Выбрать главу

Раз у тое «овощехранилище» прывезьлі бульбу з Беларусі. Як жа мы на яе паглядалі! Канвой выдаўся нязгоршы й дазволіў нам у нейкім брудным вядры яе зварыць. Елі мы яе, як торт, як найбольшы дэлікатэс. Аднолькава смакавала яна прадстаўніцам усіх нацыяў. Па бульбінцы мы яшчэ схавалі, нейк перайшлі шчасьліва шмон і перанесьлі іх нашым хворым у зоне, як пераносілі часта й цыбулю, часнык ці нешта, што было можна зьесьці. Голадам і тэрорам трымалі нас, як абцугамі.

Ёсьць у гэтай дзяржаве такі народ: блатныя. Яны жылі ў асобных бытавых лагерох. Гэта жудасны элемэнт, які прайшоў усе грахі і ўсе забароненыя рэлігіяй і чалавечымі абычаямі гадасьці жыцьця, пачынаючы ад забойстваў. Можа, гэта быў і пратэст супраць савецкага ладу, але гэты лад выкарыстоўваў і іх супраць нас, т. зв. «контраў», ці іншага ідэйнага элемэнту. Адным словам, супраць нармальных людзей. Блатныя ў сваіх лагерох галадалі, і ім усё роўна гінуць, дык лепей ужо там, гдзе палітычныя са сваімі пасылкамі. Вось хапіла якой-небудзь блатной Фені аб’явіць на ўвесь голас, што яна не савецкі чалавек, а, напрыклад, унучка Трумэна (ён быў тады прэзыдэнтам), як яе хапалі, кідалі ў вязьніцу й давалі за такую здраду «любимой родине» роўна 25 год! Пасылалі іх, безумоўна, у нашыя лагеры. Гэтыя трумэнавы сваячкі былі найгоршым жахам для нас, ад іхняга слоўніка пачынаючы. Яны маглі абакрасьці, забіць і зарэзаць. Максімальны іх срок ад гэтага ні меншаў, ні большаў. У іх была свая гутарка, пераплеценая рознымі варыяцыямі самага рускага мата. Вось такіх ставілі над намі брыгадзірамі, карацелямі. Анна Пятроўна Скрыпнікава, з якою я сустрэлася ў Мардоўскай АССР у «Дуброўлазе», часам высказвалася шчыра аб лагерным начальстве ці парадках. Яе тады саджалі ў БУР, а з ёю блатных, якія накідаліся на старушку (была ў лагерох 22 гады) і разьбівалі ёй да крыві голаў. Пасьля ўкраінкі на адным з этапаў, у якім наслалі на іх блатных, такі далі ім адпор, так іх зьбілі, што гэтую практыку крыху прыпынілі. Але блатныя любілі адважных людзей і такіх, якіх прасьледавала начальства. Для іх, напрыклад, трапіць на дошку гонару ў лагеры быў найбольшы ўстыд, калі яны былі т. зв. «законьнікамі». Не любілі працаваць, казалі, калі нешта трэба было раськідаць: «Бурыць не строіць — сэрца не баліць». Вось, мусяць, з гэтых меркаваньняў яны добра даволі адносіліся да мяне. Памятую такую адну Кацьку, чорную, высокую, якая аднойчы з гонарам заявіла, што яна паважае мяне, бо я такая ж адважная, як і яна, нікога не баюся, і пачала мне расказваць, як яна задушыла ля ўборнай сваю падружку, а пасьля памагала забіць яшчэ некага — налічыла 6 чалавек… Я ўзялася за голаву. Да яе ніколі не дайшло б, што я мінала чарвяка на сьцежцы, бо і ён хацеў жыць, і што адвага мая з іншых жоралаў і зусім процілеглых мэтаў. Калі нас, неспакойны элемэнт, мелі адвозіць на «Новую Зямлю» (так казалі), дык Фрыма Барысаўна (прозьвішча забылася), якую судзілі як яўрэйку, што хацела «атруціць студні ў Ленінградзе» і г.д. — усё, безумоўна, выдумка, — вось яна й спалохалася, што там яе блатныя зарэжуць. Блатныя абурыліся, прыйшлі да мяне й кажуць: «Ня бойцеся нас, мы вас паважаем, і калі вас павязуць з намі на „Новую Зямлю“, мы вас ня скрыўдзім, а вось тую Фрыму Барысаўну б… мы тут прыкончым на месцы». Мусяць, Фрыма Барысаўна адкупілася нейк у начальства, яе нікуды ня выслалі, а нас выслалі ў Абезь з блатнымі, але гэта пазьней.

