Выбрать главу
Адляціць кудысьці ўвысь змрок, І апусціцца на луг грак, Асцярожна зробіць рысь крок, І зарыецца ў нару рак.
Нетаропка прабяжыць дзік, І рухава прапаўзе вуж, Данясецца бугая зык, Пырсне чырванню з шыпшын-руж.
Плясне ў возеры хвастом лешч, Скіне ветрык з дзьмухаўца пух, Прыхаваецца ў галлі клешч, А павук чакацьме зноў мух.
З гушчару пратрубіць гон лось, Абаўе лазу плюшча жгут… Дысгармонія ў адным: госць, А каму патрэбен ты тут?
“Паляўнічы і рыбалоў” (снежань 2004); “Праца” (красавік 2005); “Вместе!” (кастрычнік 2005); “Гоман” (сакавік, 2006)

Зноўку іранічнасць. Спроба знайсці прычыны ў сабе. А можа, і няма ніякай спробы – гары ўсё гарам, як будзе!

СТАРЭЮ
Душу маю роскід не ўсцешыў Гармонікаў, скрыпак, кларнетаў. Гай чэзлы з бярозавых вершаў, Канава з крынічных санетаў.
Гул рэха ў бары, нібы ў бары, Трызненне ў падмену змагання, Раі летуценняў без мары, Чаканне нагоды кахання.
Сентэнцыі плыткага сэнсу, Бадзёрасць шчанячага віску. Ад зместу – ні мозгу, ні сэрцу, Аб’ём – без прарыву і ціску.
Праблемы не варты паперы, Узнёсласць – ні студзіць, ні грэе… Ці праўда – няма ні халеры? Ці мо непапраўна старэю?
“Гоман” (сакавік 2006)

Варыянт санета. Прынцыпова не падладжваюся пад нейкія формы (апроч песенных). Жартоўна-філасофскі верш.

“БАРДАЧОК”
Калі мяняць пракладку трэба ў кране, Ці ўставіць у прыёмнік, як злучок, Замест засцерагальніка “жучок”, Ці лямпачку перакруціць у ванне – Любое гаспадарчае пытанне: Убіць цвічок ці зачапіць кручок – Вядома, дзе шукаць выратаванне: Заглядваю ў кладоўцы ў “бардачок”.
Вось так і ўвесь жыццёвы вопыт, Што накапіўся за гады: Калі ўзнікае нейкі клопат, Ці недалёка да бяды, Аблом, нуда, нервовы дробат – Заўжды звяртаешся туды.
“Гоман” (сакавік 2006)

Недарэмна “дабро” і “зло” заўсёды былі філасофскімі катэгорыямі. Звычайна чалавек ацэньвае іх па прынцыпе “добра” і “дрэнна”. І не для абы-каго, а асабіста для сябе. Ды і тут канкрэтыкі няма. Як у пагулянцы: з вечара дрэнна, бо мала, а зранку – зашмат было.

ДАБРО І ЗЛО
Тысячагоддзямі і вякамі Будзе, як ёсць і было: Дабро з магутнымі кулакамі Лупцуе маленькае зло.
Круціцца зло, лямантуе адчайна, Просіць: “Дабро, даруй!” Ды заяўляе Дабро павучальна: “Лепш ты мяне не злуй!
Змірыся, не будзе ніколі іначай! Гніся, брыда, у дугу! Наш гаспадар мяне старшым прызначыў, Заўсёды я перамагу!
Як пажадаю – заб’ю адным махам, Калі гаспадар рашыць…” Так і жывуць пад агульным дахам – У чалавечай душы.
“Маладосць” (май 2008)

Асацыятыўны верш-сон. Часам з’яўляецца здольнасць паглядзець на жыццёвыя атрыбуты, як быццам сам не адсюль. З’яўляецца адчуванне абсурднасці, выпадковасці, часовасці, няўстойлівасці светабудовы. Прыходзіць пачуццё ўласнай адчужанасці ад усяго, што навокал. Куды пайсці, куды падацца?

НЕШТА НЕ ТОЕ
Нешта не тое ў абрыдлай бязглуздай дзяржаве. Нават сабакі тут злосныя, як кракадзілы. Дружныя песні спяваюць хіба толькі жабы. Дрэвы растуць, быццам іх паміраць пасадзілі.
Сэнсу ў паглядах сустрэчных не больш, чым у фарах. Цёплы крынічны струмень замяшаны на содзе. Плямнае сонца заўсёды хаваецца ў хмарах. Кветкі цвітуць раз на год і пры гэтым смуродзяць.
З гудам праносяцца мухі памерамі з шэршняў. Не пакідаюць слядоў ні памкненні, ні крокі. А пад карчамі хаваюцца ракі без клешняў, Бо пераможцаў знішчаюць пасля перамогі.