Выбрать главу

Нарэшце нас прывезьлі ў раскінуты нейкі дзеравяны горад і выкінулі на вуліцу, з якой павялі строем па пяць чалавек у такую ж дзеравяную вязьніцу. Здала я й тут свае рэчы ў капцёрку, але пра мужа тут ня чулі, знача, затрымалі яго недзе на перасылцы, але калі трапіў на гэты шлях, знача, дагоніць мяне альбо перагоніць…

Камера, у якую нас прывялі, была невялікай, а ў ёй бітком набіта людзей. На нарах, пад нарамі, усюды на падлозе — пальцам ня ткнуць. На этап трэба добра апранацца, у найлепшае, а то блатныя ўсё выкрадаюць. На гэты раз і я адзела свой шэры ангельскі касьцюм, пальто й каптурык. Стаяла я ў куце ды думала: гдзе можа быць мой муж? Тут падышла да мяне маладая полька й паклікала да нараў, на якіх разьмясьцілася большае таварыства. Выдзялялася жанчына крыху ўжо сівая, з прыгожым арліным профілем, у лагерных лахах і жудасных «чунях» на нагах, але, нягледзячы на гэта, самая шляхотная з выгляду з усей гэтай пакутнай чалядкі. Яна запыталася ў мяне, хто я, якой нацыянальнасьці? Я адказала: «Ці ж ня ўсё роўна?» Мяне ўпарта дапытваліся далей, тады кажу: «Маю народнасьць вы, палякі, не прызнаеце, ня любіце — я беларуска!» — «А як вас зваць, хто вы?» — «Ну, гэта вам нічога ня скажа…» — «А можа?» — сказала пані Гражына Ліпінская, тая самая шляхотная жанчына, з твару якой сьвяцілася сіла й боль. Я назвала свае імя, і пані Гражына аж ускрыкнула: «Дык вы ж нашая паэтка!» I пачалася ўжо гутарка аб усім. Пані Гражыну вязьлі з Поўначы ў Караганду, нас на Поўнач. Яна мела дасканалую памяць і расказала мне, хто ўжо ў мінулым вяку ехаў сюдэмі, гнаны маскалямі пасьля паўстаньняў. Гэта ж быў Кіраў, старая страшная Вятка, праз якую пехатою гналі некалі няшчасных нашых продкаў такія ж, толькі цяпер яшчэ болей адзічэлыя, нялюдзкія маскалі… Я даведалася ад пані Гражыны, што з намі тут знаходзіцца й генерал Вайцяхоўскі, якога таксама вязуць у Караганду…

Вечарам пані Гражыну й палову яшчэ перапоўненай камеры выклікалі на этап. Мы абняліся. Перад тым у пальто зашыла пані Гражына мне свой адрас. Яна была разумным, практычным вязьнем. Яе адрас я перахавала да асвабаджэньня. Ён выпаў у мяне ўдома з парванага ўжо пальта. Я засталася на нарах са знаёмай пані Гражыны, маладой жанчынай, здаецца, з Беластоку, якая расказала мне, чаго не пасьпела сказаць пані Гражына, аб тым, што 300 полек пасадзілі за АК[101] i што ў час акупацыі пані Гражына была ў Менску галоўным прадстаўніком Лонданскага ўраду Польшчы…[102] Знача, і ў вайну ня толькі сваю тэрыторыю, але й нашую яны ўжо намерваліся забіраць пасьля немцаў… О, Край мой, столькі ворагаў разрываюць Цябе на часьці, забыўшыся аб тым, што й Ты маеш нарэшце права быць вольным! Пані Гражына, праўда, гаварыла мне верш аб тым, што Беларусь — гэта сястра Польшчы, але я з практыкі ўжо ведала «сваяцкія» адносіны Польшчы да нашага народу. Гэта было жудасна… Ну а цяпер і яны, і мы былі поўнасьцю ў «кіпцюрох ГПУ», як пісаў некалі Аляхновіч. Супольны вораг — гэта ўжо прычына, каб не сварыцца…

Цераз тыдзень нешта нас павезьлі далей. Усё пусьцей і пусьцей было на гарызонце, пагінулі гарадкі, вёскі, і толькі тырчэлі вострыя вярхі ялінаў, абсьцёбаныя вятрамі, пургой. Тырчэлі, штораз часьцей, у гэтай пустэчы вышкі. Вышкі й вышкі, і толькі вышкі падымаліся ўжо па абодвух баках дарогі, а лясы рабіліся ўсё ніжэйшыя, а вярхі ўжо зусім без гальля. Усё меней, меней бярозаў, адны худыя сасонкі і яліны. Так нас прывезьлі на Інту ў Комі АССР. Ксёндз ехаў разам. Мы маўчалі, бо тое няведамае, што чакала нас, спаралізавала нат словы…

Нарэшце брыдзем мы па сьнегу й лужах. Ужо май, недзе палова яго. Канвой з сабакамі гоне нас, як быдла. Валочым свае мяшкі. Стаімо перад брамаю, чытаюць нашыя прозьвішчы, мы мусім адказваць сваю стацьцю, срок і абавязкова канец сроку. Гэта ўжо такі азыяцкі зьдзек, каб кожны памятаў, як доўга будзе так валачыцца па тундры з кіркою й ломам, гнаны канваірамі і іх адпасьвенымі аўчаркамі. Мне канец сроку прыпадаў на 73-ці год. Але ўсе ў руках Найвышэйшага, і даўно, даўно тыя, якія нагарадзілі мяне гэтым падаркам, самыя гніюць ужо ў непасьвянцонай зямлі…

