Мае нэрвы напружаныя, мне не даюць спакою. Бывае, ноччу прыходзіць якіх шэсьць надзоркаў са знамянітым азьвярэлым Прасьветавым. Сьпімо, мяне ж сьцягваюць з нараў, Прасьветаў залазіць з нагамі на мой убогі сяньнік бяз простыні й пачынае трасьці й вытрасаць усю маю лахманную маёмасьць. Выкідае нават стружкі з падушкі, на якой сплю гады, бы мярцьвяк. Забіраюць мне звычайна кожны кусочак паперы, агрызачак алавіка. Вядуць мяне ў БУР. Там гаспадарыць адзіны людзкі чалавек, нейкі Кабылін. Ён не прымае мяне, без віны, без загаду опера. Мяне водзяць так амаль да раніцы. Вяртаюся, уся дрыжу, але дзяжурыць украінка ў бараку, з ёю сядзіць нейкая другая. У іх поўныя вочы жалю, боль выпісаны на чыстых абліччах: «Выдэржыць, пані Ларысочко, просімо выдэржыць…» Мне лепей, людзкія словы часам так неабходныя. Да раніцы ўсё ж калоціць мяне, раніцай на работу. Аб працэсе далей не гавораць, часам шэпчуць. Жэня Врублеўская расказвае, як яе выклікалі. Пыталіся, што я пісала, што пасылала на 1-шы ОЛП? Яна сказала, што хустачкі, торбачкі, любоўныя запіскі й болей нічога. Яе цягаюць, яна ўсё цьвердзіць тое самае, бо й што ж інакшага магла сказаць? Які ж быў разумны Сямён… За «любоў» ня судзяць… Яна рарсазвала, як аднойчы на ДОКу зайшла ў нейкую мужчынскую сушылку (яна была медсястра на аб’екце), там ляжаў той Паўлаў. Ён пачаў расказваць ёй аб патрэбе змаганьня, аб тым, што ніхто ня будзе нас ратаваць, трэба ратавацца самім і г.д. Жэня казала, што спалохалася гэтай гутаркі й адразу расказала аб ёй нейкаму сваяму знаёмаму на ДОКу, ня ведаючы, што 6н быў стукач. Стукач там і нейкі Міхаіл Барысавіч, лагерны прыдурак. Стукалі, відно, і розныя Шапавалы, бо хто ж аддаў чакістам усе мае вершы, аб якіх ведалі толькі беларусы. Усюды здрада за пайку, за работу ў зоне, за баланду.
Палякі не маглі згадзіцца з правам беларусоў на беларускія землі, яны нішчылі нас усюды, і ў лагерох. Як мячык, перакідалі нашыя землі між сабою палякі й расейцы. Усе яны раскошна жылі з нас. Для нас з іх ня жыў ніводзін, за выняткам, можа, Федароўскага. Народ давялі да неймавернае нішчаты, прынізілі да апошняе гібелі. «Грамаду» нішчылі адныя й другія, планава й па дагаворанасьці, усіх дзеячоў. Сьціналі й сьціналі[120], як голавы, нарастаючую інтэлігенцыю народу. Ахвяры клаліся моўчкі, ніхто не крычаў і не пратэставаў за нас, нават за жудасны 37-мы год, за ўсіх нашых пісьменьнікаў, за Бярозу Картузскую. Ішлі біцца за Польшчу, за свае путы… Наступаў Гітлер, быў жудасны, але ці ж меней жудасным быў для нас Сталін? Гітлеравых ахвяраў яшчэ ня ведалі, а сталінскія перавышалі ўсякія ўявы аб самавольнай, легальнай праступнасьці. Між кім выбіраць, калі абодвыя нелюдзі. Казалі, калі ў Беласток прыйшлі немцы пасьля саветаў, дык палякі выйшлі іх спатыкаць з кветкамі, адзін немец, які ўмеў па-польску, і кажа ім: «Не ойцец пошэдл, не матка пшышла…» Быў праў. Заставалася выжыць, ашчаджаць народ фізычна, ня даць бяздольных і няшчасных на загубу.
