Выбрать главу
Тут сталінскіх гзымсаў нятленны фасад Замаскіраваны расцяжкай рэкламаў. Тут лёгка прызнае расісцкі пагляд Сярод іафетаў і сімаў, і хамаў.
Тут выпадкам могуць лапатнік падбрыць. Тут тлумна зашмат мужыку-беларусу. Тут кожныя пару хвілінаў фібрыць Метроўскі цягнік, як вяшчун землятрусу.
Падасца знянацку, што тут у людзей Няма ні хвароб, ні вучобы, ні працы. І той, хто саплёй безмаршрутнай брыдзе, падобны з блыхой на пароднай сабацы.
Увечар – тусня ў стылі панк і хіп-хоп, На зайздрасць правінцыі – клёны ў гірляндах, І брук еўрапейскі… І можна было б Базлаць пра праспект да аскомы на гландах.
Але аб галоўным: калі падфарціць, То хочацца ўшчэнт, як і ўчора, напіцца. …А ўвогуле, мэны: ну як не любіць Галоўную вуліцу нашай сталіцы?!

Гэта, відаць, не верш, а дапаможнік тым творцам, якія знаходзяцца на ўзроўні вырашэння лёсу іншых творцаў. І напамін-перасцярога малавопытным літаратарам (не па якасці творчасці, а па веданні літаратурнага працэсу). Хоць, вядома, прымірыцца, што ты не самы выбітны, цяжкавата, а пэўнай катэгорыі – і немагчыма.

РЭДАКТАРСКАЕ СЛОВА ДА АЎТАРА
Творцы бываюць розныя:
Зычныя і галосныя, Няўклюдныя і вёрткія, Блізарукія і дальназоркія, Смяшлівыя і суровыя, Прыезжыя і мясцовыя, Сціплыя і важныя, Баязлівыя і адважныя, Зацыкленыя і ўніверсальныя, Эпатажныя і трывіяльныя, Цвярозыя і п’яныя, Кінутыя і каханыя, Дасціпныя і нудныя, Бяссонныя і беспрабудныя, Спакойныя і ўзрушаныя, Скаваныя і нязмушаныя, Гарадскія і вясковыя, Разумныя і бесталковыя, Пяшчотныя і грубыя, Кусачыя і бяззубыя, Слухмяныя і скандальныя, Фарматныя і ўнікальныя, Хворыя і здаровыя, Забытыя і новыя, Працавітыя і ленаватыя, Дэпрэсіўныя і зухаватыя, Прабіўныя і безабаронныя, Самаўпэўненыя і забабонныя, Дамавітыя і бяздомныя, Удзячныя і злапомныя, Моцныя і хілыя, Паскудныя і мілыя, Шчырыя і зайздросныя, Абсалютныя і адносныя, Сталыя і маладыя, Пухлыя і худыя, Шчодрыя і сквапныя, Бязмэтныя і трапныя, Маўклівыя і тлумныя, Узнёслыя і сумныя, Наіўныя і пратэкцыйныя, Лагодныя і правакацыйныя, Сцэнічныя і завугольныя, Лаяльныя і падпольныя, Далёкія і блізкія, Класічныя і мадэрнісцкія, Сур’ёзныя і пацешныя, Цнатлівыя і грэшныя, Грашовыя і бедныя, Абстрактныя і канкрэтныя, Нізкія і рослыя, Лысыя і зарослыя, Стрыманыя і адчайныя, Піжоністыя і неахайныя, Смелыя і асцярожныя, Веруючыя і бязбожныя, Гарластыя і хрыплыя, Надзейныя і гіблыя, Штацкія і армейскія, Самотныя і кампанейскія, Заслужаныя і перспектыўныя, Малахольныя і актыўныя, Рэальныя і фантастычныя, Бясполыя і эратычныя, Ваяўнічыя і мірныя, Шматкропныя і пункцірныя, Бяздымныя і папяросныя, Прамыя і ўскосныя, Ружовыя і бледныя...
І творы ва ўсіх адпаведныя.
Я бясконца працягваць бы мог, Ды, пакуль пералічваў, узмок. Бо для ўсіх адпаведных прыметнікаў Мала слоўнікаў будзе і сметнікаў.
І таму, найшаноўнейшы госць, Выбірайце з таго, што ўжо ёсць. А цяпер пацікавіцца вымушаны: Чым здзівіць мяне сёння вырашылі?