Адчынілі браму. Нас сустрэла начальства. Здалёк прыглядаліся нам брацьця па долі, бо кожны этап прыносіў новасьці. Мы сумна пераглянуліся з ксяндзом. Нашыя рэчы ўжо выкідалі на дарогу ў балота. Мая ружовая й галубая праская бялізна не закрыла на гэты раз маяго скарбу, які я перавезла праз усе этапы цудам, — чэскую Біблію. Яе схапіў начальнік лагеру яўрэй Шапіра й пачаў верашчаць, што сюды прывезьлі працаваць, не маліцца. Ён злосна гартаў маю дарагую кнігу й ненавісна трымаў яе ў руках. Але раптам убачыў на зямлі крыж ксяндза Лазара, яго кніжку маліцьвенную і яшчэ нейкія рэчы, належныя званьню ксяндза, яго служэньню. Тут малады, аблезлы й выжыты ўжо са ўсяго чалавечага Шапіра амаль пырскаў сьліною, бясіўся. Ксёндз спакойна сказаў яму, што, забраўшы маліцьвенныя рэчы нашыя, не забярэ Вялікага Вечнага Бога з нашага сэрца і Ён будзе з намі. Я бачыла пасьля закручаныя парашкі ў лісточкі мае чэскай Бібліі і іншых маліцьвенных кніг. Што ж, у бандытаў і злодзеяў ніколі нічога не было й ня будзе, нават паперы на аспірын…

Мяне завялі ў баню з другімі жанчынамі. Усе мы былі да касьцей схуднелыя, замест грудзей віселі ў жанчын убогія мяшочкі з жоўтай скуры. Праз усе этапы цягалі нас у тыя іх бані, гдзе мікраскапічным выданым кусочкам мыла, якое ня мылілася, велічынёю з гарбатную ложачку, мы ў прысутнасьці нейкіх заўсёды мужчынаў шаравалі халоднай часта вадой свае косьці й скуру, ні на што не зьвяртаючы ўвагі, Мы атупелі да іх навакольля ці проста не лічылі іх болей людзьмі. Нас разьвялі па бараках. А баракаў было там поўна, вузкіх і даўгіх, у чэраве якіх мясьціліся на двайных нарах адзін на адным сотні людзей. Ноччу варочаліся на другі бок усе разам, бо цесна было, не павярнуцца. Ніякіх простыняў! Давалі сеньнікі са стружкамі й малымі калодкамі й такія ж са стружак падушкі. Як мерцьвякам. Есьці нас вадзілі ў сталовую строем, гдзе ў жалезных місках давалі нам страву вельмі мала лепшую, а то й горшую, як у цюрме. Ложак не было. Нехта падышоў да мяне й запрапанаваў прадаць ложку за пайку хлеба. Я аддала сваю пайку, а сама села на дварэ й піла, піла паветра.

З беларусоў я нікога не сустрэла, да мяне падышоў адразу пасьля этапу чэх. Пасьля падыходзілі й другія чэхі, якія выпытваліся пра Прагу. Мая печань, даведзеная да апошняга менскім лекарам Пінем, зноў пачала дакучаць. Мяне паклалі ў лагерную больніцу. На дварэ была завіруха, холад за вокнамі, а я пакуль што ляжала, даставала гарэшак масла, часам кусянятка белага хлеба, як належыць хворым. Нейкі малады латыш усё мыў там падлогі, ён лічыў сябе шчасьлівым, бо ў шахтах куды горай. Даведаўшыся, хто я, ён адкрыта гаварыў аб тым, што яны нам некалі забяруць Віцебскую вобласьць, а я яму даказвала, што амаль 100 тысяч беларусаў-летгальцаў і іх тэрыторыю ўжо найвышэйшы час вярнуць нашаму народу. Як жа хочацца кожнай казяўцы адарваць хоць кусок ад бохана нашай зямлі, як несправядліва такое. Здавалася мне, што адна толькі стаю супраць зьдзекаў над намі й таму мушу быць і разумнай, і хітрай. Трэба мне многа бачыць, моўчкі перажыць усё, што выпадзе на долю, і кожны свой дзень, кожны свой крок ахвяраваць Беларусі… Сьмешна, адна хворая жанчына і ўся дзікасьць бесчалавечнасьці супраць мяне. Лячыў мяне зьняволены доктар-паляк. Прозьвішча яго ня памятаю, пачыналася з «А». Быў гэта, на маю думку, яўрэй малады й вельмі паважаны. Аднойчы ён затрымаўся ў нашай палаце, паклікаў мяне да вакна й паказаў на небасхіле цёмна-сінія контуры Урала… Моўчкі я на яго загледзелася, доктар казаў: «Трэба нам выжыць, ворага трэба перахітрыць, бо так толькі можам выратавацца й выратаваць ад няволі людзкасьць. Павязуць мяне згэтуль, і там будзе мужчынскі лагер 1-шы ОЛП[103], з якім належыць мне наладзіць лучнасьць, каб працаваць».

вернуться

101

АК (Armia Krajowa) — Армія Краёва, польская падпольная ваенная арганізацыя перыяду нямецка-фашысцкай акупацыі. Падпарадкоўвалася польскаму эмігранцкаму ўраду ў Лондане.

вернуться

102

Польскі эмігранцкі ўрад у Лондане (1939–1945).

вернуться

103

Асобы лагерны пункт.