Божа, дай жа мне сілы, каб хоць слова змагчы сказаць ім сваё, чыстае, праўдзівае, адпаведнае нашаму гору… Як абысьці гітлерызм і ўсб ж гаварыць? Гаварыць так, як наказвае сэрца. Стрымоўваю боль, каб ня мсьціцца, на гэта ня час. Маяго бацьку зьнішчылі саветы, вывезьлі ўсю маю сям’ю. Пасьля даведваюся, што ўсе мае тры браты на фронце. Божа мой, якая ж іронія. Як жа дарам пальецца нашая кроў. Нас проста аберуч вынішчаць. Спачатку брат Расьціслаў памагае партызанам, бо шкадуе сваіх людзей. Яны яго слухаюць, і ён ім радзіць, каб хоць захаваць свае сёлы. А ці сёлы яго захавалі, ці ўспомнілі? Пасьля кінулі ў яго каменем, як і ў сваю родную мову, у свае правы, у цьвярозы розум. Выйгралі не героі, а хітрыя, тыя, якія ўмелі пляваць на сваё й лізаць пяты фюрэру, які выйграў. Нават аддалі карэнную сваю Беласточчыну, падзялілі наш адзіны скарб — Белавескую пушчу, разам з жывымі братамі разарвалі яе на палову. Гэта за партызаншчыну? Што вы думалі, партызаны? Ці вы наагул ня ўмелі думаць? Героі думаюць аб народзе й аб дзяржаве, халуі толькі аб собскай выгадзе. Я не сустрэла сваіх землякоў, якія б любілі клятага Гітлера, такіх не было. Такіх ніхто ня бачыў! Дурняў, якіх паліцаяў толькі, яны, гады, выкарыстоўвалі для сваіх брудных спраў. Можа, ідучы яны й ня ведалі, як жа іх выкарыстаюць, як іх унізяць бязмозглыя нацы. Якая трагэдыя! Сталін — Гітлер: і адно, і другое нечалавечнае, і ніякае трэцяй магчымасьці для народу…
Нічога не было для мяне немагчымага ў жыцьці. Я ўмела выйсьці з любой бяды, бо кожнаму змагла лагічна даказаць сваю праўду. Я не магла ратавацца толькі ад саветаў, бо тут была адна толькі магчымасьць: прадаць сумленьне, чорнае назваць белым, адрачыся ад Хрыста і ўпасьці на твар перад Сталіным. Не, не, не!!! Даруй, малы пакінуты юнак, даруй, мой сын… Хачу, каб некалі ты зразумеў мяне, каб дараваў свае мучэньні. Не было ў мяне выбару, сын, — Бацькаўшчына і яе інтарэсы важней за цябе, за мяне, за нашага тату…
I так толькі ўдумацца ў становішча сваяго народу: выбітыя ці расьцярушаныя па Нямеччыне з польска-нямецкай вайны, вынішчаныя страшліва немцамі ў краі, так жа на савецкім фронце, спаласованыя ў 37-м годзе, выгубленыя ў штрафных батальёнах, вывезеныя як кулакі двойчы, тысячы асуджаных пасьля вайны ў незлічоных лагерох, тыя, што адразу паўцякалі ў Польшчу, тыя, што выехалі туды па дагавору ўжо ў мірны час, і тыя ўсе, што засялілі цаліну, Казахстан, Данбас і інш. Адарваныя разам з беларускаю адвечнаю Вільняй, жыўцом узяты беларускі элемэнт, адданы латышом Дзьвінск і з ім да ста тысяч беларусаў, не гаворачы ўжо аб Смаленшчыне. Пусты край, у які сілком сунуць чужы элемэнт, безумоўна, не на фізычную працу. Зьняважаныя й безгалосыя без пратэсту прымаюць чужую мову, не свае парадкі. Зноў жывуць з нас, як яшчэ ніколі. Гінем. Яшчэ адно нашае гора — каталікі. Людзі, якія слова ня ўмеюць па-польску, якіх спрадвечнай моваю была беларуская, — сталі палякамі. Ксяндзы йшлі да нас ня толькі з Богам і з крыжам, ішлі, як калянізатары, дзяліць і няволіць народ, адбіраць яму сьведамасьць яго нацыянальную, яго мову.
