Выбрать главу

А пакуль што ляцелі нашыя гарачыя запіскі, асабліва вершы мае, мужныя й бадзёрыя, поўныя цярпеньня й змаганьня са злом. Мы жылі сябрамі, калі было Пятра ці так чые імяніны, мы стараліся паслаць ім хоць драбнічкі: торбачкі, вышытыя васількамі, на хлеб ці на цукер, хустачкі да носа ці паясочак да кніжкі. На гэта я парола сваю праскую гардэробу ці выпрошвала па нітачцы ад скупой і, як пасьля выясьнілася, здрадніцкай Люцыі Антонаўны Клагіш. Хлопцы былі задаволеныя нашай увагай, асабліва ж вершамі. Яны, на жаль, загінулі, забыліся амаль, і я толькі пятае праз дзесятае з іх помню. А былі, мусяць, як полымя, бо людзі жылі імі, і мне трэба было пасылаць новыя якія, што пэвен час, бо так і пісалі: «Прысылайце хутчэй глюкозу!» Ізноў ішла за драты душа мая, мая «глюкоза», якою жылі зьняволеныя мае браты. Што будзе заўтра — ня думалася, а жылося мамэнтам, супольнай верай на лепшае. Каб ня думалі, не змагаліся б — хіба памерлі б ад лагернай гнуснасьці. Змагацца — значыла жыць! 1-шы ОЛП той, лагер, гдзе быў Раманчук, быў супраць нашага жаночага лагеру, заўсёды драты й вышкі іх у нас на вачох.

I вось аднойчы пад восень перавялі нас ад іх далей за лясок. Была там зусім яшчэ дзікая тундра, і перад намі была вытарфоўка пад будынкі й дарогі Інты. У тундры амаль усюды трансава[112], і каб дабрацца да цьвердага грунту, нам трэба было здымаць напластаваньне моху. Пласт той быў часам у паўмэтра таўшчыні, а часам і ў паўтара. Зімой той мох зьмярзаўся з сівай глінаю, і мы яго лупілі кіркамі, сякерамі й клятымі цяжэрнымі кувалдамі й на насілках валаклі на сабе, угінаючыся, у вялізныя кучы. Толькі на вытарфованым грунце пракладаліся дарогі, рабіліся шахты, узносіліся будоўлі.

З нашым пераходам у другі лагер перарвалася ўся мая перапіска. Было сумна. Я цесна падружылася з украінцамі, асабліва з мілай Люцынкай Воўк. Разам мы елі й спалі, былі ў адной брыгадзе. Люцынка была чароўнай жанчынай, срок у яе быў надзіва малы — усяго пяць гадоў. Сядзела яна за тое, што муж яе быў у бандэраўскім падпольлі. Яна ледзь выйшла за яго замуж, і ён пайшоў на змаганьне. I вось Люцынка цяжарная! Тут за яе і ўзяліся — гдзе муж? Люцынку пасадзілі. Нейкі дураньчык з іх вёскі мужна аб’явіў МГБ, што гэта ён бацька дзіцяці, але яму не паверылі. Недзе ўдома ў старых цетак гадавалася яе дочанька Катруся. На сьледстве паказалі ёй здымкі забітага яе мужа, але яна ўсё жыла ім, любоўю да яго й нейкай упартай верай, што ён жыве. З інвалідаў дружыла з намі Каця Грынкевіч з Менску й крыху Марыя Зарэцкая. Былі яшчэ беларускі, але пераважна слабыя, нецікавыя тыпы, апрача адной Таісы, якой муж быў шаўцом, а яна сама, здаецца, настаўніцай. Таіса была разумнай і людзкай жанчынай. Раманчука яна ведала асабіста.

