Найгоршыя былі канваіры з навабранцаў. Ідуць Інтою такія недарасьлі, плачуць, на іх гледзячы, нашыя жанчыны, у якіх удома сыны, махаюць ім рукою шэрым, быле як апранутым з волі. Але вось іх апранаюць па-ваеннаму, муштруюць і так ужо «перавыхаваюць у камуністычным духу», што яны з абыякавых хлопцаў становяцца нелюдзямі, катамі, вяротнымі[114] гітлерамі на нас. Чаго толькі ні чаўпуць, які рэжым, а правакацыі? Выводзячы на работу, безумоўна, кожны доўга паўтарае нешта: «Шаг вправо, шаг влево — считаю побег и стреляю без предупреждения». Часта, калі хоча канвой на некім помсьціць, дык крычыць: «Выйди со строя!» Мы ведалі, што гэта нельга, бо крок ступіш і застрэліць і скажа: пабег, і толькі яму павераць. Часам трымалі да ночы нас у тундры, зьдзекаваліся, стралялі ўгору, убок, а мы стаялі, як сьцяна, і сьпявалі. Сьпявалі ўкраінкі свае песьні з паўстаньня, адчайныя, гнеўныя як: «Хлопцы б’юцца, не здаюцца, ідуць да бою й сьмяюцца. Хлопцы, підэмо, змагатыся будэмо за Украіну, за рідны наш Край!» Калі мы ўжо ўволю насьпяваліся, ды намерзьліся і мы, і яны, дык тады толькі ноччу вялі нас дамоў. Часам стралялі й забівалі. На Інце аднойчы, разгружаючы вугаль, дала нейкая жанчына ліста машыністу, каб кінуў (так рабілі мы часам). Грузін-канваір убачыў гэта й зьбялеў, схапіў аўтамат. Жанчына ўпала на калені і ўзняла рукі благальна[115] ўгору. Застрэліў. Жаль, удома ў яе было пяцёра дзяцей. Нелюдзь дастаў нагароду й два месяцы водпуску ў сваю Грузію, якая, як бачна, дала з сябе беднай Расеі ня толькі Сталіна… Што ж, «земля наша широка и обильна»… Але час ішоў, і нашыя дзяўчаты памаленьку перавыхоўвалі нават канваіраў. Убачаць правяраючага, папярэдзяць, выясьняць усю хлусьню, якое вучылі, каб нас нішчыць. Паглянуць хлопцы, пераканаюцца, гдзе няшчасныя людзі, а гдзе нелюдзі, і тады толькі пачынаюць нас разумець і шкадаваць і тое, што і яны пакутуюць тут, на канцы сьвету, і мерзнуць разам з намі, але канчаецца срок іх службы, і нас чакаюць новыя, дзікія й ярасныя зьдзекі. Я з імі гутарыла мала. Часам скажу што, калі пытаюцца, дык аж зубамі са злосьці заскрыгочуць і болей баяцца зьвяртацца, а калі па-добраму пачнуць прасіць пару радкоў, дык скажу ім:
Мне здавалася, што такія ўжо ў нас страляць ня здольныя. Даўгі час перашэптваліся канваіры ля вогнішчаў (для іх былі вогнішчы), паглядаючы ў мой бок пасьля таго страшнага суда над нашымі хлопцамі. Канваіравалі, відавочна, іх бедных і многае ведалі.
А час поўз. Дні былі страшна даўгія й цяжкія, але годы праляталі хутка. Кожны дзень цяжкія работы, прогаладзь і дакучлівыя маразы. Часам так зьмерзьнеш, што здаецца табе — ты ледзяная сасулька. Жаночы гладкі твар робіцца ад інсю хлюпаты, быццам шэрсьць нарасла на ім. Плачам тады, як перад скананьнем, саграваемся сьлязьмі. Калі трэба выйсьці, дык часта канвой загадвае рабіць гэта пры ім. Мёрзлыя рукі ня здолеюць расшпіліць ватніх нагавіцаў, а зашпіліць іх тым больш… Адна адной памагаем, ратуем сябе, і рукі нашыя робяцца як нежывыя калоды. Гэта калі халадно. Паўночным кароткім летам зноў вытарфоўка, карчоўка пнёў ці гоняць нас на рэчку Інту, гдзе баграмі выцягаем сплаўлены лес, альбо заганяюць нас у ваду, і так мы часамі па шыі ў ледзяной вадзе папіхаем наперад нагрувашчаны лес, кіламэтрамі йдучы па вадзе. Тады ў нас адна толькі думка, вось: гнаць бы так гэтай рэчкаю клятага «айца» тае савецкай Расеі й страляць гарохам яму ў патыліцу і так, пакуль здох бы. Няволя, і калі падумаеш, што так мучыцца сорак мільёнаў людзей (так мне казалі кампэтэнтныя: 40–45), то здаецца, сьвет ня той. Як жа могуць жыць спакойна тыя культурныя людзі ў высокацывілізаваных краінах, як жа могуць яны спаць і есьці, калі голас столькіх мільёнаў людзей моўкне ў бясконцых прасторах краю, які ня мае права на існаваньне, бо ніколі ня ведаў людзкасьці ў адносінах да людзей, толькі мучэньні й нагайкі, якія цяпер замяніў аўтамат, які стаўся сымбалем гэтай сыстэмы. 45 мільёнаў маладых найлепшых людзей, мозг і сумленьне гэтага краю, яго сіла. Калі ўзяць усю колькасьць насельніцтва СССР і адкінуць якіх 100 мільёнаў усякіх нацменаў, якія лагероў, як правіла, не засялялі, то знача, што гэта з Украіны, з Беларусі, з Прыбалтыкі й самой Расеі столькі найлепшых сілаў. А што засталося? У лагерох армія, вышкаленая прытым, і камандны састаў, але ўсё маўчыць, ніхто яе не падымае, яна чэзьне, раскладаецца, гібне й ратуецца тым, што, як некалі, падае на жывот перад Джынгісханам і безапеляцыйна прымае ўсе яго несуразнасьці. Няма сьвятасьцяў, быць адно — суцэльная хлусьня, і ў гэтым трэба трэніравацца, хто гэта можа. Шмат што тут нагадвае змрочныя часы й парадкі Джынгісхана. Тут прызнаюць толькі рамесьленьнікаў, лекараў, тых, хто можа працаваць на гэты «гэршэндэ фольк»[116], як казалі немцы. Іншыя могуць гінуць. Важны той, хто з 30-га года (былі 50-я гады), яго яшчэ хваляць, даюць большую пайку, пакуль глуміць кіркой мерзлату, а калі заняможа — на звалку. Страх з думкі: сьляпая паслухмянасьць сьляпой тыраніі, а не, дык голаў далоў.