Бедныя, цёмныя мае браты, кожны з іх на загад тых, якім прадаўся ахвотна, павёў бы мяне на эшафот. Я ня сплю начамі й думаю, што калі выжывем і далічымся якога мінімуму землякоў, дык знача, станецца цуд! Родзіцца нас вельмі мала. Крывавыя рукі савецкіх гінеколагаў патрашаць без перарыву бедных жанчын. Такая сыстэма, што дзяцей гадаваць нельга многа, дый няма гдзе, дый няма як. Маці на дзяржаўнай працы, і маленькім належыць замоўкнуць… Працуючы сястрой-гаспадыняй больніцы, з жахам я глядзела на трупікі ў сьметніку, у рэчцы Зальвянцы. Калі чысьцілі ўборную, дык іхнія галоўкі затыкалі шланг і трэба было яго дадаткова чысьціць… О мае ненароджаныя Купалы, можа, Багдановічы, а можа, і Кастусі… Засталіся зубры ў Белавежы, якіх, праўда, па-расейску гутарыць не навучаць, яны ня людзі.
Нейк зайшла да нас аднойчы настаўніца з Ваўкавыску, не хачу яе называць. Яе муж беларус, і мне жаль яго. Пераконвала мяне жыць, зьвяртацца да начальства, плюнуць на сваіх землякоў, з якімі можна рабіць рознае, яны як ня людзі, і г.д. Я ёй сказала, што я не пацьверджу на сваім прыкладзе яе тэорыі, няхай аб гэтым ведае. Чалавек яна, паводле яе слоў, які многа можа, зьвязаны так ці іначай з хэўрай усякага начальства, ад вобласьці пачынаючы, і ўсе яны ня нашыя, і ўсе яны адно. Дык пытаюся: «Ну, калі мы ўжо такія па-вашаму нікчэмныя, пасыўныя, дык скажэце, а нам дазволілі б мець, напрыклад у Ваўкавыску, свае школы?» — «Это я могу сказать — никогда!» Яна абяцала нас адведаць са сваім мужам. Давялося прасіць яе сваякоў, каб не паказваліся лепш мне на вочы. Ня маем права пагнаць к чорту нават усіх марадзёраў і ўласаўцаў, якія аселі тут як «пануючая нацыя», увайшлі ў ролю «культуртрэгэраў». Такіх з грашкамі як жа выкарыстоўваюць да брудных розных спраў, да дэнацыяналізацыі. Яны як піяўкі на целе народу, і ім усе прывілегіі ад зямлі пад бульбу, сена для кароў, кватэр і т. п. пачынаючы. Гэта ў малым мястэчку, а што ў гарадох? Ёсьць, праўда, Акадэмія навук у нас, але на ўсю Беларусь, як яна шырокая й даўгая, няма ніводных дзіцячых ясьляў на нашай мове… Ёсьць школы з ангельскай, з французскай мовамі выкладаньня, але на ўсю сталіцу Менск няма ніводнай школы з беларускай мовай выкладаньня… Няўжо нам прыйдзецца загінуць? Як жа жаль мне маяго Народу, куды ж ужо адступаць? О Божа, Якому маліцца не даюць нам нават на роднай мове. О Рым, якога ксяндзы ня йдуць да нас з салодкім і вечна мудрым словам Божым і любоўю, а з палітыкай, з дэнацыяналізацыяй тых, якія так намагаюцца, так хочуць выжыць як народ, як лепшыя людзі…