Выбрать главу

З беларусак на нашым ОЛПе былі М.І.Зарэцкая, жонка Міхася Зарэцкага, праўда, яна тады называлася Касянкова, Каця Грынкевіч, Таіса (прозьвішча ня памятаю) ды яшчэ пару асоб. Мы крыху збліжыліся з Таісай.

Побач, за які кіламэтар, быў мужчынскі 1-шы ОЛП, там быў ДОК[106], на які часам вадзілі брыгады й ад нас. Павялі туды аднойчы й нас. Лета халоднае на поўначы, абманчывае, дык я надзела яшчэ пад спаднічку паласатыя мужавы нагавіцы ад піжамы й завязала праскую хустачку, бо яшчэ «формяных» тады не было. Круціцца пас з таго ДОКу, а мяне тая Ілга паставіла адкідаць з паса апілкі. Што ж, няцяжка, павявае ветрык, і я махаю лапатаю колькі трэба. Бачу, падыходзіць мужчына, невысокі, рыжаваты, знаемы твар… Так, гэты чалавек быў у нас у Празе… Чалавек зьбялеў, падбег да мяне й вырваў лапату. «Я не магу, я не магу бачыць у вашых руках лапаты, Ларыса Геніюш», — закрычаў з нейкім болем. «Нічога, — кажу, — я ўмею абыходзіцца й з ёю» — і папрасіла лапату назад… Гэта быў Сямён Раманчук. Да канца работы ён ад нас з Таісаю не адыходзіў, прывеў яшчэ Федзю Вялёнду й Пятра Рашэтніка, а калі сырэна прагула канец працоўнага дня, дык пайшоў за намі. Нас яшчэ не адводзілі, і мы сядзелі на бярвеньнях і гутарылі. Асьцярожна, але настойліва пытаўся Сямён, як я сюды трапіла. Ён смяртэльна спалохаўся, што дабравольна. Я ўсё коратка яму паясьніла, тады ў яго вырваўся цяжкі ўздох і словы: «Ах, каб я мог узяць сабе вашых дваццаць пяць лет, а аддаць вам свае пяць, што мне сядзець засталося». — «Кожны мае свой лёс, — кажу, — і мне мой срок, вам ваш». — «Божа, каб хоць вашую брыгаду закрапілі за ДОКам, — прастагнаў Сямён, — каб я вас мог бачыць…»

Назаўтра нас павялі туды зноў. Сямён быў бледны, яму дрыжалі рукі. Проста прызнаўся, што ноччу меў тэмпэратуру 38. За ўвесь час цяжкіх лагерных мукаў не захварэў, а тут падбіла яго лапата ў маіх руках… Зноў пасьля работы мы сядзелі на броўнах, ён расказваў, як уцякаў з вязьніцы ў Менску, як зноў злапалі яго. Казаў аб бясплодным, цяжкім прабываньні ў бытавых лагерох з блатнымі, гдзе не было магчымасьці ніякай палітпрацы, і што цяпер ён зробіць усё магчымае супраць ворагаў людзкасьці… «Жаль вас, — казаў мне, — але калі вы ўжо сюды трапілі, дык памагайце, пішэця нам, бо задыхаемся з голаду роднага слова…» Аб гэтым мяне ня трэба было ўпрошваць…[107]

Назаўтра Сямён паведаміў мне, што яны гатовяць пабег. Я спалохалася й пытаюся: «Пашто гэта?» — «Для славы Беларусі», — адказвае. «А колькі працэнтаў за тое, што пабег падарыцца?» — «Пяць», — адказвае Сямён. «Не, — кажу, — не! Нам нельга аддаваць жыцьця дзеля жэстаў, нам трэба жыць, і калі йсьці на нешта, дык каб яно было пэўным». Ён абяцаў мне паслухацца, але пад варункам, што і я ўключуся ў працу. Прасіў пісаць яму асабіста любоўныя лісты. Паясьніў мне, што тут караюць за ўсё, за любоў не караюць, што яны тут апаганілі гэтае слова, прынізілі. Калі горды француз робіць каралеву з прастытуткі, якую кахае, то расеец сяньняшні з каралевы гатоў зрабіць прастытутку… Мы дагаварыліся, што калі будзе трэба, дык Беларусь у сваіх лістах-запісках будзем называць «нашая гаспадарка», а сяброў нашых, якіх на ОЛПе было 200 асоб, будзем называць «сыны»… Мусяць, ад таго й пачалі называць мяне нашыя «маці»…