А тым часам у мяне йшла перапіска з мужчынскімі лагерамі. Пасьля я пачала зьвязваць сяброў між сабою, каб былі кантакты й поўная цэласьць у нас. Пісалі ўжо ваўсю й нашыя дзяўчаты. Сядзелі за гэта ў БУРах, але пісалі, так было лягчэй жыць. У нас стварылася цесная беларуская сям’я. Мы як толькі маглі падтрымоўвалі сябе ўзаемна. Часта, калі мы праходзілі каля 1-га, напрыклад, ОЛПа на працу, дык сябры пазнавалі мяне, яны выходзілі амаль да дроту й розна мне паказвалі жэстамі сваю еднасьць, стойкасьць і братэрства. Я, безумоўна, мала што бачыла праз сьлёзы, а дзяўчаты, нават і стукачы, да гэтых праяваў беларускай сямейнасьці адносіліся амаль жа набажна. Сям’я наша была сапраўды нечым набажна ўзьнёслым, вартым нашай Маці-Беларусі. Толькі гэта было да пары. Вораг спалохаўся, і пачалі вербаваць розных Шапавалаў, дэзарыентоўваць іншых, палохаць і раськідаць па другіх лагерох. Нічога, добрае ніколі ня гіне, яно жывое й сяньня. Не памылюся, калі скажу, што беларусы трымаліся найболей шляхотна й найцясьней.

Час поўз, прыйшла восень, нас вадзілі на розныя аб’екты, часам за 12 кіламэтраў. Тады я «пісала» ў памяці свае вершы Памяць ніяк нельга было прашманаць надзоркам, сэрцы нашыя й душы таксама. Адзінае шчасьце. Калі мне траплялася папера й алавік ды такая зацішная ад начальства й стукачоў хвіліна, я тады перапісвала свае вершы-думы й рассылала сябрам. Частка душы мае — глюкоза для іх. А як жа жудасна за мною сачылі! Запісачкі пісаліся дробненька. Сшываліся малюсенькія й хаваліся ў валасы, у вату бушлатаў, у боты, чаравікі і т. п. Адчайныя дзяўчаты клалі поўную рукавіцу запісак і, расшпіляючы шырака для шмону бушлат, так манэўравалі, каб рукавіца ня трапіла гадаўкам на вочы. Калі ж разувалі, дык умудраліся два разы зьняць з нагі той самы чаравік, каб у другім якраз перанесьці запіскі. На аб’ектах, калі недалёка працавалі мужчыны, дык мы, напрыклад, выносячы торф пры вытарфоўцы, ламалі свае насілкі ці тачкі. Работа стаяла, тады адзін з канваіраў валок да іх мужчынаў. Тыя ўмудраліся гіпсам замацаваць у кутку жменю запісак альбо прыбіць іх дошчачкай. Мы лёгка кіркой адбівалі дарагі груз і разьбіралі што каму. Рэшту адносілі ў зону другім. Дзень без запіскі быў сумны дзень. Калі б нашая нянавісьць не выбівалася ў змаганьні, яна ўзарвала б нас, як дынаміт. У нас дэвіз: «Кіп смайлінг» — з ангельскага. Мы ведалі, што, плачучы, загінем хутчэй. Мы вынаходзілі прычыны для сьмеху, для забыцьця таго, што нас акружала. Што магло нас няшчасных чакаць, каб ня сьмерць таго найстрашнейшага з усіх грузінаў ва ўсіх вяках. Воля пахла нам цеплыней хаты, хлебам, толькі не парфумамі. Мы іх ненавідзелі, уздрыгаліся, калі іх пранюхалі. Справа ў тым, што ўсе чакісты, сьледавацелі і ўся іх парода вельмі намагаліся пахнуць рознымі гвазьдзікамі, ружамі і т. п. Яны заглушалі гэтым смурод сваяго сумленьня ці такім чынам хацелі выдзяляцца сярод іншых, што сьмярдзелі потам, — гэтага я не магла разгадаць. I вось доўга для мяне асабіста парфумы нагіаміналі мне нелюдзяў, як і сабакі. Усе добрыя, мілыя сабакі напаміналі мне тых аўчарак, з якімі сустрэлі нас на менскім вакзале, якія акружалі ў будках нашыя зоны й дружна з канваірамі суправаджалі нас на аб’екты работы.