Аднойчы позьняй восеньню я нарэшце атрымала запіску. Мяне скаланула. Запіска на гэты раз была асабістая, толькі для мяне, не закраналіся там «гаспадарка» (Беларусь), ані нашыя «дзеці» (сябры). Проста пісаў Раманчук, што ўсе здрадзілі яго, прадалі, гарыць яму зямля пад нагамі й што веру ён зьбярог толькі ў мяне адну. Я заплакала з бездапаможнасьці нашае, з гора. Мне прыпомнілася, як падобныя словы казаў мне, паміраючы, дзядзька Захарка, ускладаючы на плечы мае жаночыя непамерныя абавязкі. Час ішоў, не было болей ніякіх спраў, ніякіх запісак. Хацелася верыць, што ўсе нейк уладзілася. Аж выклікалі мяне раз нейкія дамы-начальніцы. Прычынай размовы быццам былі мае драбніцы, залаты абручальны персьцень, залаты крыжык на такім жа ланцужку, які мне пераслаў з Англіі брат Алёша, калі выжыў з вайны адзіны з нашай сям’і. Крыжык быў цудоўнай работы. Быў і звычайны гадзіньнік на руку. Усё гэта мне забралі пры вобыску, і ўсё, безумоўна, прапала, так і не адцалі. Вось яны нечаму пыталіся ў мяне аб гэтых рэчах. Я ведала, што думаюць яны нешта іншае. Пачалі выпытваць у мяне, як да мяне адносяцца расейкі з лагеру й што я пра іх думаю. Я адказала, што, як бы яны да мяне ні адносіліся й што я ні думала б пра іх, я гэтага ім усяроўна не скажу. Пыталіся, што я раблю, я сказала, што вывучаю псыхалогію нацыяў у лагеры: хто чаго варты… Яны скрывілі нос. Тады папыталіся, ці ведаю пра вялікія будовы ў Саюзе? Я сказала, што іх «трудящиеся» праводзяць усё ж большасьць сваяго жыцьця ў кватэрах убогіх, перапоўненых дзірах, для іх вялікія будоўлі ня маюць значэньня, пакуль людзі жывуць, што жывёла… Як доўга я думаю сядзець у лагеры? «А гэта ад мяне залежыць, проста калі мне захочацца перарваць гэту ніць жыцьця…» — «А на што ў вас надзея?» — спыталі. «На „Северное сияние“», — кажу, проста каб нешта адказаць ім. «Ну й спадзявайцеся на сваё „Северное сияние“», — мнагазначна сказала адна з іх, упорна на мяне паглядзеўшы… Тут я й зьледзянела, нечаму нагадаўся мне Раманчук… Ад Люцыі Антонаўны я даведалася, што адна з жанчын, у кароткім чорным кажушку, падобная на яўрэйку, называлася, здаецца, Гарбунова ці Гарбатава, быццам з Менску. Аб маіх дарагіх драбніцах я ўжо й ня думала.

Час ляцеў, наступіла суровая зіма, мяне пакінулі ў зоне разам з другімі арганізоўваць самадзейнасьць у нашым лагеры. Я, не падумаўшы, засталася. У ініцыятыўную групу ўвайшлі: Тамара Вераксо — кіеўская балерына, Кузьняцова — жонка нейкага коміка з Малого тэатра ў Маскве, Ларыса Донаці — артыстка з Горкага, маладая й вельмі прыгожая, ну і я. Мы разам усё абмяркоўвалі, ставілі адумысловыя канцэрты, гдзе маею справаю быў канферанс і розныя тэксты песьняў. Яшчэ я памагала рысаваць дэкарацыі, адзяваць у пачкі з марлі балерынаў і т. п.