Час бег. На ДОК нас болей не павялі, і я Сямёна болей ня ўбачыла, але ляцелі да іх мае запісачкі, мае вершы, якія яны празвалі глюкозаю. Калі доўга няма новага верша, так і пішуць: маці, глюкозы! Людзі, якія гадамі ня бачылі жанчын і ня чулі роднага слова, ажылі нейк, акрэплі… А вершы ляцелі. Калі ж было якое сьвята ці й так, дык я старалася ім нешта паслаць заўсёды. Наказала гэта й дзяўчатам. То мы вышыем ім торбачкі на хлеб родным васільком, то на цукер, то хустачку. А ніцей не было. Іду й прашу ў загадчыцы Люцыі Антонаўны… Дастане, бывала, велькі скрутак розных ніцей, аж мне разбягуцца вочы, але неахвотна дасьць адну, дзьве нітачкі, а ведала ж, для чаго… Часам зробіць мне заўвагу, што хаджу па яе падлозе ў сваіх ботах цяжкіх і брудных, я аж заплачу й доўга ня йду да яе, тады яна мне гэта вымаўляе. Я не любіла яе. Да яе й да Зарэцкай не даходзілі нашыя патрыятычныя пачынаньні, яны былі больш-менш задаволеныя сваім лёсам, а аб іншых, ці аб Радзіме, яны ня думалі. Адна няблага зарабляла ад кліентак і начальства, другая ўсё вышывала дачцы макаткi[108] ды хварэла.

Інта — гэта т. зв. гарадзкі пасёлак у Комі АССР. Гэта цэнтр быўшых лагероў «Мінлага», яго ўпраўленьне. Калі я туды прыбыла, дык гэта былі драўляныя будынкі й вельмі ўбогія будкі, якія быўшыя нявольнікі, ня маючы права вяртацца дамоў, пастроілі сабе, каб жыць. Пасьля толькі пачалі тут будаваць будынкі з цэглы паводле праекту зьняволеных нямецкіх і балтыйскіх архітэктараў. Пабудавалі й нейкую вежу, зьзяючую лямпачкамі. Кажуць, зрабіў на яе праект у памяць сваяго зьняволеньня нейкі швэд. Пэўна, далі яму ў цяжкі час большую пайку ці дазволілі напісаць дамоў. Ня дорага для іх каштавала праца, жыцьцё і ўсе веды зьняволеных. Выкарыстаць іх яны ўмелі. Казаў мне адзін яўрэй, якога быццам люта ненавідзіць Сталін, што многія аб’екты мела пад сваёй «апекаю» МГБ. Знача, бралі яны такое прадпрыемства й плянавалі, якія кадры ім патрэбныя. Паводле гэтага пляну рабілі сваявольна арышты патрэбных ім людзей, ад вялікіх спэцыялістаў пачынаючы. Як стымул выкарыстоўвалі толькі сыцейшую пайку й крыху лепшыя варункі існаваньня, і работа йшла. МГБ заграбала прэміі, а людзі, пазбаўленыя волі і ўсякага асабістага жыцьця й шчасьця, стараліся для іх як маглі, каб толькі выжыць. Кажуць, пасьля сьмерці Сталіна гэта спынілася. Была ў Інце й агароджана дача, такі сабе асабняк Казлова, начальніка ўсіх лагероў на Інце, гдзе жыў ён з сям’ёю, як удзельны кацык[109]. Шматлікае начальства зусім спакойна глядзела на калоны няшчасных жанчын, якія гадамі закіркоўвалі ў інцінскую мерзлату сваю маладосьць, здароўе й само жыцьцё. Інцінскія дамы праходзілі міма нас з агідаю, а іхнія вывадкі хрысьцілі нас рознымі «контра» ці «фашыстамі». А мы кіркавалі, білі кувалдамі ў нейкую сівую мерзлую гліну. Здавалася нам, што ад тых цяжэрных кувалдаў, калі дзьвігаеш, варочаюцца кішкі ў жываце й абрываюцца ўсе селязёнкі. Як шэрыя страшныя камякі ў ватніх нагавіцах, старых валенках і бушлатах, мы, замарыўшыся, сядалі на сьнег, даставалі зьмерзлы кусок пайкі, калі хто яе здолеў ня зьесьці выходзячы, і грызьлі. Сьвятам якім мы бралі ў кішэнь крыху цукру і, пасыпаўшы ім камяк сьнегу, проста аблізваліся з насалоды. Дзяліліся на групкі, бо і ў нашай няшчаснай кампаніі было болей стукачоў, як добрых людзей. Вэрбоўка іх — гэта мэта жыцьця й гвозьдзь сыстэмы ўсіх КГБ. Кажуць, і, здаецца, не без падставы, што на мяне працавала палову лагеру. Я ім была сольлю ў вачох, нечым, чаго яны яшчэ не сустракалі. Бяз страху сама — я дзейнічала гэтак жа на людзей і горай таго — на мужчынскія лагеры. Выжыць, гэта для мяне было сьмешна, важна было зьняволеным вярнуць веру ў тое, што яны лепшыя людзі за гэтую набрыдзь, якая душыла нас, загнаўшы ў сьнягі. Я была вельмі тактоўнай, чэснай і добрай, і таму я была для іх страшнай. Мне верылі й мяне слухалі. Амаль кожны ліст з волі быў прычынай да плачу. То прыбавілі срок, калі хто прасіў яго зьменшыць, то адмаўляліся мужыкі ад жонак ці партыйныя бацькі ад дзяцей. Праўда, ніколі не адмаўляліся маці. Нават савецкія маці засталіся на вышыні й заслугоўваюць за гэта пашаны. Я ведала толькі адзін выпадак, калі маці начысто адраклася ад дачкі. Усе з горам прыходзілі да мяне, і ля маіх нараў утваралася проста чарга. Пасьля мяне заперлі на верхнія нары й прыказалі ня злазіць далоў.

