала біць мяне кулакамі па галаве. Як я заўважыла, дык рабіла гэта яна на загад сьледавацеля. Гэта была страшная, хоць не старая яшчэ асоба, на якой лагер пакінуў свае найгоршыя сьляды, г. зн. жудасны слоўнік і адсутнасьць абсалютная якой-колек маралі. Рана давалі нам хлеб і чай, у абед — зупу на сьмярдзячай рыбе, жудасную. Мяне вечна рвала, і я высахла ў нітку, здаецца, хрыбет толькі й тырчаў. У мяне была піжама мужава, якую пару разоў нацягнуў і малы Юрка. Я скручвала тыя нагавіцы й клала сабе пад галаву. Мне было лягчэй, здавалася, што сын мой мяне ўспамінае… Нейкая бабка, асуджаная па бытавым параграфе, нам разносіла ежу. Яна маўчала, але відно было, што вельмі шкадуе мяне. Тая бабка на нейчы дазвол давала мне часам грэлку. Мяне, здаецца, травілі, мне вельмі балела печань. Усюды ў вязьніцах лекарамі былі яўрэі, але найгоршы хіба быў тады ў 48-м годзе ў менскай круглай вязьніцы. Ніхто яго прозьвішча ня ведаў, называлі яго проста Піня. Калі мяне завялі да яго, ён нават на мяне ня глянуў, толькі сказаў, што некалі я добра аджыўлялася, а цяпер мой арганізм пераядае печань, і яна таму баліць, і ён мне ні ў чым ня можа памагчы… Ён нікому ні ў чым не памог, і, здаецца, ён гэта травіў мяне цераз ежу.

Ноччу ў камерах гарэў заўсёды сьвет. Сьвяцілі ў вочы, каб мы не павесіліся, але людзі над краем магілы вельмі ня хочуць паміраць. Чым больш іх мучаць, тым мацней яны вераць у жыцьцё й прагнуць выжыць. Начамі часта разьлягаліся крыкі: «Пашто б’еш мяне?» Некага мучылі ўсе, некага білі, было нейк жудасна.

