Выбрать главу
Дванаццаты, натхнёны працай той, Яго дзяжурна пахваліў;
Трынаццаты… Дваццаты… Тысячны… Ва ўсіх свой лад, манер, капыл.
Радок бы на граніце высечы! …Ды, што хацеў сказаць, – забыў.

Калі накідваешся час ад часу на сур’ёзныя вершы, толькі настрой можа перашкодзіць твору гумарыстычнаму. Аднак высілкі – не меншыя. Рабіць дыхтоўна трэба ўсё.

ПАЭТ І МУЗА
Хаця даўно было не лета, Свяціла сонца з хмурых хмар. Святочны дзень быў у паэта, Бо атрымаў ён ганарар.
Не ўсё ж быць іншым з пірагамі! Падчас бывае шчодрым лёс… Ён, разлічыўшыся з даўгамі, Яшчэ купюр меў добры стос.
А раз ёсць поспех, гэта значыць, Што годна трэба і адзначыць. Пітва і закусі набраў І ў свой катух пашыбаваў. …Ды не паспеў пацешыць пуза – званок у дзверы. Глянуў – Муза!
– Ах, каб цябе заелі вошы! Ну, як падзелім нашы грошы? Ды я ж як дзе калі якое, Цябе з хваробы і з запою заўжды выцягваю, мой мілы, Ажно адвальваюцца крылы… Як трэба – клічаш сярод ночы, А баляваць адзін ахвочы?!
– Праходзь, сядай, хіба ж я супраць… – Даволі мне прычоску пудрыць! Мне, як кабеціне міфічнай, Быць у застоллі неэтычна. А хочаш быць удзячны чымсьці: Палову дай – і разбяжымся!
На прэсінг той паэт два словы Ледзь вымавіў: “Няма паловы…”
– Жадаеш, каб далей маглося? – Аддай усё, што засталося!
І, атрымаўшы, што хацела, У арфу ўклала. Паляцела…
Стаяў паэт, як ноч, маркотны І суцяшаў сябе, гаротны, што беднасць – не пад паху швайка…
На тым і скончылася байка.
Мараль паэтам (без маралі): Каб грошы ў вас не забіралі (Лепш атрымаць ад музы ў косці), Вы іх дадому не даносьце.
“Вожык” (лістапад 2006 – без апошняга чатырохрадкоўя)

Як працяг папярэдняга верша, трохі зласнаватая ацэнка літпрацэсу. Чытачы, думаецца, прызвычаіліся да змрачнаватага настрою і разумеюць, што не ўсё так дрэнна. Падабаецца азначэнне ўласнай асобы як самага змрочнага гумарыста і самага праўдзівага фантаста.

ЛІТПРАЦЭС
Закацілася мэта, як сонца за лес, І ўзнімацца ізноў не жадае… А цікавая справа, браткі, літпрацэс: Каламуціць, кіпіць і буяе!
Мы працягваем творча гарэць і трымцець, Любім мову, народ і краіну… Ды не хочам ні бачыць і ні разумець, Што чытач неўпрыкмет нас пакінуў.
Хто званочкам звініць, хто бразджыць ланцужком – Дэманструецца рух і актыўнасць! І не надта клапоціць, што стала штуршком: Крэатурнасць або крэатыўнасць.
Падгрызаем за пяты адзін аднаго, Замест твару паказваем спіну. Успрыняць прынцыпова не хочам таго, Што чытач нас без жалю пакінуў.
Як адмазку за марнасць і за сумятню, Робім скідку на час наш віхурны. Б’ём паклоны таму забабоннаму дню, Калі выявяць пласт наш культурны.
І шпурляем “шэдэўры” шматкамі душы, Быццам крупы ў раллю, а не зерне… І, калі разабрацца, чытач ні пры чым – Выглядае ўсё надта мізэрна.
І нічога не зменіш, хіба што зрэдчас Мяўкнеш тым жа па форме пратэстам… Што стварылася, чвякнецца ў вечную гразь, Як сігнал перад стартам у бездань. Не хочацца завяршаць на сур’ёзнай ноце.

Рэдкі, амаль заказны твор – прысвячэнне-сцёб. Чаму “амаль”? Таму, што прымерваўся пару месяцаў, бо столькі прайшло ад канкрэтнай прапановы да абвесткі, на якую звярнуў увагу. Так званы “падонкавы” стыль – нармальнае развіццё мовы. Назіраю гэты працэс гадоў трыццаць. Не “падонкавасці” – нармальнага развіцця.

ПРАСПЕКТУ

Праспект Скарыны… А ці быў Скарына?

Аднарадкоўе
Тут стромна гуляць без даўгога рубля, Тут думкі аб вечным мяшаюцца з півам, Гучыць камертонам бадзёрае “бля”, І пекнасць плюсуецца позіркам хцівым.