Жыцьцё нашае было няпэўным, нейкім вечна нэрвовым, настарожаным. Мала, што шманалі нас, выводзячы за зону й зноў у яе пускаючы (што часам было падобна на гінекалагічны агляд на марозе), але пэрыядычна й звыш нормы шманалі нас у бараках. Трэсьлі нары, пераварочвалі пасьцелі, раскідалі рэчы. Часам нападалі ўвечары на перапоўнены барак, заганялі ўсіх у адзін кут і пачыналі дзейнічаць. Суправаджалася гэта неймаверным крыкам Кір’янава ці Прасьветава й віскам знамянітай надзірацелькі Дусі, што надавала гэтай апэрацыі характар дагістарычны. Забіралі што папала, а калі трапляліся запісачкі ці малітоўныя абразкі і т. п., дык БУР[110] ужо забясьпечаны. БУР — гэта вязьніца ў самым лагеры. Ізаляцыя, гдзе даваліся вада, 200 грамаў хлеба ў суткі, на трэці дзень місачка баланды й рэшту па столькі ж хлеба на суткі. Пасьля БУРу выходзілі «п’яныя», а то й выносілі іх, вывалакалі. Так ледзь вярнулі да жыцьця ўкраінскіх дзяўчат, якія на Каляды пайшлі калядаваць па лагеры й прасьпявалі: «Сьпі, Ісусе, сьпі на сіні, дай Бог шчасьце Украіне». Шчодры Казлоў узнагародзіў бедных дваццацьцю суткамі БУРу. Дзяўчаткі маглі каяцца, пляваць на рэлігію й свае абычаі, але гэта былі ўкраінкі. Яны цярпелі ўпарта, пакуль іх амаль нежывых ня вывалаклі з БУРу. Мы клялі стукачоў, ад якіх не было гдзе дзецца. Былі яны й сярод украінак, але лічаныя. Маеа ўкраінцаў была імпануюча стойкай, шляхотнай і вельмі дружнай. Яны мяне прызналі сваёй і толькі сваёй, і я ў лагеры пераважна гутарыла на іх мове. Мне і Олі Мароз (украінцы) забаранялася нават высушыць нашыя лахманчыкі ў сушылцы, але днявальныя ціхенька нам іх бралі й памагалі нам, як толькі маглі. Часта папераджалі, пачуўшы на нас нешта ў сушылцы, якая была клюбам для ўсякіх у лагеры прывілеяваных элемэнтаў.

вернуться

106

Дрэваапрацоўчы камбінат.

вернуться

107

Л. Геніюш зноў вяртаецца да гэтых успамінаў на іншай старонцы.

вернуться

108

Макатка (дыял.) — невялікі вышываны дыванок або карціна.

вернуться

109

Кацык (дыял.) — туземны князек.

вернуться

110

Унутрылагерная турма.