Выбрать главу

Ува мне застаўся ранейшы дух адчайнай бадзёрасьці. Здавалася мне, што я трапіла ў нейкі заапарк між дзікага зьвяр’я, гдзе трэба выжыць і захаваць чалавечы воблік і лепш памерці, чымсьці гэты чалавечы воблік страціць… Мяне доўга не выклікалі. У камеры гулялі мы ў даміно. Я слухала апавяданьні тых, якія сядзелі са мною, ім падабаўся Захад. Хто быў там нават у цяжкія часы вайны, лічыў, што жыцьцё там куды цікавейшае. Мяне яны проста лічылі шчасьлівай, казалі: «Вы хоць пажылі, панасілі прыгожую вопратку, бачылі людзей, а мы, што, бедавалі ды працавалі». Мяне браў жах з іхніх слоў. Вартасьць жыцьця й яго цікавасьць, у маім паняцьці, не вымяраліся гэтым. Гэта былі нездаровыя людзі, прагныя жыцьця й яго радасьцяў за ўсялякую цану й за цану сумленьня. Вышэйшых праўдаў і глыбейшых прычынаў існаваньня яны ня ведалі. Гэтае толькі ведалі ўкраінскія сялянкі з перасылкі ў Львове, і я моцна засумавала па іх… Мне было халадно, і я папрасіла са сваіх рэчаў нейкую драбніцу. На гэта трэба было напісаць заяву ў канцылярыю вязьніцы й даць яе праз кармушку. Мне далі папер, і я па-беларуску напісала, што мне трэба. Якое ж было маё зьдзіўленьне, калі мне вярнулі заяву з зацемкай, што «па-чэску» не разумеюць, каб напісаць па-расейску… Знача, беларускую мову палічылі ў Беларусі чэсксй! Ого, такога я не спадзявалася нават ад бальшавікоў! «О, мая Беларусь», — застагнала я шчыра…

Мінчанам часам прыносілі перадачы, але ніякага візыту, ніякага ліста нікому не дазвалялася атрымаць, хоць бы ён сядзеў гады! Ніякіх чалавечых пачуцьцяў садысты не разумелі. Адзінае, што да іх даходзіла, гэта хваліць Сталіна й камунізм. Аб Леніне тады не ўспаміналі. Людзі ратаваліся гэтым. Ня раз даваў мне Коган зразумець, што для мяне гэта ня толькі ратунак, але й кар’ера. Я ведала, што іначай загуба сыну, мужу і ўсім нашым родным, але стаць супраць людзкасьці, адрачыся ад Хрыста й зьмяшацца з гэтым жудасным заапаркам я не магла. Мне страшны быў іх выгляд, а яшчэ страшнейшым здавалася тое духовае апусташэньне іх і адсутнасьць у іх усяго лепшага ў чалавеку. Я не магла забыцца, з якой радасьцю канстатаваў Коган, што ёсьць дастаткова матэрыялу, каб асудзіць мяне. Знача, не цікавіла іх мая віна ці не віна, ім быў патрэбны матэрыял для зьняволеньня чалавека. О, гуманізм XIX стагодзьдзя, як далёка мы адступілі назад!

Нарэшце мяне выклікалі. За сталом, поўным папер, сядзеў нейкі трэці сьледавацель. Сядзеў і маўчаў. Прыбег Коган, сеў, гартаў нейкія журналы й бурчэў скрозь зубы, што ёсьць два ўрады й два прэзыдэнты беларускія за мяжой. Я маўчала, бо да мяне ніхто не зьвяртаўся, і ён выйшаў. Чужы сьледавацель прадаўжаў сядзець, а я супраць яго, так мы прасядзелі дзень, безумоўна, моўчкі. Казалі мне потым, што гэта яны робяць на канцы сьледства з усімі, а я ўжо чаго ні перадумала тады.