I так восень, разыходзяцца брыгады раніцай, даўгі іх шнур, пахмурныя, як дажджлівае неба, канваіры. Нас павялі недалёка. Мы ўжо ў час работы адчулі, што нешта здарылася, канваіры нашыя азьвярэлі. Калі нас прывялі ў зону, мы даведаліся, што ля Інты застрэлілі Галю Готэс. Гэта была полька. Да сроку дзесяць год ёй дабавілі яшчэ тры за нейкую лагерную справу раней, але яна ўжо й гэты срок дапрацоўвала… Які ж жаль… Была ў яе цудоўная дзяўчынка Ната. Жыцьцё і інстынкты куды сільнейшыя за нашыя ідэі, калі цярпеньні цягнуцца дзесяцігодзьдзі, і вось у лагеры быді дзеці, і нямала. Гэта былі дзеці жанчын, якіх цяжарнымі забралі з волі, і дзеці з мімалётных сустрэч з шаферамі пад час пагрузкі пяску на аб’ектах, пры разгрузцы вугалю і т. п. Такое дзецятка ад украінца было і ў Галі. Лагер наш грозна замоўк. Нянавісьць, прага помсты й жах з нашае бездапаможнасьці проста пырскалі слязьмі з кожных вачэй. Першымі прыйшлі да мяне полькі: «Што рабіць, пані Ларысо, што рабіць?» Галю кінулі на вахту, а так як яна была прахадная й цесная, дык цераз труп хадзілі. Харошай дзяўчынай была Зося Андрушкевіч, вось і пайшлі мы з ёю прасіць, каб далі нам Галіну. Надзоры думалі, а пасьля папыталіся ў мяне, ці магу заручыцца за спакой у зоне? Я сказала, што магу. Труп нам выдалі. Хутка мы назначылі, што каму рабіць. Былі нейкія кветкі, у зоне хутка паявіліся вянкі і т. п. Мы з Зосяю мылі цела. Маленькая ранка ніжэй жывата, і ўсё. Іх брыгада выбірала бульбу, тую вадзяную, рэдзенькую… Машына, куды яе зсыпалі, стаяла за агароджаю з вяроўкі, якімі мы самых сябе мусялі заўседы апярэзваць. Дзяўчаты туды сыпалі бульбу. Пайшла яе высыпаць і Галя, вось і застрэлілі — выйшла за агароджу…[122] Дзяўчаты прыходзілі, клалі пальцы на ранку, шайталі нешта, прысягалі. Масквічка Рэгіна Тарасава, якой маці была францужанкай, прынясла з пасылкі вялікі кусок батысту. Наташа нічога ня ведала, але ўсё пыталася пра маму, яе нейк суцяшалі, абманвалі. Вечарам мы палажылі ўсю ў белым Галіну на лагерны брудны возік, прыкрылі яе батыстам і вянкамі і ўсе праважалі да вахты. Дзіка крыкнула нам надзорка, калі мы апошні раз цалавалі нежывы тварык: «Мы завтра другую пристрелим…» Мы горда й моўчкі ўзялі гэта пад увагу з разьлікам некалі ім адпомсьціць. На вахце, паводле лагерных правілаў, малатком яшчэ ўдарылі труп па галаве (а можа, жывая?) альбо пракалолі штыком. Пасьля павязьлі яе на мужчынскі ОЛП для ўскрыцьця. У саветаў усё «панавучнаму». Зося Андрушкевіч хацела ўдачарыць Галіну Наташу, ёй не дазволілі…

вернуться

122

Пра смерць Галі Готэс з ліста М. С. Ласціўкі да сям’і Канашаў (з украінскай):

«…Што да „Споведзі“ Л. Геніюш, дзе яна апісвае пра Інту і пра забойства Галі Готэс — усе правільна… Адно толькі недакладна, дзе яе забілі… Я сама была пры гэтым злачынстве… Не магу спакойна пісаць… Проста рукі дрыжаць… Я да сёння яшчэ памятаю і кожны дзень малюся за яе душу… А было вось як. 17 верасня, у панядзелак, вось толькі год крыху забылася, здаецца, 53-ці. Нашу брыгаду павялі капаць бульбу на поле „ім. Казлова“, так мы яго называлі… Расставілі нас на барознах з рыдлеўкамі. Крайняй была Галя, а я адразу каля яе другая. Не пакапалі мы яшчэ і паўгадзіны, як раптам, ні з таго ні з сяго, пачуўся выстрал. I адразу Галя з крыкам: „Ой, сястру, сястру!“ — схапілася за жывот і ўпала. Усё гэта я бачыла. Я кінулася да яе, але сам забойца, малады ахоўнік, прыбег, схапіў мяне за каўнер і адкінуў з крыкам: „Уходи, а то и тебя убью!“ — і адагнаў да гурту, што сабраўся каля надзоркі. Моцна сталі мы ўсе крычаць і зваць на дапамогу лекара. Але нас яна і ахоўнікі акружылі і нікуды не пускалі. А Галя за той час поўзала па зямлі, а за ёю цякла кроў нават праз ватныя штаны. Так яна, пакутваючы, сапраўды адпаўзла за так званую зону… I калі з горада прыехалі опер і лекар, то яна ўжо была мертвай, і яе забралі і павезлі. Нас, так як мы моцна крычалі, што не будзем з забойцам працаваць, пагналі ў зону і адразу ў сталовую на абед. Але мы ад яго адмовіліся і ў знак жалобы нічога не елі, і нас распусцілi па бараках. На другі дзень на вахце, калі ўбачылі, што той забойца зноў будзе нас канваіраваць, то мы запратэставалі, што не пойдзем з ім на працу. Нас спачатку „уговаривали“, а потым дзве першыя пяцёркі забралі ў БУР, а нас прымусам вывелі, але, праўда, ужо без забойцы… Вось так Галя ні за што загінула. А надзоры апраўданне забойцы склалі версію, што яна выйшла за забароненую зону, але гэта чыстая хлусня!»