Аднойчы зімою перад такім канцэртам паклікалі мяне ўкраінкі ў другі барак. Проста Люцынка з дзяўчатамі наварылі недзе ў качагарцы пшоннай кашы й клікалі мяне есьці. Схаваўшыся, мы апляталі, як найвышэйшы прысмак, тую пасьнюткую кашу й цешыліся ўзаемна сваім таварыствам, як увайшла днявальная ад начальства, нейкая Зінка — сучка й стукач адумысловая, і паклікала мяне на вахту. Была яна злосная, як зьвер, і нешта буркнула наконт бунтаўшчыкоў у лагеры. У чым, думаю, тут загваздка? На вахце сядзелі нейкія начальнікі незнаёмыя й наш лагерны опер. Аб гэтым оперы я чула не благое. Адна мая знаёмая некалі была ў яго днявальнай і сказала, што бн мяне цэніць і людзей наагул шкадуе. Але той цяпер выйшаў, і на яго месца прыйшоў нехта другі. Мяне заўсёды выклікалі тры чалавекі, чаму? Ня ведаю. За столікам сядзеў ваенны, невысокі сіваваты чалавек. Пасьля апавяшчэньня, як звычайна, пэрсаналіяў, ён паглядзеў на мяне нейк пранікліва й сказаў: «Говорите!» Я маўчу, бо скуль магу ведаць, чаго нехрыст хоча? «Говорите или не говорите, смертного наказання вам не избежать!» Моцна падкрэсьлівае «не говорите» й глядзіць на мяне ва ўпор. Скуль я ведаю гэтага чалавека? Скуль? Што за несуразнасьць? Я яго ведаю са сну! Гэта ён мяне выцягваў з ямы ў сьне, калі я йшла пустою тундраю ад адное царквы да другой! Я ўвалілася ў яму, з якой мне было ня вылезьці, і ён гэта, ён, той самы сіваваты чалавек з чорнымі бліскучымі вачыма, мяне выцягнуў з ямы за руку. Што за кашмар! «Дык што вы маўчыце?» Кажу: «Я ня ведаю, у чым справа, пытайцеся». — «Дык хто Паўлаў, хто Рудкоўскі, кажэця, а то скажаце ў вязьніцы ў Інце, прымусім!» — «Згінь ты, прападзі, — думаю, — нелюдзь ты няшчасны». Кажу: «Ня ведаю я такіх людзей!» — «Говорите, смертного наказания вам не избежать», — зноў гаворыць. Ах так, дык ведай, каце: «Забралі вы мне маю Бацькаўшчыну, маяго сына й мужа, дык жыцьцё тут найменшая рэч, чаго ж чакаеце? Бяз волі Божае волас не ўпадзе з мае галавы, і я вас не баюся!» Крычу, быццам гэта ня я гавару, і страху — ніякага. «Дык Паўлаў з вамі не па адной справе?» — «Не, — кажу, — такога ня ведаю!» — «Дык ідзеця, рэшту скажаце ў Інце». I ўсё! Я выкацілася з той вахты. Пачынаўся канцэрт, і мне было трэба адзяваць тых балерынаў. Іду я на тую сцэну, калені ўгінаюцца, але маўчу. Бачу, стаіць опер у зале, глядзіць на мяне, ледзь не крычыць з болю. Эстонка Эльвіра нясе мне папяросу, хоць ведаюць усе, што не куру зроду. Няўжо ў мяне такі дурны выгляд? Мяне пачынае трэсьці, я ўцякаю недзе ў кут і раву, як жывёла. Мне сорамна, але сталася так. У лагеры ўжо ўсе ведаюць і якім чынам? Што ж, забяруць мяне, але ў мяне ёсьць вартасная рэч, гэта здымак, на якім муж, сын і я. Прыслаў мне яго ў адным сваім жудасным лісьце мужаў бацька. Яго трэба захаваць, мне ўжо ня выйсьці… Бедны дарагі Сямён, якая ж трагэдыя… Назаўтра панесьлі мілыя ўкраінкі здымак, каб перадаць яго беларусам у мужчынскія лагеры. Я чакала, калі мяне возьмуць на тыя мучэньні ў Інту. Мяне ўсё ня бралі. Я зсохла, маўчала.

вернуться

112

Трансава (дыял.) — багна, дрыгва.