Выбрать главу
На недалёт рукой махаем, На перабор глядзім без крыўды. Калі кахаецца – кахаем, Калі не любім – без агіды.
Жывём без зайздрасці і злосці, З прыгод выкручваемся неяк. Бывае, страчваем кагосьці, Ды не збяжыць сляза з-пад веек.
Ацэньваем падзеі, шансы Рэальна, а не віртуальна. Не спадзяёмся на авансы. …Нармальна ўсё, усё нармальна.
“Івацэвіцкі веснік” (чэрвень 2005); “ЛіМ” (люты 2006)

Часам хочацца абтрэсціся ад жыццёвых клопатаў, як сабаку, які вылез з вады. У паэта ёсць цудоўная магчымасць зрабіць гэта з дапамогай верша.

ГОДЗЕ!
Даволі фраз, даволі поз, Даволі шчок надзьмутых. Пакінь, іржа і плесня, мозг, Зваліся з сэрца, смутак!
Выходзь хутчэй, атрута, з жыл, Схавайся ў склеп, трывога, Страсі з сябе, няўклюднасць, пыл, Настрой, вылазь з бярлога!
У багне, безнадзейнасць, згінь, Злятай, бязволле, з мышцаў! Упэўненасць, у пекла зрынь Сумнеў і знішчы прыкрасць!
Абезгалоў тугу і млосць Сякерай на калодзе… І радуйся таму, што ёсць. Пасумаваў – і годзе!
“Праца” (сакавік 2006); “Гоман” (сакавік 2006)

Не пішу прысвячэнняў. Аднак часцяком пэўная асоба за тэкстам мружыцца. Можа, адлюстраванне?

БЕСПРЫТУЛЬНАЕ
Трапіць кубак гарачы Ў ледзяныя далоні. Блісне ўдача – не ўбачыш, Прабяжыць – не дагоніш. Праляціць – не ўтрымаеш, Прасвісціць – не пачуеш. Хоць куточка не маеш, Прыйдзе ноч – заначуеш.
Сонца неба заспеліць: Прыйдзе дзень – будзе ежа. І патрон не застрэліць, І лязо не зарэжа. Ты не злуйся, паэце, На пустую кішэню: З ёй, па вернай прыкмеце, Лепш жывецца натхненню.
“Івацэвіцкі веснік” (ліпень 2006); “Маладосць” (май 2008)

Лічыцца, што камплексаванне – аснова творчасці. Магчыма, калі не ведаеш, куды сябе падзець і што рабіць, адзін з закуткоў, куды можна схавацца, бы ў ракавіну, – унутраны свет… Схаваўшыся, раптам убачыш, што ты тут не адзін.

ТВОРЦУ
Увесь адліжны, як хлюпота, І адчувальны, як парэз, Ты зноў патрапіў у балота, Чарговы раз у багну ўлез.
Са шкадаваннем непадробным Не маеш моцы больш цярпець: Што зроблена – здаецца дробным, А больш нічога не паспець.
На той бязрадасны малюнак Урэшце ставіш тлусты крыж. І зноў шукаеш паратунак, Аднак і я амаль такі ж!
І ўкінуўшы ў сябе кілішак, Ідэю верша падаеш: “Навошта піць, калі не пішаш? І як пісаць, калі не п’еш?”
“Гоман” (выпуск 2(5), 2007); “Маладосць” (май 2008)

Бываюць сны пра тое, што складаеш верш. Уяўляецца гэта звычайна яскрава, радкі здаюцца ўдалымі, аж на слязу прабівае. Амаль заўсёды гэта не так. Тыя ашмёткі, што ўдаецца захаваць замаруджанай свядомасці, звычайна нягеглыя. Але ёсць самае галоўнае – эмацыйны камертон, які часам застаецца пасля абуджэння і можа захоўвацца даволі доўга. Сфальшывіць, не трапіць ў гэты настрой немагчыма – вельмі моцны дысананс.

БУДЫНАК-ВЕРШ
Сон быў узнёслы, я да рання Ў ім запаветны верш ствараў: Вуглы і сцены строф звяраў, Узводзіў тропаў рыштаванне… Ён быў амаль ужо гатовы, Як раптам абуджэння шквал Натхнення дах рыўком сарваў І разбурыў радкі на словы.
А я разгублена глядзеў На пераблытаныя рыфмы І стрымліваў настрой свой прыкры, Бо жыў яшчэ ў душы спадзеў, Што верш не зруйнаваны спрэс, Што ўзняць усё магчыма зноўку Па рытме, кодзе-загалоўку, Па камертоне антытэз…
Ды рэчаіснасці адвал У кучу згроб бесцырымонна, Пасля, раструшчыўшы крамольна, З апалым лісцем зраўнаваў Будынак-верш. Заўжды рахманы, Я дзень-нахабу матам крыў! Але ж ён быў, усё ж ён быў – Будынак недабудаваны…