Аднойчы, ужо ў 49-м годзе, выклікалі мяне й павялі недзе далбка на гору. Канваіры, пераважна паганыя людзі, змушалі нас закладваць рукі назад, і так было мне цяжка йсьці. Пасьля, відно, нехта йшоў насустрач, ён так павярнуў мяне да сьцяны й так трэснуў маім лобам у сьцяну, што мне пацямнела ў вачох. Пасьля валок мяне далей, далей… Нарэшце завёў у кабінэт Цанавы, жудаснага сталініста, які сядзеў у кабінэце, высланым жудасна зялёнымі дыванамі, выбітым дрэвам. Сядзеў гэты крывапіўца за пісьменным сталом, а злева, за другім сталом, сядзеў чэх і паглядаў на мяне пераможна. З мяне быў цень: скура, косьці, крыху мужнасьці ў сэрцы й рэшта — злосьць. Цанава запытаў мае пэрсаналіі, як гэта яны робяць заўсёды, і загадаў скінуць каптурык з галавы, я ня скінула. Тады пачаў крычаць: «Хто Абрамчык?» — «Мой друг», — кажу. «Хто Абрамчык, хто Абрамчык?» — «Дэмакрат», — адказваю. «А ты ведаеш, што гэта — дэмакрацыя?» — верашчыць. «Государственный строй, основанный на трех принципах французской революции», — кажу, і называю тыя прынцыпы па-французску, і пытаюся іранічна, можа, перакласьці. «Не, ня трэба!» Спачатку, праўда, ён пытаўся ў мяне, на якой мове са мною гаварыць, ці па-расейску, ці выклікаць чэскага перакладчыка? А я яму й кажу: «Так, як вы яўляецеся міністрам беларускай дзяржавы, дык гаварэця па-беларуску!» Ён ашалеў! Навокал, я ўбачыла, стаяла многа мужчынаў, нейкія ваенныя, і яны ледзь не сьмяяліся, калі ён казаў: «Вы достаточно хорошо говорите по-русски!» Праўда, я сказала тады, што расейскай моваю не валодаю дасканала. Ну й вось пачынаецца: «Аддай архіў, аддай архіў БНР!» — «Няма ў мяне яго, — адказваю, — і я ня ведаю, гдзе ён!» — «Бить ее, допрашивать день и ночь», — верашчыць няшчасны гэнэцвалі. А я, цень чалавека, выпрасталася й кажу яму: «Бяз волі Божай волас мне з галавы не ўпадзе, і я не баюся вас!» — «Вы ее испортили, она себя держит, как дама», — верашчыць кат. А я крычу, што Бог са мною і я не баюся. Я пасьля думала, скуль узялася сіла? Мяне вывелі, і там напалі на мяне сьледавацелі. Нейкі Харашавін, якога тады назначылі начальнікам сьледственнага аддзела, крычаў: «Біць цябе сам буду, сьцягну з цябе трусы». А другі, нейкі скрыўлены, страшны, енчыў: «Павесіць яе на вуліцах Мінска!» — «Яшчэ ня вырасла тая бярозка, на якой вы мяне будзеце вешаць, — крычу, — усіх нас вам не перавешаць!» А яны ледзь не лінчуюць мяне й верашчаць: «Ты хочаш на наша месца!» Ага, думаю, во што вам галоўнае, вам народ не патрэбны, не ў галаве, вам месца! Як схопіць мяне злосьць! Знача, я думала, што са мною канец ужо, што так аслабела я й арганізм біцьця ня вытрымае. Вядуць мяне, а я хачу крыкнуць мужу, папрашчацца з ім, бо ён сядзеў у той вязьніцы недзе. Але я гэтага не зрабіла, падумала, што бедны весткі пра маю сьмерць не стрывае. У камеры я страціла сілу духу й кінулася на калені, як заўсёды перад нарамі, і замерла, абсалютна замерла ў малітве, як быццам перастала жыць. З калень я ўстала другім чалавекам, па-новаму нейкім сільным і зусім спакойным. Для мяне існавала толькі цяпер мая Радзіма. Недзе былі мае сябры далёкія, мой сын, брат, які адзіны выжыў з вайны. Быў спакой у людзей, агні гарадоў, чалавечнасьць, а ў мяне — адчайны бой з усімі сіламі адзічэлай рэакцыі, не, не за сябе, але за Радзіму маю, за нашую праўду, за зьняволены-пераняволены наш народ, які трапятаўся, як рыба ў сеці, каб жыць. Я ня ведала, што йсьці на сьмерць за Радзіму ня страгана, а лёгка, весела, амаль сьвяточна. Усе было пры мне, г. зн. маё сэрца й праўда. Што ж, я нашчадак прагнучых волі, шмат з нас лягло памостам для будучых дзён нашай Радзімы, якое ж я маю права баяцца згінуць за справу, за якую палеглі яны? I Цанава, і Коган, і Харашавін, і паламаны садыст, і вырадак той з Лазоў ля Воўпы сталі ня страшнымі, а нікчэмна малымі перад веліччу нашага лёсу, які трэба было здабываць. Пад вечар зноў адкрылася кармушка й гугнявы голас канваіра сказаў: «Хто на „Г“?» Я спакойна пайшла насустрач лёсу. «Рукі назад!» Я йшла лёгка, нат не ўгіналіся ногі. На гэты раз мяне прывялі ў кабінет маяго другога сьледавацеля, гдзе сустрэў мяне паламаны садыст і яшчэ некалькі катаў. Яны зноў абяцалі вешаць мяне на вуліцах Менску, але я спакойна на іх паглядала й чакала далейшага. «Ві паэт? — азваўся жыдок-сьледавацель. — Ві вершаплёт! У нас у дзесяцілетках лепш сяньня пішуць, ну?» Прысутныя рагаталі з гэтага, а ён нейк падазрона крывіўся. Нарэшце кампанія пакінула кабінет, варожа на мяне паглядзеўшы, сьледавацель маўчаў. Я спакойна чакала абяцанага біцьця. На стале ляжала прэспап’е, дык я няхочучы падумала, што калі ён мяне зачэпіць толькі, дык я схаплю тое прэспап’е, і трэсну яму па лобе, і буду біцца з ім да апошняга! Аднак ад маіх ваяўнічых намераў «выратавалі» таго жыдка ягоныя паводзіны. Ён нечакана спакойна на мяне загледзеўся й сказаў: «Ну, говорите, что ви хотите, я буду писать». Пасьля асьцярожна папытаўся ў мяне пра БНР, і я яму сказала неабходнае. Ён пісаў. Аб біцьці болей не было мовы.

вернуться

97

Выпраўленча-працоўны лагер.