Выбрать главу

Неўпрыкмет дзядзька стаў лірычным героем. Усе опусы музычныя, усе мелодыі – запазычаныя. Думка, якая стаіць за вершам: трэба разумець тых, хто побач. І спагадліва да іх ставіцца, якімі б яны ні былі. (SC)

ДЗЯДЗЬКА-ФІЛОСАФ
Хтось заварожыцца пахамі бэзу, Хтось для “Эскады” наладзіць імпрэзу. Толькі заўжды ён адным патыхае– Дзядзька бухае.
Кружыць у бездані змрочнай планета. І разбярыся: дзе тое, дзе гэта? Дзень мітуслівы, ночка глухая – Дзядзька бухае.
Што мітусіцца? Для спраў нашых дробных Хопіць і шчырых страсцей, і падробных! Хтосьці смяецца, хтось уздыхае – Дзядзька бухае.
Як на пачатку, сёння таксама Гоняць з-за Евы з раю Адама. Хто развядзецца, хто пакахае – Дзядзька бухае.
Вера ў нашчадкаў, кайф ад знямогі: Выцерці соплі, каб выцерлі ногі? Нехта і ўнукаў даўно калыхае – Дзядзька бухае.
Што ні рабі – змыюць свежыя хвалі, Бо пагніло, што дзяды майстравалі. Хтосьці ў работу, як бык, улягае – Дзядзька бухае.
Хтосьці хавае блізкіх-далёкіх. Ломяцца ў скроні вечнасці крокі! І не жыве ён, не падыхае – Дзядзька бухае.
І да чаго тут спрэчкі і сваркі, Раз спадары мы без гаспадаркі? Ёсць міліённаправераны спосаб – Дзядзька бухае, дзядзька – філосаф.

Цыкл пра дзядзьку не з’яўляецца ні алкагольным, ні антыалкагольным і нават ні гумарыстычным, як можа падацца. Гэта спроба паглядзець на з’яву спакойна і ў аб’ёме.

…Здаецца, нарэшце разабраўся з дзядзькам. А каму яго шкадаваць? Сышоў чалавек, які нічога адметнага не здзейсніў, нікому асаблівага дабра не зрабіў, бацькоўскую сям’ю страціў, а сваю не завёў… Аднак на тое мы і грамада: шкадуй – не шкадуй, а рытуал выканай. (SC)

ДЗЯДЗЬКА ПАМЁР
Сёння спыніцца змрочная хмара, І прыціхне засмучаны бор, І патухне ў рэфлектары фара… Сёння сумна, бо дзядзька памёр.
Дзед стагодні прымесціцца зрання, Каб на прызбе смаліць “Беламор” І ківаць у адказ на пытанне: “Чулі, дзеду? То ж дзядзька памёр!”
Торгне маці малога гарэзу: “Забрытай свой бязглузды гумор! Наламай лепш духмянага бэзу… Трэба плакаць, бо дзядзька памёр!”
Не наладжвалі сёння пахмелля Ні шафёр, ні электраманцёр. Бо якое быць можа вяселле?! Дзень жалобны, бо дзядзька памёр.
Гральшчык дзёгцем шарніры прамажа І настроіць баян на мінор Пад матыў пахавальнага марша. Трэба музыка – дзядзька памёр!
Хутка час рыхтаваць на хаўтуры Самагон і вяндліну з камор… Але ўвогуле дзень сёння хмуры І турботны, бо дзядзька памёр.
“Гоман” (выпуск 2(5) 2007); “Газета для вас” (кастрычнік 2007); “ЛіМ” (жнівень 2008)

Не, жывы пакуль дзядзька. Аднак не пра яго размова – пра тое, што трэба быць цярпімей адзін да аднаго. Як пачнеш да людзей чапляцца, то і не спынішся, пакуль з усімі, апроч сябе, любімага, не разбярэшся. Верш доўгі, як само жыццё, хоць пералік тых, ад каго варта было б пазбавіцца, абмежаваны блізкім соцыумам. Парадак вершаў (майго адзінага цыкла) пра дзядзьку адпавядае тэрмінам напісання, а не храналогіі жыцця лірычнага (як бы гэта смешна ні гучала) героя. Прамежак паміж першым і апошнім – гадоў пяць. (SC)

ДЗЯДЗЬКАВА МРОЯ
Чунямі мяшу і снег, і гразь Па жыцці марудна-нуднацечным. Чуў па тэлебачанні не раз: Нікацін здароўю небяспечны.
Думка апануе спрэс і ўраз: Эх, сабраць бы ў кучу ўсіх куракаў! І калі не разам, то падрад Выкінуць іх выспяткам к сабакам!
Хай ляцяць далей адсюль, далей, І хай будзе лёгкай іх дарога! Мне, напэўна, стане весялей, Калі толькі – я, вакол – нікога…
Ведаю, што ўверх не палячу: Бо лятаць уверх нам немагчыма. Пра п’янтосаў неаднойчы чуў: Вылюдкі з крывавымі вачыма!