I вось мой суд. Усе незвычайныя падзеі ў маяго таты былі ў лютым, ён не любіў гэтага месяца. Я заўважыла, што я й гэта па ім аддзедзічыла[98]. Я ведала, што судзіць мянt будуць няйначай як у лютым. 7 лютага я выменяла за нейкую ружовую дэталь свае бялізны крыху папяросаў мужу, кусочак хлеба й кавалачак сала тоненькі-тоненькі. Мяне пасадзілі ў знамянітае дасягненьне савецкай культуры, «чорны варанок», прывезьлі пад нейкі дом і ўвялі ўсярэдзіну. Была там загарадка для нас, лаўкі для некага, стол для судзьдзяў, вышэй крыху й на абадраных сьценах вусаты «отец народов». Было некалькі канваіраў. Адначасова амаль увялі й маяго мужа. Канваір адразу на яго абрушыўся, але я таксама груба, як ён, адразу нахабніка прысекла, і ён, відавочна, спалохаўся мяне, бо замоўк. Увайшоў суд, нам загадалі ўстаць і сесьці, і пачаліся абвінавачваньні. Я ўжо дакладна ня памятаю, але віна мая была — Камітэт самапомачы ў Празе, а мужава тое, што ён быў у Слоніме (па камандзіроўцы). Нешта гаварылі, а муж, худы, страшны, бяз зуба наперадзе, на нікога не ўслухаўся, толькі паглядаў на мяне праз сьлёзы й шаптаў: «Мама, мамачка, вось я табе прынёс часнычок, ён так падобны на лілью, якія ты любіш. Думай, што гэта кветачка, лілья. Трэцяга ж была гадавіна нашага вясельля, я выпрасіў табе часнычок у баптыста…»[99] Я яму дала свае падаркі, і мы амаль не зьвярталі ўвагі, што гавораць да нас апрычнікі. Гэта быў Вярхоўны суд БССР пры ваенным пракурору. Сядзела там і нейкая баба, а прадсядацелем яго быў нейкі Шаўчэнка. Гэтае аднафамільства гіцля й генія мяне бянтэжыла. Нарэшце далі мужу апошняе слова, і ён заплёўся ў словах, і пацяклі яму сьлёзы. Я штурхнула яго ў бок, але ён плакаў… Маё апошняе слова было злосным, я ўспомніла сьмерць бацькоў і ўсю іх суровасьць і несправядлівасьць, амаль лаялася з імі, бо й гаварыць не было там з кім. Суд выйшаў. Але не пасьпеў выйсьці, як ужо вярнуўся назад. Знача, вырак быў ужо гатовы, і працэс суда быў суцэльнай камэдыяй! Гэта ж амаль як у Гітлера, а то й мандрэй, падумала я сабе. А нам чыталі вырак па 25 гадоў ІТЛ кожнаму, без канфіскацыі маёмасьці з той прычыны, што ў нас яе няма. Мне падкасіліся ногі, але злосьць і нянавісьць да садыстаў вярнулі мне сілы, і я выслухала ўсе да канца. Бедныя людзі, бясьсільныя стварэньні, падумала я, убогая дзяржава мучаных і мучыцеляў і другіх між імі няма! А той Шаўчэнка, між іншым, пачаў гаварыць: «Лариса, мы за воровские организации даем по десять лет, мы вас пересудим. Мы не имели бы места для вас, если бы вы были с нами, но вы с этими бандитами. Вы пишите, мы вас пересудим». Не, кацюга, я ня буду з такімі, як ты!!!

Суд адышоў, пачынала зьмяркацца, нехта паглядаў пад вокнамі. Нас з мужам пакінулі сядзець, прыціхлі канваіры. Мы размаўлялі, успаміналі сына, але што скажаш у хвіліну страшэннай, безнадзейнай разлукі, калі, адарваўшы сына, разьдзяляюць цябе людаеды з сям’ёй, са сьветам, з культурай, з усім… Гэтаксама стаяць над магіламі, ад якіх адыходзяць у пустэчу… Нарэшце нас вывелі, нават канваіры зацемілі, што судзілі нас ні за што, але што тут «не Чэхаславакія»… Нас вывелі на засьнежаную вуліцу. Гарэлі агні, мы йшлі разам, канваіры за намі. Дарога была як на Галгофу. Нечаму я папрасіла мужа, каб забыў пра мяне, што буду ўдзячная кожнай жанчыне, якая аблегчыць яго цярпеньні й адзіноту. Сьмешна было думаць пра сябе перад адкрытаю магілай, і хацелася толькі, каб другому лягчэй, каб лепей. Нябачна побач з намі крочыў сын. Імя яго мы не называлі, бо, здаецца, памерлі б ад гэтага… Нас прывялі пад нейкую вязьніцу, гдзе муж жыў ужо тры тыдні. На мяне чакаў «воран». Мы абняліся, і я захісталася на нагах, як у буру…

Завязьлі мяне зноў у тую «амэрыканку». Начальнік вязьніцы, адпраўляючы мяне на суд, сказаў мне, што дадуць мне тры гады. Цяпер ён падышоў да мяне й сказаў, што хацеў, каб я была сільнай, таму махляваў… Я засталася сама, і думкі пра зьдзек над намі, пра сына, пра загубленае жыцьце адымалі розум. У галаве стукалі словы: гдзе гора, гдзе боль свой дзенеш, паэтка Ларыса Геніюш?.. Прыйшоў начальнік. Мне прынесьлі мае рэчы. Зямляк з Лазоў груба мяне вылаяў, і начальнік сам панёс мае рэчы да «варанка». Мяне завезьлі ў вязьніцу для асуджаных, у нейкі быўшы палац з вежамі, і ўпусьцілі ў камеру жанчын. Як я пасьля разгледзела, зямляк з Лазоў пацягаў шмат маіх рэчаў, а мужавыя скураныя сьветлыя рукавіцы, якія нечаму трапілі да мяне, дык знасіў дарэшты.

вернуться

98

Аддзедзічыць (дыял.) — атрымаць у спадчыну.

вернуться

99

Тут.