Божа мой, Ты з дзяцінства ўліў у маю душу літасьць, праўду і пачуцьце справядлівасьці, даў сумленьне й розум, як жа я, чалавек, які ведае законы чалавечыя й Божыя, магу згадзіцца з джынгісханамі пасьля Масарыка, Абрагама Лінкальна, Талстога, Рабіндраната Тагора? Не, не, я чалавек, гдзе б мяне ні закінулі, і ў гэтым мне памажы, Божа! Я прыпадала душой да ўкраінскае стыхіі простых дзяўчат і жанчын, якіх адарвалі жыўцом ад зямлі і іх сем’яў. Яны былі шчырыя, стойкія, чыстыя, як вада карпацкіх крыніцаў, і гэтым непаканана сільныя. Яны не стараліся зразумець, разгадаць, гаварыць з ворагам, яны яго раз пазналі й раз назаўсёды адкінулі як нешта супрацьжыцьцёвае, агіднае й згубнае для жыцьця й людзкасьці. Сьмяяцца з такога не было ахвоты, згадзіцца з гэткім — ніколі. Іначай захоўваліся тыя болей інтэлігентныя ўкраінкі. I яны пераважна былі стойкія, але ізаляваліся ад свае масы, лічылі сябе лепшым элемэнтам тады, калі было гэта наадварот. Мяне любілі адныя й другія, ды ўрэшце мяне, здаецца, любілі ўсе, калі ўжо не на вонак, то ў сэрцы, і я гэта адчувала! Нават тыя, якія губілі мяне й на мяне даносілі, а іх было болей, як можна было падумаць. Даносіць на мяне цяжка, я й сама скажу тое, што думаю, кожнаму ў вочы, а слова сапраўды жывая рэч! Прыклад дзейнічае яшчэ болей. У лагеры кожны адкрываецца, само жыцьце паказвае нутро чалавека, тут чалавек — адкрытая кніжка, адзін другога ведае наскрозь. А людзі бсьць людзі, яны, як расьліны, цягнуцца да сонейка, да лепшага, да праўды. Вякі хрысьціянства стварылі душу людзям, і яна прагае сьвету й адкідае ўсю агіду сярэднявечча, з якім усе амаль сустрэліся ў час допытаў, ну й цяпер. Прад намі гады мукаў, ніякага спадзяваньня на збаўленьне, а людзі ўсе ж хочуць застацца людзьмі.
Беларусак у параўнаньні з украінкамі было ў нас на ОЛПе няшмат. Апрача Таісы, думаю, усіх іх запалохалі й купілі. Трымаліся яны са мною, але ніводнай з іх нельга было верыць. Я загадала ім пісаць сябрам і адказваць на іх запіскі, а хлопцам — апекавацца выбранымі. Многія з такіх «параў» пасьля пажаніліся. Гэта было з мэтай, каб не забываліся роднае мовы й адчувалі нейкія абавязкі адносна сваіх і цеплыню на поўначы. Экспэрымэнт вельмі асьведчыўся. Усе лісты мы сабе чыталі калектыўна й часта калектыўна на іх адказвалі. Гэта рабіла з нас адну сям’ю. Вельмі многа хто пісаў мне. Часам гэта былі запіскі, поўныя пачуцьця, і мы тады хахаталі. Адказвалі, каб падтрымоўваць, ня раніць, галоўнае, вытрымаць, усб перажыць. Сьмешна было тое, што цяжка было закахацца ў бясформеннае шэрае стварэньне ў старых ватніх нагавіцах, жудасных вайлаках абодвух на тую самую нагу, закручаных немагчымымі хустамі, засмэрканых, пасінелых, часта з завязанымі ад марозу насамі няшчасных ахвярах марксізму-ленінізму. Але ва ўяве нашых сяброў мы былі анёламі, мучаніцамі крыху. Мы бедавалі, што цяжэнька ім у шахтах, а яны — што мы на адкрытым лютым марозе па 10 гадзін. У шахтах хоць затульней. Правіла было — не выводзіць людзей, калі тэмпэратура ніжэй 40°, але нас выводзілі, і тады хоць сканай у адкрытай тундры.